СЕГРЭ́ ((Segré) Эміліо Джына) (1.2.1905, г. Тывалі, Італія — 22.4.1989),
амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл.Нац.АН ЗША (1952), Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1958), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1973). Скончыў Рымскі ун-т (1928), дзе працаваў з 1929. З 1936 ва ун-це ў г. Палерма. З 1938 у ЗША. У 1938—72 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Берклі (з 1946 праф.). У 1943—46 удзельнічаў у стварэнні атамнай бомбы ў ЗША. Навук. працы па атамнай спектраскапіі, ядз. фізіцы, радыяхіміі, штучнай радыеактыўнасці, фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна рэалізаваў запавольванне нейтронаў і адкрыў павольныя нейтроны (1934; разам з Э.Фермі і інш.). Адкрыў (разам з інш.) першы штучны элемент тэхнецый (1937), астат (1940) і ізатоп плутонію 239Pu (1941), а таксама антыпратон (1955). Нобелеўская прэмія (разам з О.Чэмберленам).
Тв.:
A mind always in motion: The autobiography of Emilio Segre. Berkeley, 1993;
Рус.пер. — Антипротоны. М., 1957;
Экспериментальная ядерная физика. Т. 3. М., 1961 (у сааўт.);