Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),

геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.

Р.Г.Гарэцкі.

т. 9, с. 290

ЛІ́СТЫНГ (ад англ. listing унясенне ў спіс),

працэдура допуску каштоўнай паперы да афіц. гандлю на фондавай біржы, яе ўключэння ў каціравальны ліст фондавай біржы. Ажыццяўляецца на аснове правіл, устаноўленых біржай (у некаторых краінах гэтыя правілы ўзгадняюцца з дзярж. органамі). Найб. распаўсюджанымі крытэрыямі Л. на фондавых біржах зах. краін з’яўляюцца такія паказчыкі, як прыбытак да выплаты падаткаў, кошт рэальных актываў, рыначны кошт акцый і інш. Жорсткасць крытэрыяў Л. звычайна залежыць ад вядомасці фондавай біржы (найб. жорсткія крытэрыі існуюць на Нью-Йоркскай фондавай біржы). Л. перашкаджае допуску на біржу няякасных (ненадзейных) каштоўных папер і выступае асн. элементам яе арганізаванасці.

т. 9, с. 290

ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т.л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.А.Астапаў.

т. 9, с. 290

«ЛІСТ ДА АБУХО́ВІЧА»,

помнік бел. л-ры 17 ст. Напісаны ў 1655 і адрасаваны смаленскаму ваяводу П.Абуховічу, які ў 1654 здаў горад рус. войскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Ва ўсіх вядомых спісах адпраўшчыкам «Ліста» названы Цыпрыян Камуняка, аднак дакладна не ўстаноўлена, сапраўднае гэта імя ці псеўданім, якім карыстаўся невядомы аўтар. Твор высокага грамадз. гучання, глыбока-патрыятычны, у ім выказаны погляды прагрэсіўнай часткі бел. грамадства 17 ст. У пасланні, поўным злой іроніі, Камуняка развенчвае бяздарнасць ваяводы ў ваен. справе, асуджае яго як здрадніка. У асобе Абуховіча аўтар выкрывае буйную шляхту, высмейвае яе норавы і паводзіны, крытыкуе яе крывадушнасць, прадажнасць, бездапаможнасць пры абароне радзімы. Помнік напісаны сакавітай нар. моваю, месцамі рыфмаванай, перасыпанай вострымі словамі і дасціпнымі параўнаннямі, каларытнымі прыказкамі і прымаўкамі. У творы шырока выкарыстаны сродкі нар. гумару і сатыры. Упершыню апубл. ў 1910.

Публ.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.

Літ.:

Даўгяла Д.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.

В.А.Чамярыцкі.

т. 9, с. 286

«ЛІСТ ДА СВЯТО́ГА ПЯТРА́»,

бел. ананімны празаічны твор 2-й пал. 17 ст. Захаваўся ва ўрыўках. З’яўляецца пародыяй на жанр афіцыйнага паслання. Крытычны пафас скіраваны супраць каталіцкай веры і яе носьбіта Ярмолы Аханцэвіча Цюхая, вобраз якога зніжаны. Аўтар просіць апостала Пятра прапусціць у рай чалавека цёмнага і прымітыўнага, які па сутнасці не мае на гэта права. У творы ярка выражаны стылявыя рысы барока. Упершыню апубл. чэшскім славістам Ф.Крчэкам у польск. час. «Lud» («Народ», 1899, т. 5). Да Вял. Айч. вайны зберагаўся ў б-цы імя Асалінскіх (Львоў).

А.В.Мальдзіс.

т. 9, с. 287

ЛІСЦЕРАЗМЯШЧЭ́ННЕ,

парадак размяшчэння лісця на сцябле, які адлюстроўвае сіметрыю парастка; з’яўляецца сістэм. адзнакай. Залежыць ад чарговасці залажэння лісцевых зачаткаў на конусе нарастання. Адрозніваюць Л. спіральнае, ці чаргаванае, — ад кожнага вузла на сцябле адыходзіць 1 ліст (бяроза, дуб, злакі), супраціўнае — на кожным вузле сядзяць адзін насупраць аднаго 2 лісты (бэз, клён), кальчаковае — кожны вузел мае 3 і больш лісты (алеандр, эладэя). Агульная заканамернасць усіх тыпаў Л. — роўная вуглавая адлегласць паміж лістамі, якія сядзяць на адным вузле ці на паслядоўных вузлах генет. спіралі (умоўная лінія, што злучае асновы паслядоўных лістоў). Прычыны правільнасці Л. звязаны з памерамі конуса нарастання, лісцевых зачаткаў і іх узаемадзеяннем.

т. 9, с. 290

ЛІСЫ́ (Vulpes),

род драпежных млекакормячых сям. сабачых. 11 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, завезены ў Аўстралію. Трапляюцца ад тундры да пустынь і высакагор’яў. На Беларусі 1 від (найб. буйны), 1 падвід — ліс звычайны, або чырвоны, сярэднярускі (V. v. vulpes). 1 падвід — паўночнаамер. карсак (V. velox hebes) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела да 90 см, хваста да 60 см, маса да 10 кг. Поўсць пушыстая, колер зменлівы, ад рыжага да амаль чорнага, зрэдку трапляюцца белыя (альбіносы) або чорныя (меланісты) асобіны. Жывуць у норах. Усёедныя. Манагамы. Аб’ект промыслу. Серабрыста-чорныя Л.. выведзеныя з канадскага падвіду — аб’ект зверагадоўлі.

Э.Р.Самусенка.

Ліс сярэднярускі.

т. 9, с. 290

ЛІСЯ́НСКІ (Марк Самойлавіч) (14.1.1913, г. Адэса, Украіна — 30.8.1993),

расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т журналістыкі (1934). Друкаваўся з 1924. Першы зб. вершаў — «Бераг» (1940). Вершы ваен. гадоў увайшлі ў зб-кі «Мая зямля» (1942), «Ад імя Чорнага мора» (1947) і інш. У паэт. зб-ках «Залатая мая Масква» (1951), «За вясной — вясна» (1959), «Такі час» (1968), «За гарамі, за лясамі» (1976), «Дзякуй» (1981), «Пажаданне на дарогу» (1987), «Пераадоленне» (1988), «Адна мелодыя» (1992), паэмах «Дума пра маці» (1947), «Пеця Клыпа» (1967), «Добры шлях» (1972) і інш. лірычныя перажыванні, роздум пра мінулае і будучыню радзімы, сувязь чалавека і прыроды, тэма кахання. Аўтар тэкстаў папулярных песень («Мая Масква», «Асенняя лістота», «Зоры Маскоўскія» і інш.). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў У.Шахавец.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.

т. 9, с. 291

ЛІСЯ́НСКІ (Юрый Фёдаравіч) (13.8.1773, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 6.3.1837),

расійскі мараплавец. Капітан I рангу (1809). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1786). У 1803—06 як камандзір карабля «Нява» ўдзельнічаў у першай рас. кругасветнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам І.Ф.Крузенштэрна. Частку падарожжа прайшоў асобным шляхам. Экспедыцыя абследавала малавядомыя раёны Ціхага ак., зрабіла назіранні за марскімі цячэннямі, адкрыла міжпасатныя проціцячэнні ў Ціхім і Атлантычным ак., сабрала этнагр. матэрыял. Даследаваў в-аў Кадзьяк і частку архіпелага Аляксандра. Пасля заканчэння экспедыцыі Л. служыў на Балтыйскім флоце; у 1809 выйшаў у адстаўку. У гонар Л. названы: востраў, адкрыты ім у паўн.-зах. частцы Гавайскіх а-воў; паўвостраў на паўн. узбярэжжы Ахоцкага м. і гара на в-ве Сахалін.

Ю.Ф.Лісянскі.

т. 9, с. 291