ЛІСЦЕРАЗМЯШЧЭ́ННЕ,

парадак размяшчэння лісця на сцябле, які адлюстроўвае сіметрыю парастка; з’яўляецца сістэм. адзнакай. Залежыць ад чарговасці залажэння лісцевых зачаткаў на конусе нарастання. Адрозніваюць Л. спіральнае, ці чаргаванае, — ад кожнага вузла на сцябле адыходзіць 1 ліст (бяроза, дуб, злакі), супраціўнае — на кожным вузле сядзяць адзін насупраць аднаго 2 лісты (бэз, клён), кальчаковае — кожны вузел мае 3 і больш лісты (алеандр, эладэя). Агульная заканамернасць усіх тыпаў Л. — роўная вуглавая адлегласць паміж лістамі, якія сядзяць на адным вузле ці на паслядоўных вузлах генет. спіралі (умоўная лінія, што злучае асновы паслядоўных лістоў). Прычыны правільнасці Л. звязаны з памерамі конуса нарастання, лісцевых зачаткаў і іх узаемадзеяннем.

т. 9, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)