Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ

[міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],

шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.

Кучава-дажджавыя воблакі.

т. 9, с. 64

КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ

[міжнар. назва Cumulus (Cu)],

шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным верт. развіццём (выш. да 5 км і больш). Верхнія часткі падобны да купалаў або вежаў з круглаватымі абрысамі. Узнікаюць найчасцей як воблакі канвекцыі ў халодных паветр. масах, а ў цёплы час года таксама ў мясц. паветр. масах над паверхняй сушы, якая праграецца ўдзень. Могуць ператварацца ў кучава-дажджавыя воблакі.

Кучавыя воблакі.

т. 9, с. 65

КУЧА́К НААПЕ́Т

(?—1592?),

армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб. стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Айрены М., 1972;

Сто и один айрен. М., 1976.

А.Казінян.

т. 9, с. 65

КУ́ЧАН (Kučan) Мілан

(н. 14.1.1941, Крызеўцы, Славенія),

славенскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Люблянскі ун-т. З 1958 у федэрацыі камуністаў Славеніі. У 1963—65 заг. камісіі па пытаннях адукацыі ЦК Саюза моладзі Славеніі (СМС), у 1968—69 старшыня ЦК СМС. У 1978—86 старшыня скупшчыны (парламента) Сацыяліст. рэспублікі Славеніі ў складзе Югаславіі. У 1986—89 старшыня ЦК Саюза камуністаў Славеніі. З крас. 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума Рэспублікі Славенія (у чэрв. 1991 абвясціла сябе незалежнай дзяржавай). З снеж. 1992 прэзідэнт Славеніі.

т. 9, с. 65

КУ́ЧАР Алесь

(Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),

бел. крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Багдановіча, К.Чорнага, У.Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.Вінаградавым, 1968).

Тв.:

Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;

Аблічча часу. Мн., 1971;

Літаратурна-крытычныя артыкулы: Выбранае. Мн., 1980.

У.М.Конан.

т. 9, с. 65

КУ́ЧАР Фелікс Айзікавіч

(н. 10.2.1935, Мінск),

бел. аператар, рэжысёр дакумент. кіно. Сын А.Кучара. Скончыў БДУ (1951), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). З 1965 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар дакумент. фільмаў (усе з рэж. С.Лук’янчыкавым) «Гульня» (1972), «Старт» (1973), «Боль» (1988), «Сорам» (1991) і інш., якія вылучаюцца майстэрствам рэпартажных і псіхал. здымак. Маст. фільмам (усе з рэж. В.Рыбаравым) «Жывы зрэз» (1977), «Сведка» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987) і інш. уласціва стрыманая эмацыянальнасць, рэалістычнасць і духоўнасць. Рэжысёр дакумент. фільма «Развітальнае» (1995).

Г.В.Ратнікаў.

т. 9, с. 65

КУЧАРА́ВЫ Віктар Дзмітрыевіч

(14.5.1898, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 12.2.1940),

Герой Сав. Саюза (1940). Удзельнік грамадз. вайны. Да 1939 на прафс. і сав. рабоце. У Чырв. Арміі з 1939, інструктар палітаддзела 8-й стралк. дывізіі, камісар батальёна, ст. палітрук. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. 12.2.1940 вызначыўся ў баі за населены пункт Кіркі-Муалаа. Асабістым прыкладам падняў байцоў у атаку, што вырашыла паспяховы зыход аперацыі. Загінуў у гэтым баі.

т. 9, с. 65

КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м3, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).

В.Ф.Вінакураў.

т. 9, с. 65

КУ́ЧМА Леанід Данілавіч

(н. 9.8.1938, с. Чайкіна Ноўгарад-Северскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна),

украінскі дзярж. і паліт. дзеяч. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1994). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1960). У 1960—86 працаваў у канструктарскім бюро «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (у 1982—86 1-ы нам. ген. канструктара). У 1986—92 ген. дырэктар вытв. аб’яднання «Паўд. маш.-буд. з-д» у Днепрапятроўску (буйнейшы ў свеце канцэрн па вытв-сці ракет). Нар. дэп. Украіны (з 1990). У 1992—93 прэм’ер-міністр Украіны і чл. Рады нац. бяспекі. З ліп 1994 прэзідэнт Украіны (у ліст. 1999 абраны прэзідэнтам на другі тэрмін). У 1994—96 сустаршыня Канстытуц. камісіі. Ленінская прэмія 1981, Дзярж. прэмія Украіны 1993.

І.Р.Бунечка.

Л.Д.Кучма.

т. 9, с. 65

КУЧУ́КІ,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял. кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Я н а (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, i Войцех (каля 1440 — пач.1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 65