Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САМО́ЙЛАЎ (Яўген Валяр’янавіч) (н. 16.4.1912, С.-Пецярбург),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Ленінградскі маст. палітэхнікум (1930), быў у «Трупе акцёрскага майстэрства». У 1934—38 у Т-ры імя У.​Меерхольда, у 1940—67 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1968 у Малым т-ры. Ролі героіка-трагедыйнага плана: Алег Кашавы («Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога). З 1934 здымаецца ў кіно: «Шчорс» (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Светлы шлях» (1940), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Сэрцы чатырох» (1945), «Адмірал Нахімаў» (1947), «Героі Шыпкі» (1955, СССР—Балгарыя), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Літ.:

Актер и время. Вып. 4. М., 1969.

Я.В.Самойлаў.

т. 14, с. 140

САМО́КІШ (Мікалай Сямёнавіч) (25.10.1860, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.1.1944),

расійскі жывапісец і графік. Засл. дз. маст. Расіі (1937). Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1913). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1879—85; яе пенсіянер у Парыжы ў 1886—89), выкладаў у ёй з 1912 (у 1913—18 праф., кіраўнік батальнага класа). З 1923 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Развіваў традыцыі рус. батальнага жывапісу 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: «Бой Максіма Крываноса з Іераміяй Вішнявецкім» (1934), «Пераход Чырвонай Арміі праз Сіваш» (1935) і інш. На бел. тэматыку напісаў карціну «Подзвіг салдат Раеўскага пад Салтанаўкай». Працаваў таксама ў галіне анімалістычнага жанру і кніжнай графікі. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Ткаченко В.Я. Н.​С.​Самокиш: Жизнь и творчество, 1860—1944. М., 1964.

т. 14, с. 141

САМО́СА (Somoza),

сямейства, прадстаўнікі якога шляхам рэпрэсій і выбарчых махінацый утрымлівалі паліт. ўладу ў Нікарагуа ў 1930—70-я г. Самоса Гарсія (Somoza García) Анастасіо (1.2.1896, Сан-Маркас, Нікарагуа — 29.9.1956), заснавальнік паліт. дынастыі С. Скончыў Нац. ўсх. ун-т (г. Гранада, Нікарагуа). Быў міністрам абароны і ВМФ, паслом у Коста-Рыцы, міністрам замежных спраў. З 1932 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. У 1934 паводле яго загаду забіты А.​С.​Сандзіна. У 1936 шляхам фальсіфікацый і насуперак канстытуцыі абраны прэзідэнтам краіны. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1937—47 і 1950—56 (у 1947—50 прэзідэнтам краіны быў яго дзядзька В.​М.​Раман-і-Рэес). Смяротна паранены праціўнікам рэжыму. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Луіс Анастасіо (18.11.1922, г. Леон, Нікарагуа — 13.4.1967), сын Самоса Гарсіі. Атрымаў адукацыю ў ЗША. Каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, палкоўнік. У 1956—63 прэзідэнт Нікарагуа. З 1963 пажыццёвы сенатар, фактычны кіраўнік краіны пры марыянетачным прэзідэнце Р.​Шык Гуцьерэсе. Самоса Дэбайле (Somoza Debayle) Анастасіо (5.12.1925, г. Леон — 17.9.1980), малодшы сын Самосы Гарсія. Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (ЗША). У 1964 каманд. Нац. гвардыяй Нікарагуа, генерал. Прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Скінуты ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979. Уцёк у Парагвай, дзе загінуў у выніку тэрарыст. акта.

т. 14, с. 141

САМО́СА ДЭБА́ЙЛЕ (Somoza Debayle) Анастасіо, прэзідэнт Нікарагуа ў 1967—72 і 1974—79. Гл. ў арт. Самоса.

т. 14, с. 141

САМСО́Н (стараж.-яўр. Шымшон, магчыма, ад шэмеш — хвоя),

у Бібліі (Стары запавет) старажытнаяўрэйскі герой-асілак, надзелены звышчалавечай сілай і адвагай; дванаццаты з «суддзяў ізраілевых». Здзейсніў шматлікія подзвігі ў барацьбе з філістымлянамі (знішчыў 1000 ворагаў, выкраў вароты г. Газа і інш), але закахаўся ў філістымлянку Далілу, якая выведала, што неадольная сіла С. — у яго валасах. У час сну філістымляне абстрыглі С., асляпілі і закавалі ў ланцугі. Калі валасы ў С. адраслі, ён разбурыў храм, пад абломкамі якога загінулі філістымляне і С. Біблейскія сюжэты, звязаныя з С., шырока ўвасоблены ў мастацтве: гравюра А.​Дзюрэра, карціны Рэмбранта, А. ван Дэйка, А.​Мантэньі, статуя М.​І.​Казлоўскага для фантана ў Пецяргофе, опера К.​Сен-Санса і інш.

т. 14, с. 141

САМСО́Н (Андрэй Міхайлавіч) (30.10.1932, г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. — 18.1.1997),

бел. фізік, пачынальнік тэарэт. даследаванняў дынамікі лазернай генерацыі святла ў Беларусі. Д-р фіз.матэм. н. (1972), праф. (1977). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі АН Беларусі (у 1973—96 заг. лабараторыі). Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Распрацаваў тэарэт. метады разліку нестацыянарных рэжымаў лазераў і распаўсюджвання выпрамянення ў нелінейна-аптычных і рассейвальных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Нестационарная генерация // Методы расчета оптических квантовых генераторов. Мн., 1968. Т. 2;

Высокочастотная автомодуляция излучения лазеров и генерация сверхкоротких импульсов // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з Л.​А.​Катомцавай, Н.​А.​Лойка).

В.​А.​Савва.

А.М.Самсон.

т. 14, с. 141

САМСО́НАВА (Аліса Самуілаўна) (н. 2.7.1940, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і экалогіі. Д-р біял. н. (1995). Скончыла БДУ (1967). З 1968 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1994 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях узаемадзеяння мікраарганізмаў з кампанентамі навакольнага асяроддзя, метабалічных шляхах ператварэння мікраарганізмамі ксенабіётыкаў, выкарыстанні біятэхналогій для ачысткі навакольнага асяроддзя ад таксічных арган. рэчываў.

Тв.:

Микробные ценозы торфяных почв и их функционирование. Мн., 1983 (у сааўт.);

Биотехнология охраны окружающей среды // Биотехнология — сельскому хозяйству. Мн., 1988;

Микробиологический метод очистки сточных вод от метанола и формальдегида (у сааўт.) // Изв. Бел. инженер. Академии. 1997. № 1 (3).

т. 14, с. 141

САМСО́НАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 10.5.1928, в. Ерахтур Касімаўскага р-на Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аграбіялогіі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Чл.-кар. Рас. акадэміі с.-г. навук (1991), д-р с.-г. н., праф. (1988). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1978). Скончыў БСГА (1952). З 1965 нам. міністра сельскай гаспадаркі Беларусі. У 1974—2000 дырэктар Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях экалогіі ў земляробстве, зніжэнні энергазатрат у с.-г. вытв-сці, тэхналогіі адаптацыйнай інтэнсіфікацыі земляробства і раслінаводства, насенняводства збожжавых культур і стварэння прамысл. насенняводства дасканалага індустрыяльна-біял. профілю. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Экалагічныя праблемы земляробства // Весці АН БССР. Сер. с.-г. навук. 1991. № 4;

Зерно Белоруссии // Земледелие. 1991. № 4;

Агроэкологические аспекты борьбы с сорной растительностью в адаптивном земледелии // Ахова раслін. 1999. № 5.

У.П.Самсонаў.

т. 14, с. 141

САМСУ́Н (Samsun),

горад на Пн Турцыі, на ўзбярэжжы Чорнага м. Адм. ц. іля Самсун. Засн. ў 6 ст. да н.э. Каля 350 тыс. ж. (2000). Марскі порт. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл.-трансп. цэнтр раёна тытуняводства. Прам-сць: харч., тытунёвая, хім.; вытв-сць мінер. угнаенняў, медзеплавільны з-д. Рыбалоўства. Ун-т.

т. 14, с. 141

«САМСУ́НГ»

(Samsung),

шматгаліновая карпарацыя Рэспублікі Карэя. Засн. ў 1938. Дзейнічае ў электроннай, харч., тэкстыльнай і інш. галінах прам-сці, у гандлі; ажыццяўляе распрацоўку прыродных рэсурсаў, фінансаванне прамысл. праектаў, інвестыцыйныя аперацыі ў Паўд. Карэі і інш. краінах. Першая ў краіне па аб’ёме продажу. Занята больш за 170 тыс. чалавек.

т. 14, с. 141