Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́ШАЛЬ (Францішак Вінцэнтавіч) (16.2.1895, в. Пяршаі Валожынскага р-на Мінскай вобл. — май 1968),

вайсковец, дзеяч бел. эміграцыі. Муж Н.А.Арсенневай. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1919—21 чл. Беларускай вайсковай камісіі. З 1922 у польск. арміі, удзельнік абарончых баёў на Заходнім фронце ў вер. 1939, камандзір батальёна. 22.9.1939 інтэрніраваны ў СССР. У час акупацыі Беларусі супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: са снеж. 1941 нач. падафіцэрскай бел. школы паліцыі ў Мінску, з ліп.жн. 1942 кіраўнік курсаў перападрыхтоўкі афіцэраў, гал. вайск. рэферэнт у Беларускім корпусе самааховы, са снеж. 1943 чл. Беларускай цэнтральнай рады, з сак. 1944 шэф гал. камандавання Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданні час. «Беларус на варце». З 1944 у Германіі, потым ЗША. Заснаваў Аб’яднанне бел. ветэранаў (1947, Германія). У 1947—54 узначальваў Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Аўтар артыкулаў па пытаннях ваен. гісторыі Беларусі.

А.​М.​Літвін.

т. 9, с. 66

КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,

старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст. н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст. н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.

Літ.:

Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;

Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;

Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.

т. 9, с. 66

КУШЛЯ́НЫ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Смаргонь, 232 км ад Гродна, 7 км ад чыг. ст. Солы. 354 ж., 134 двары (1998). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — сядзіба Ф.Багушэвіча, свіран (19 ст.).

т. 9, с. 66

КУ́ШНЕР (Васіль Фёдаравіч) (н. 1.10.1947, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1977). Скончыў БДУ (1971). З 1976 выкладчык, дацэнт Бел. дзярж. пед. ун-та. У 1978—80 выкладчык Вышэйшага пед. ін-та імя Хасэ Марці (Камагуэй, Куба). У 1987—92 нач. аддзела Мін-ва адукацыі Беларусі. З 1993 гал. рэдактар «Беларускага гістарычнага часопіса». Даследуе пытанні гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі сав. перыяду, сумежных дзяржаў, метадалогію і методыку выкладання гісторыі.

Тв.:

Школа мужества и патриотизма: Краткий очерк истории ДОСААФ БССР. 2 изд. Мн., 1988 (у сааўт.);

Молодежи о Программе КПСС. Мн., 1988 (разам з АМ.Мацко);

Метадалагічныя праблемы гістарычнай навукі. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 9, с. 66

КУ́ШНЕР (Юрый Захаравіч) (н. 18.4.1936, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1995), праф. (1998). Скончыў Гур’еўскі пед. ін-т (1959). З 1981 у Магілёўскім пед. ін-це. Навук. працы па праблемах выхавання і вытв. навучання ў сістэме прафес.-тэхн. адукацыі.

Тв.:

Система воспитательной деятельности мастера производственного обучения профтехучилища. М., 1992;

Мастер и личность учащегося: гуманист. аспект. М., 1994 (у сааўт.);

Воспитательная деятельность мастера производственного обучения профтехучилища: (вопросы теории и практики) Мн., 1998.

т. 9, с. 67

КУШНЕ́РСТВА,

народны промысел па апрацоўцы аўчын і шкурак пушных звяроў. У бел. нар. К. гал. месца займаў выраб аўчын для пашыву зімовага адзення — кажухоў, паўкажушкоў, шапак. Апрацоўка шкурак упаляваных пушных звяроў (зайца, вавёркі, ліса, куніцы, тхара і інш.) мела другараднае значэнне; іх футра выкарыстоўвалася пераважна на шапкі і каўняры. Тэхнал. працэс традыц. К. ўключае некалькі паслядоўных аперацый. Адмочаную ў вадзе авечую шкуру ачышчалі ад мяздры на нахіленай паўкруглай дошцы на 2 ножках (калодзе) звычайнай касой, выкарыстоўвалі і скоблю (струг). Каб шкуру размякчыць і засцерагчы ад гніення пасля прасушвання яе заквашвалі ў «квасе» — кіслым растворы жытняй ці аўсянай мукі з соллю. Шкуры мякчылі спец. драўляным або жал. крукам, якім вадзілі па мяздры ўверх-уніз, пакуль уся паверхня не рабілася мяккай і белай. З 1830-х г. пачало практыкавацца дубленне аўчын. Да пач. 20 ст. побач з дубленымі кажухамі светла-карычневага колеру былі пашыраны і белыя нядубленыя. У пач. 20 ст. аўчыны пачалі фарбаваць хім. рэчывамі ў карычневы ці чорны колер. Падобным чынам апрацоўвалі і шкуркі пушных звяроў. Для іх сушкі і расцягвання выкарыстоўвалася дошка-канёк. З 1920-х г. кушнерская вытв-сць бытавала ў выглядзе хатняга промыслу, арцеляў і дзярж. прадпрыемстваў. У пасляваенны час кушнерскае рамяство заняпала. У наш час у некат. раёнах аўчыны і футры вырабляюцца на асабістыя патрэбы (гл. таксама Футра, Футравая прамысловасць).

Н.​І.​Буракоўская.

Да арт. Кушнерства. Традыцыйны кажух. Вёска Асаўніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 67

КУШЧЭ́ННЕ,

адна з форм галінавання, што прыводзіць да ўтварэння куста. Пры К. з пупышак, якія знаходзяцца на цесна збліжаных вузлах каля асновы матчынага парастка, фарміруюцца прыземныя і падземныя бакавыя парасткі (часта на іх утвараюцца прыдатачныя карані). Бывае ў многіх злакаў, асок, некат. кустоў і кусцікаў. У аднагадовых збожжавых злакаў К. пачынаецца рана (фаза К.) і спыняецца пасля выхаду ў трубку. Забяспечвае павышэнне прадукцыйнасці. У культ. раслін залежыць ад сорту, умоў вырошчвання, агратэхн. прыёмаў.

т. 9, с. 67

КУЭ́НКА (Cuenca),

горад на Пд Эквадора, у міжгорнай даліне Андаў, на выш. 2600 м. Адм. ц. прав. Асуай. Засн. ў 1557. 196 тыс. ж. (1990). Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна на Панамерыканскай шашы. Прам-сць тэкст. і харчовая. Выраб на экспарт капелюшоў-панам. Ун-т. Акадэмія выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі 16—17 ст.

т. 9, с. 67

КУЭНЬ-ЛУ́НЬ,

горы ў Кітаі, тое, што Куньлунь.

т. 9, с. 67

КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),

асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.

Папярочны профіль куэстаў.

т. 9, с. 67