ЛІСТЭРЫЛЁЗ, лістэрыёз,

вострае інфекцыйнае захворванне чалавека, млекакормячых жывёл і птушак з пашкоджаннем унутр. (у т.л. лімфоідных) органаў, ц. н. с., вачэй, іншы раз плода ў жанчын (пры захворванні ў час цяжарнасці). Узбуджальнік — бактэрыя лістэрыя, якая захоўваецца ў глебе, сцёкавых водах, кармах, пыле. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворым (носьбітамі Л. бываюць і здаровыя людзі і жывёлы), праз ежу, аэрагенным і палавым шляхамі, пры цяжарнасці (праз плацэнту) і родах. Трансплацэнтарны Л. у нованароджаных працякае асабліва цяжка ў першыя 2—4 дні (сепсіс, задышка, сутаргі, іншы раз смерць); пры заражэнні ў час родаў хвароба выяўляецца пасля 7 дзён жыцця менінгітам, менінгаэнцэфалітам. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.А.Астапаў.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)