Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛАУЁУ (Уладзімір Сяргеевіч) (16.1.1853, Масква — 31.7.1900),

рускі рэліг. філосаф, паэт, публіцыст і крытык. Сын С.​М.​Салаўёва. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Выкладаў у Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах, на Вышэйшых жаночых курсах. У 1880-я г. выступаў пераважна як публіцыст (прапаведаваў уз’яднанне Усходу і Захаду праз аб’яднанне хрысц. цэркваў, змагаўся за свабоду сумлення і супраць нац.-рэліг. прыгнёту). У 1890 г. займаўся філас. і літ. дзейнасцю, перакладаў Платона, узначальваў філас. аддзел у «Вялікім энцыклапедычным слоўніку» Бракгаўза і Эфрона (з 1891). Як мысліцель і утапіст С. знаходзіўся на перакрыжаванні розных філас. і рэліг. плыняў, а гал. сваёй задачай лічыў сумяшчэнне навук.-пазітыўнага і рацыяналістычнага «духу часу» з рэліг. светапоглядам. Яго філас. сістэма грунтуецца на ідэі ўсеадзінства, вучэнні пра Сафію (спрадвечную Божую мудрасць, у якой аб’яднаны ўсе сусв. ідэі), пропаведзі збаўлення свету ад разбуральнага ўздзеяння прасторы і часу і канцэпцыі «богачалавечага працэсу» як усеагульнага выратавання чалавецтва. Выступаў за «мірнае збліжэнне народаў», верыў у еднасць каталіцкай і правасл. цэркваў, лічыў, што кожны народ па-свойму служыць хрысц. рэлігіі. Крытыкаваў лідэраў славянафільства, але лічыў, што слав. народы «першымі закладуць фундамент свабоднай тэакратыі», падкрэсліваў, што культура велікарусаў, маларусаў і беларусаў спалучае рысы зах. і ўсх. культур. Паэзія С. тэматычна падпарадкавана яго філас. поглядам, спалучае традыц. паэтыку і рысы сімвалізму. Лірыка С., асабліва вершы «сафійнага» цыкла, паўплывалі на развіццё паэзіі рас. сімвалізму. Лічыў лірыку «адкрыццём чалавечай душы ў сугуччы з душой прыроды», а мастацтва ўвогуле — «тэургіяй», накіраванай на пераўтварэнне рэчаіснасці ў космас абсалютнай прыгажосці.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1989;

Стихотворения. Эстетика. Литературная критика. М., 1990;

Смысл любви: Избр. произв. М., 1991;

О христианском единстве. М., 1994;

Чтения о богочеловечестве;

Статьи;

Стихотворения и поэма;

Из «Трех разговоров»: Краткая повесть об Антихристе. СПб., 1994.

Літ.:

Лосев А.Ф. Владимир Соловьев. 2 изд. М., 1994;

Соловьев С.М. Владимир Соловьев: Жнзнь и творческая эволюция. М., 1997;

Владимир Соловьев: pro et contra: Личность и творчество Владимира Соловьева в оценке мыслителей и исслед.: Антология. СПб., 2000;

Фараджев К.В. Владимир Соловьев: Мифология образа. М., 2000.

В.​М.​Чарапіца.

У.С.Салаўёў.

т. 14, с. 104

САЛАУ́ХІН (Рэм Іванавіч) (19.11.1930, г. Гусь-Хрустальны Уладзімірскай вобл., Расія — 6.1.1988),

расійскі і беларускі вучоны ў галіне эксперым. фізікі, механікі і газадынамікі. Чл.-кар. АН СССР (1968). Акад. АН Беларусі (1977), д-р фіз.-матэм. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1959 у Сібірскім аддз. АН СССР (у 1971—76 дырэктар Ін-та тэарэт. і прыкладной механікі). У 1976—87 дырэктар Ін-та цепла- і масаабмену АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы гарэння і выбуху, лазераў і нізкатэмпературнай плазмы, высокатэмпературнай газадынаміцы. Выявіў заканамернасці фізікі ўдарных хваль і кінетыкі рэлаксацыйных працэсаў, ускладненых іанізацыйнымі з’явамі, хім. рэакцыямі і фазавымі пераўтварэннямі. Распрацаваў асновы інтэнсіфікацыі і аптымізацыі цеплаэнергаабменных працэсаў у праточных лазерных сістэмах. Даследаваў лазерныя сістэмы з селектыўным цеплавым узбуджэннем. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Ударные волны и детонация в газах. М., 1963;

Макроскопические и молекулярные процессы в газовых лазерах. М., 1981 (разам з У.​М.​Карнюшыным);

Газодинамические лазеры на смешении. Мн., 1984 (разам з М.​А.​Фаміным).

Літ.:

Неравновесная газодинамика: диагностика и моделирование: 60-летию Р.​И.​Солоухина посвящается: Сб. науч. тр. Мн., 1991.

Р.І.Салаухін.

т. 14, с. 102

САЛАУ́ХІН (Уладзімір Аляксеевіч) (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),

рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.​Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.​Макаль, Я.​Сіпакоў, В.​Шымук, апавяданні — Я.​Брыль, В.​Вітка, Гігевіч, Г.​Далідовіч, У.​Дамашэвіч, А.​Жук, А.​Кудравец, Я.​Лецка, М.​Стральцоў, І.​Чыгрынаў і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983—84;

Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;

Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;

Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;

Бел. пер. — Пад адным дахам. Мн., 1984.

А.​В.​Спрынчан.

У.А.Салаухін.

т. 14, с. 102

СА́ЛАЎ (Ілья Аляксандравіч) (18.4.1834, г. Пенза, Расія — 6.1.1903),

рускі пісьменнік. Скончыў Пензенскую гімназію. З пач. 1850-х г. служыў чыноўнікам у Маскве, пазней жыў у Саратаўскай губ. Літ. дзейнасць пачаў з п’ес і перакладаў франц. меладрам. У апавяданнях, рамане «Бутузка» (1864) асуджэнне прыгонніцтва. Апавяданні 1870—80-х г. пераважна пра паслярэформенную вёску. У аповесці «Грачоўскі кракадзіл» (1879) гісторыя прапагандысткі-рэвалюцыянеркі. Аўтар рамана «Утульны куток» (1894), аповесці «Практыка жыцця» (1895), п’ес «Залатая рыбка», «Стэпавы асілак» (абедзве 1886), «Дармаедка» (1888) і інш. Творчасці С. ўласцівы праўдзівыя побытавыя і партрэтныя замалёўкі.

Тв.:

Грачевский крокодил: Повести и рассказы. М., 1984.

т. 14, с. 102

САЛАЎЁВА (Ганна Сяргееўна) (11.4.1922, г. Смела Чаркаскага р-на Кіеўскай вобл. — 11.11.2001),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1970), праф. (1973). Скончыла Харкаўскі мед. ін-т (1947). З 1971 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па асобных формах туберкулёзу, пытаннях бронхалагічнага даследавання, аэразольтэрапіі, метадах патагенет. лячэння.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁВА (Тамара Уладзіміраўна) (н. 5.8.1935, г. Гдоў Пскоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне перапрацоўкі драўніны. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (1999). Скончыла Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1958). З 1963 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па праблемах распрацоўкі малаадходных тэхналогій вытв-сці драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт, новых кампазіцыйных матэрыялаў са спецыфічнымі ўласцівасцямі.

Тв.:

Применение катионных полиэлектролитов в производстве древесноволокнистых плит. М., 1986;

Технология древесной массы. Мн., 1999.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 13.9.1926, в. Солані Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія),

бел. мастак тэатра, жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысловае вучылішча імя В.​Мухінай (1957), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1965—97 мастак-пастаноўшчык, у 1977—95 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.​Коласа. Аформіў спектаклі «Ветрык, вей!» Я.​Райніса (1965), «Клоп» У.​Маякоўскага (1968), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1969), «Зацюканы апостал» (1971) і «Таблетку пад язык» (1973) А.​Макаёнка, «Трывога» А.​Петрашкевіча, «Званы Віцебска» У.​Караткевіча (абодва 1974), «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (абодва 1976), «Разгром» паводле А.​Фадзеева (1977), «Кастусь Каліноўскі» Караткевіча, «Летась у Чулімску» А.​Вампілава (абодва 1978), «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Парог» (1982) і «Радавыя» А.​Дударава, «Зінуля» А.​Гельмана, «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча (усе 1994), «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра (1986) і інш. Афармленне вызначалася тонкім адчуваннем эмацыянальнай і духоўнай сутнасці твора і задумы рэжысёра. Аўтар жывапісных цыклаў «Фарбы зямлі» (1974—85), «Русь» (1975—85), «Тэатр» (1977—80), «Космас» (1978—82), графічных твораў і інш.

А.Салаўёў. Эскіз дэкарацыі да спектакля А.​Вампілава «Летась у Чулімску». 1978.

Ю.​І.​Іваноўскі.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Анатоль Якаўлевіч) (н. 16.1,1948, Рыга, Латвія),

расійскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1988). Лётчык-касманаўт СССР (1988), палкоўнік. Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1973), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1977). У 1976—2000 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў (як камандзір) 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 7—17.6.1988 на КК «Саюз ТМ-5» (старт), «Саюз ТМ-4» (пасадка) і арбітальнай станцыі (АС) «Мір»; 11.2—9.8.1990 на КК «Саюз ТМ-9» і АС «Мір»; 27.8.1992—1.2.1993 на КК «Саюз ТМ-15» і АС «Мір»; 27.6—11.9.1995 на КК «Атлантыс», АС «Мір» і КК «Саюз ТМ-21» (пасадка); 5.8.1997—19.2.1998 на КК «Саюз ТМ-26» і АС «Мір». У космасе правёў 651 сут (3-і вынік у свеце, 2001). Здзейсніў 16 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю 77,8 гадз (1-ы вынік у свеце, 2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Зіновій Пятровіч) (22.11.1876, г. Гродна — 6.11.1928),

адзін з арганізатараў аховы здароўя ў СССР. Скончыў Казанскі ун-т (1904). У 1918—20 нам. нар. камісара аховы здароўя РСФСР. З 1920 нач. Гал. ваен.-сан. ўпраўлення Чырв. Арміі, старшыня Рас. т-ва Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца, з 1923 адначасова праф. кафедры 2-га Маскоўскага ун-та. Навук. працы па пытаннях тэарэт. асноў аховы здароўя, вышэйшай мед. адукацыі, гісторыі медыцыны, ваен.-сан. справы. Па ініцыятыве і з удзелам С. ў 1925 створаны піянерскі лагер Артэк.

т. 14, с. 103

САЛАЎЁЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (н. 30.3.1933, С.-Пецярбург),

бел. фізік Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. н. (1970), праф. (1976). Скончыў БДУ (1956). З 1959 у Ін-це фізікі АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі), з 1992 заг. лабараторыі Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і люмінесцэнцыі, даследаванні электронна-вагальных спектраў і электроннай структуры малекул тыпу хларафілу, а таксама працэсаў пераўтварэння энергіі светлавога ўзбуджэння ў іх. Прапанаваў дэталёвую інтэрпрэтацыю электронна-вагальных спектраў парфіну і яго аналагаў. Даследаваў нізкатэмпературныя рэакцыі фотатаўтамерызацыі, што дало пачатак новаму кірунку ў малекулярнай спектраскапіі высокага раздзялення — фотавыпальванне стабільных спектральных правалаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Дзярж. прэмія СССР 1986.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968 (разам з Г.​П.​Гурыновічам, А.​Н.​Сеўчанкам);

Спектроскопия порфиринов: Колебательные состояния. Мн., 1985 (у сааўт);

Колебательная и электронно-колебательная спектроскопия тетрапиррольных пигментов // Фотобиология растений и фотосинтез. Мн., 1996.

Літ.:

К.​Н.​Соловьев // Журн. прикладной спектроскопии. 1993. Т. 58, № 5/6.

К.М.Салаўёў.

т. 14, с. 103