САЛАУ́ХІН (Уладзімір Аляксеевіч) (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.Макаль, Я.Сіпакоў, В.Шымук, апавяданні — Я.Брыль, В.Вітка, Гігевіч, Г.Далідовіч, У.Дамашэвіч, А.Жук, А.Кудравец, Я.Лецка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;
Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;
Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;