Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАРЭ́ЙСКІ ПЕРАШЫ́ЕК,

паўночная звужаная да 160 км частка Карэйскага п-ва ў КНДР, паміж Зах.-Карэйскім і Усх.-Карэйскім залівамі. На З — нізінная раўніна, у цэнтры — лясісты хр. Пуктэбон (выш. да 1833 м), на У — Вансанская раўніна.

т. 8, с. 120

КАРЭ́ЙСКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж Карэйскім п-вам і а-вамі Японскага архіпелага (Ікі, Кюсю і паўд.-зах. канцавой ч. Хонсю). Злучае Японскае і Усх.-Кітайскае моры. Даўж. 324 км, найменшая шыр. 180 км, найменшая глыб. на фарватэры 73 м. А-вамі Цусіма падзяляецца на 2 праходы: Усходні і Заходні. У час рус.-яп. вайны ў К.п. ў 1905 адбылася Цусімская бітва.

т. 8, с. 121

КАРЭ́ЙЦЫ (саманазва каро сарам, часон сарам, ханчук сарам),

нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Карэя (44 млн. чал.) і Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (22,5 млн. чал.). Агульная колькасць 70,2 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў Кітаі (2 млн. чал.), Японіі (1,6 млн. чал.), ЗША (0,5 млн. чал.), Узбекістане (183,3 тыс. чал.), Рас. Федэрацыі (107 тыс. чал.), Казахстане (103,3 тыс. чал.), Кыргызстане і інш. Гавораць на карэйскай мове. Вернікі пераважна будысты, канфуцыянцы, хрысціяне (прэсвітэрыяне).

т. 8, с. 121

КАРЭ́КТНАСЦЬ (ад лац. correctus выпраўлены, палепшаны),

1) тактоўнасць у абыходжанні з людзьмі, ветлівасць (часта ў значэнні «падкрэсленая ветлівасць»), пачцівасць, далікатнасць.

2) Дакладнасць, правільнасць, выразнасць (напр., К. аргументацыі, доказаў, К. перакладу).

т. 8, с. 121

КАРЭ́КТНЫЯ І НЕКАРЭ́КТНЫЯ ЗАДА́ЧЫ,

класы матэм. задач, якія адпавядаюць пэўным умовам вызначанасці іх рашэнняў.

Задача наз. карэктнай, калі яе рашэнне існуе, пры гэтым яе рашэнне адзінае і ўстойлівае. Задача, якая не задавальняе гэтым умовам, наз. некарэктнай. Напр., сістэма алг. ураўненняў з нулявым дэтэрмінантам некарэктная, з ненулявым — карэктная. Некарэктнымі з’яўляюцца многія задачы геафізікі, аэра-, тэрма- і электрадынамікі, аптымальнага кіравання і асабліва адваротныя задачы матэм фізікі, у якіх характарыстыкі фіз. працэсаў выяўляюцца па выкліканым імі эфекце. Некарэктныя задачы доўгі час лічыліся пазбаўленымі фіз. сэнсу. У 1960-я г. А.М.Ціханаў абгрунтаваў набліжаныя метады рашэння такіх задач.

На Беларусі тэорыя некарэктных задач распрацоўваецца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН з 1965 і ў БДУ з 1972.

Літ.: Тихонов А.Н., Арсенин В.Я. Методы решения некорректных задач. 3 изд. М., 1986; Лаврентьев М.М., Савельев Л.Я. Линейные операторы и некорректные задачи. М., 1991; Лисковец О.А. Вариационные методы решения неустойчивых задач. Мн., 1981.

А.А.Ліскавец.

т. 8, с. 121

КАРЭКТУ́РА (ад лац. correctura выпраўленне),

праверка і выпраўленне друкарскага набору, з дапамогай якіх у паліграфіі ўзнаўляюць тэкст і графічныя выявы. Таксама пробны адбітак з друкарскай формы, які звераны ці які трэба зверыць з арыгіналам. У К. неабходна выявіць памылкі і недакладнасці набору і паказаць сістэмай карэктарскіх знакаў, як іх паправіць ў друкарскіх формах.

т. 8, с. 121

КАРЭ́ЛА (саманазва — кар’яла),

племя, нашчадкамі якога з’яўляюцца сучасныя карэлы, што жывуць у Карэліі, Цвярской, Наўгародскай, Ленінградскай, Яраслаўскай і інш. абласцях Расіі. К. як асобны прыбалтыйска-фінскі этнас сфарміраваўся на аснове мясц. неаліт. плямён. У складванні стараж. К. прынялі ўдзел 2 этнічныя кампаненты: ям і волхаўская чудзь. У 9 ст. К. засялілі Карэльскі перашыек, потым Паанежжа і тэр. на Пн ад яго. З пачаткам распаўсюджвання тут хрысціянства К. рассяліліся ў цэнтр. Фінляндыі і ва ўсх. вобласці Хяме да берага Батнічнага заліва. Першае ўпамінанне К. ў рус: летапісах адносіцца да 1143. У 13 ст. К. насялялі правінцыю Фінмара і дасягнулі берагоў Паўн. Ледавітага акіяна, асвойвалі ўзбярэжжа Паўн. Дзвіны, дзе склалі частку насельніцтва вобл. Біярмія.

І.М.Язэпенка.

т. 8, с. 121

КАРЭ́ЛІ ((Corelli) Арканджэла) (17.2.1653, Фузіньяна, каля г. Равена, Італія — 8.1.1713),

італьянскі скрыпач, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Балонні і Рыме. З 1670 чл. Балонскай філарманічнай акадэміі. Працаваў скрыпачом царк. капэл, тэатр. аркестраў, кіраваў муз. ансамблямі. У 1687—1712 узначальваў кардынальскую капэлу. Скрыпач-віртуоз і буйнейшы педагог, стварыў т.зв. рымскую школу, якая знаменавала пачатак росквіту італьян. скрыпічнага мастацтва. Класік скрыпічнай музыкі ў жанрах трыо-санаты, санаты для скрыпкі сола з суправаджэннем, канчэрта гроса. Сярод твораў: 4 зб. трыо-санат (па 12 у кожным; 1681, 1685, 1689, 1694), 12 санат для скрыпкі і баса кантынуа (1700), 12 канчэрта гроса (1714). Сярод вучняў Ф.Джэмініяні, П.Лакатэлі, Дж.Соміс.

т. 8, с. 121

КАРЭ́ЛІКАВА (Валянціна Фёдараўна) (н. 18.3.1954, в. Целяшы Гомельскага р-на),

бел. выканаўца на нар. муз. інструментах. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча імя Н.Сакалоўскага (1973), Бел. кансерваторыю (1978, клас Г.Асмалоўскай). З 1974 артыстка фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», выконвала сола ў многіх пастаноўках (у т. л. «Мітусь», «Лянсей», «Весялуха», «Субота»). З 1988 у фалькл. ансамблі «Жывіца» (з 1990 «Бяседа») Бел. тэлебачання і радыё. Яе выкананню ўласцівы артыстызм, жыццярадаснасць, сцэн. тэмперамент.

т. 8, с. 121

КАРЭ́ЛІН (Андрэй Восіпавіч) (16.7.1837, с. Селезні Тамбоўскага р-на, Расія — 13.8.1906),

расійскі фотамастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1864). Адкрыў фотаатэлье ў Кастраме, потым у Ніжнім Ноўгарадзе. Разглядаў фатаграфію як частку выяўл. мастацтва, у жанравых кампазіцыях (сцэнах-пастаноўках) ішоў па шляху жывапісцаў-перасоўнікаў. Прыўнёс шмат новага ў фотамастацтва (пабудова мізансцэн, эфекты асвятлення) і тэхніку фатаграфавання (вывучэнне оптыкі).

т. 8, с. 121