Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАПІТА́НАЎ (Яўген Андрэевіч) (2.7.1932, г. Бранск, Расія — 7.4.1997),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі і мікрабіялогіі. Д-р мед. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Крымскі дзярж. мед. ін-т (1954). З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні рытмаў прадукцыі антыбіётыкаў глебавых актынаміцэтаў, уплыву хім. рэчываў на рост і развіццё бактэрый, дзеяння кортыкастэроідных гармонаў на мікрафлору кішэчніка.

т. 8, с. 26

КАПІТО́ЛІЙ (лац. Capitolium, Capitolinus mons),

адзін з 7 узгоркаў, на якім узнік Стараж. Рым. Са стараж. часоў быў цэнтрам рэліг. культу. Пасля аб’яднання паселішчаў на рым. узгорках уключаны ў гар. мяжу і абнесены сцяной. На адной з 2 яго вяршынь знаходзілася крэпасць, на другой у эпоху этрускага панавання быў пабудаваны Капіталійскі храм. З паўд.-зах. абрывістага схілу К. (Тарпейскай скалы) скідвалі злачынцаў. На К. завяршаліся трыумфальныя шэсці перамогшых рым. войскаў, пачыналіся святочныя працэсіі рым. гульняў. На ўзор Рыма свае К. мелі і іншыя гарады Італіі і рым. калоній у Еўропе.

т. 8, с. 26

КАПІТО́ЛІЙ (Capitol),

будынак у сталіцы ЗША Вашынгтоне, у якім праходзяць пасяджэнні кангрэса. Пабудаваны ў 1793—1865 у стылі класіцызму. У англа-амер. вайну 1812—14 спалены англічанамі (1814). К. наз. таксама будынкі ў сталіцах амер. штатаў, дзе праходзяць сесіі мясц. заканадаўчых сходаў.

т. 8, с. 26

КАПІ́ТУЛ, капітула (ад лац. capitulum),

1) у каталіцкай і англіканскай цэрквах калегія канонікаў кафедральнага сабора, якая стварае пры епіскапе раду па кіраванні епархіяй. Складаецца з пробашча, дэкана, схаластыка, кантара, кусташа і інш. канонікаў. К. ствараецца таксама ў касцёле, які мае ганаровае званне калегіята і знаходзіцца на іерархічнай лесвіцы паміж кафедральным касцёлам і парафіяльным.

2) У каталіцкіх духоўна-рыцарскіх і манаскіх ордэнах (у т. л. ў грэка-каталіцкім ордэне базыльян) калегія кіруючых асоб ордэна.

т. 8, с. 26

КАПІТУ́ЛА (Пётр Андрэевіч) (н. 4.7.1936, в. Вял. Бор Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1965). З 1960 працаваў на з-дзе, у Цэнтр. НДІ арг-цыі і тэхнікі кіравання, з 1966 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. З 1994 нач. аналітычнага цэнтра Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1995 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы тэорыі, метадалогіі ацэнкі і планавання эфектыўнасці грамадскай вытв-сці, капітальных укладанняў і новай тэхнікі.

Тв.:

Эффективность капитальных вложений и основных производственных фондов. Мн., 1974;

Содержание и оценка экономической эффективности производства. Мн., 1982 (разам з М.​В.​Нікіценкам, В.​Н.​Камковым);

Эффективность общественного производства. Мн., 1985;

Эффективность экономики региона, Мн., 1987 (у сааўт.).

т. 8, с. 27

КАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (позналац. capitulatio ад capitulo дамаўляюся),

1) спыненне ваен. дзеянняў адным з ваюючых бакоў і здача яго ўзбр. сіл.

2) Здача асобных гарнізонаў, акружаных груповак на ўмовах, прадыктаваных пераможцам, або ўзгодненых перагаворамі. Адзін з відаў К. — безагаворачная; азначае прызнанне поўнага разгрому і перадачу пераможцу ўсяго ўзбраення і тэхнікі ў якасці трафеяў, а асабовага складу ў якасці палонных. Напр., у 1945 Германія і Японія падпісалі акты пра безагаворачную К. ў выніку разгрому іх у 2-й сусв. вайне.

т. 8, с. 27

КАПІТЭ́ЛЬ (ад позналац. capitellum галоўка) у архітэктуры, пластычна вылучаная верхняя частка верт. апоры (слупа ці калоны) або пілястры, якая перадае на іх нагрузку ад архітрава і размешчаных вышэй яго частак будынка; элемент арх. ордэра.

Узнікла ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі склаліся тыпы К.: дарычная, іанічная, карынфская, у архітэктуры Стараж. Рыма — кампазітная і тасканская. Адметныя маст. фермы створаны ў архітэктуры сярэдневяковай Візантыі, Японіі, Сярэдняй Азіі, Кітая, стараж.-рус. архітэктуры, раманскім і гатычным дойлідстве Еўропы. У эпоху Адраджэння, у архітэктуры барока і класіцызму выкарыстоўвалі розныя варыяцыі класічных К. у спалучэнні з мясц. арнаментальнымі матывамі.

На Беларусі вядомы з 12 ст. ў мураванай архітэктуры. У 16—19 ст. былі пашыраны ўсе віды К. ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму. К. у якіх класічныя формы трактаваліся ў мясц. маст. традыцыях, сустракаюцца ў драўляным дойлідстве і пабудовах 19 — пач. 20 ст. Шырока выкарыстоўвалася ў архітэктуры 1950-х г.

С.​А.​Сергачоў.

Капітэлі: іанічная (уверсе) і карынфская.

т. 8, с. 27

КАПІ́ЦА (Андрэй Пятровіч) (н. 9.7.1931, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія),

расійскі географ і геамарфолаг. Чл.-кар. Расійскай АН (1970). Сын П.Л.Капіцы Скончыў Маскоўскі ун-т (1953), дзе і працаваў. З 1970 старшыня прэзідыума Далёкаўсходняга навук. цэнтра АН СССР, дырэктар Ціхаакіянскага ін-та геаграфіі гэтага цэнтра. Удзельнік 4 антарктычных экспедыцый і трансантарктычных пераходаў: ст. Мірны — ст. Піянерская (1956), ст. Мірны — Паўд. полюс (1959—60), ст. Усход — Полюс адноснай недаступнасці — ст. Маладзёжная (1963—64). Узначальваў геафіз. экспедыцыю АН СССР ва Усх. Афрыку (1967—69). Навук. працы па дынаміцы і марфалогіі ледавіковага покрыва Усх. Антарктыды. Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 8, с. 27

КАПІ́ЦА (Пётр Леанідавіч) (8.7.1894, г. Кранштат, Расія—8.4.1984),

савецкі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур і фізікі моцных магнітных палёў. Акад. АН СССР (1939, чл.-кар. 1929) і многіх замежных АН і навук. т-ваў. Двойчы Герой Сац. Працы (1945, 1974). Скончыў політэхн. ін-т у Петраградзе (1918). У 1921—34 у навук. камандзіроўцы ў Вялікабрытаніі, дзе праводзіў даследаванні пад кіраўніцтвам Э.​Рэзерфарда. Арганізатар і першы дырэктар (1935—46 і з 1955) Ін-та фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы і тэхніцы звышмоцных магн. палёў, фізіцы і тэхніцы нізкіх т-р, электроніцы вял. магутнасцей, фізіцы высокатэмпературнай плазмы. У 1928 выявіў у моцных магн. палях лінейную залежнасць эл. супраціўлення шэрагу металаў ад напружанасці поля (Капіцы закон). Адкрыў звышцякучасць вадкага гелію (1938). Распрацаваў спосаб звадкавання паветра пры дапамозе турбадэтандэра, новы тып магутнага звышвысокачастотнага генератара. Устанавіў, што пры высокачастотным разрадзе ў шчыльных газах утвараецца стабільны плазменны шнур з т-рай электронаў 10​5—10​6 К. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943. Нобелеўская прэмія 1978. Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР 1959.

Тв.:

Эксперимент. Теория. Практика: Ст. и выступл. 4 изд. М., 1987.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990.

П.Л.Капіца.

т. 8, с. 27

КАПІ́ЦЫ ЗАКО́Н,

эмпірычная заканамернасць, паводле якой эл. супраціўленне полікрышталічных узораў металаў у моцных магн. палях прапарцыянальнае напружанасці магн. поля. Устаноўлены П.Л.Капіцай у 1928 для медзі, золата і серабра. Тлумачыцца тэорыяй гальванамагнітных з’яў.

т. 8, с. 27