Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГЛАМЕРА́ЦЫЯ НАСЕ́ЛЕНЫХ ПУ́НКТАЎ,

гл. Гарадская агламерацыя.

т. 1, с. 77

АГЛАПАРЫ́Т,

штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).

т. 1, с. 77

АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ

(ад лац. agglutinare прыклейваць),

мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).

т. 1, с. 77

АГЛЯ́Д,

1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).

2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел. нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.

3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.

т. 1, с. 77

АГЛЯЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

глебаўтваральны працэс, які адбываецца ў анаэробных умовах з удзелам мікраарганізмаў, пры наяўнасці арган. рэчыва і пастаянным або працяглым абвадненні асобных гарызонтаў або ўсяго профілю глебы. Назіраецца амаль усюды ў глебах рознага генезісу і мех. складу, найчасцей у гумідных глебах. Вонкавая прыкмета агляення глебы — спецыфічная афарбоўка аглееных гарызонтаў: ад белавата-шызага ці шэра-блакітнаватага ў лёгкіх глебах да шызавата-сіняга або зеленаватага ў поймавых і чарназёмападобных. Гл. таксама Глей.

т. 1, с. 77

АГНАСТЫЦЫ́ЗМ

(ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),

філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.

М.В.Анцыповіч.

т. 1, с. 77

АГНА́ТЫ,

група ніжэйшых пазваночных жывёл; гл. Бяссківічныя.

т. 1, с. 77

АГНЁЎ Сяргей Іванавіч

(17.11.1886, Масква — 20.12.1951),

рус. заолаг. Д-р біял. н. (1935), праф. (1930). Засл. дз. нав. Расіі (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1910). Заснавальнік маскоўскай школы тэрыёлагаў (даследчыкаў млекакормячых). Вывучаў птушак Белавежскай пушчы. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных кніг. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.

Тв.:

Звери СССР и прилежащих стран: (Звери Восточной Европы и Северной Азии). Т. 1—7. М.; Л., 1928—50;

Зоология позвоночных. 4 изд. М., 1945;

Очерки экологии млекопитающих. М., 1951.

т. 1, с. 77

АГНЁЎКА,

род грыбоў, гл. Лускаўніца.

т. 1, с. 77

АГНЁЎКІ

(Pyralididae),

сямейства дзённых матылёў. У сусв. фауне каля 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць у пустынях, стэпах, лясах, на лугах, некаторыя — на водных раслінах, у прадуктовых складах, збожжасховішчах, млынах. На Беларусі 150 відаў; найб. вядомыя: лугавы і сцябловы (кукурузны) матылькі (пашкоджваюць буракі, каноплі, бабовыя, сланечнік, кукурузу, проса), паўднёвая свірнавая агнёўка (шкодзіць зернебабовым); шышкавая агнёўка (псуе хвою і лісце хваёвых і мяшаных лясоў), млынавая і мучная агнёўкі (пашкоджваюць зерне і харч. прадукты); вял. васковая агнёўка (псуе воск і вашчыну ў вуллях).

Дробныя і сярэдніх памераў: крылы (размах 1—5 см) складаюцца трохвугольнікам ці абгортваюць цела трубачкай. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені жывуць звычайна ўнутры раслін (кормяцца каранямі, парасткамі, пладамі і г.д.) або ў скручаным лісці.

Агнёўкі: 1 — лугавы матылёк; 2 — сцябловы матылёк; 3 — агнёўка шышкавая; 4 — агнёўка паўднёвая свірнавая; 5 — агнёўка вялікая васковая.

т. 1, с. 77