Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАРЫ́НФ (Korinthos),

горад у Грэцыі, на Пн в-ва Пелапанес. Адм. ц. нома Карынфія. Каля 30 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Карынфскім канале (вываз разынак, аліўкавага алею). Буйнейшы ў краіне нафтаперапр. з-д. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі.

У старажытнасці — горад-дзяржава (поліс). Засн., верагодна, у 9 ст. да н.э. дарыйцамі. У 8—7 ст. да н.э. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр (вырабы з бронзы і керамікі), стварыў калоніі Сіракузы, Керкіра, Патыдэя і інш. У 7—6 ст. да н.э. дасягнуў найб. росквіту. У канцы 6 ст. да н.э. ўступіў у Пелапанескі саюз, удзельнічаў у грэка-персідскіх войнах 500—449 да н.э. Супярэчнасці паміж Афінамі і К. былі адной з прычын Пелапанескай вайны 431—404 да н.э. Вёў Карыкфскую вайну 395—387 да н.э. У 243 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. У 146 да н.э. захоплены і разбураны рымлянамі, у 46 да н.э. адбудаваны, з 27 да н.э. гал. горад рым. правінцыі Ахая. У 51 н.э. заснавана першая хрысц. абшчына. У 395 разбураны вестготамі, у 521 — моцным землетрасеннем. Пасля аднаўлення (522—523) — крэпасць. З 1205 пад уладай Візантыі, у 1455—1822 у складзе Асманскай імперыі. Сучасны К. адбудаваны за 6 км на ПдЗ ад старажытнага пасля моцнага землетрасення 1858. З 1896 вядуцца рэгулярныя археал. раскопкі. Захаваліся: храм Апалона (каля 550 да н.э.), рым. агара (15 н.э.), грэч. і рым. жыллёвыя кварталы, храмы, адэон, тэатр рым. часоў; ант. і сярэдневяковыя ўмацаванні на гары Акракарынф; руіны свяцілішча Пасейдона (5 ст. да н.э.), стадыёна пач. 4 ст. да н.э., рым. тэатра і тэрмаў; крэпасць Юстыніяна 6 ст., рэшткі ант. і сярэдневяковых абарончых збудаванняў.

т. 8, с. 116

КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).

т. 8, с. 116

КАРЫ́НФСКІ (Апалон Апалонавіч) (10.9.1868, г. Ульянаўск, Расія — 12.1.1937),

рускі паэт, перакладчык. Рэдагаваў час. «Север», супрацоўнічаў у «Правительственном вестнике» (1895—1904). Друкаваўся з 1886. Аўтар гіст. балад, лірычных і пейзажных вершаў. Апяваў прыроду, «чыстую прыгажосць»; «Гімн прыгажосці» (1899), «Народная Русь» (1901), «Славянскія бывальшчыны» (1914) і інш. Яго паэзія вызначаецца сузіральнасцю, рацыяналістычнасцю, асобныя вершы — яркай вобразнасцю і вял. эмацыянальнасцю. Пасля 1917 амаль не пісаў. Пераклаў асобныя творы П.Беранжэ, С.Т.Колрыджа, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага. Быў знаёмы з Я.Купалам, пераклаў на рус. мову 16 яго вершаў, напісаў біягр. даведку пра яго (час. «Педагогический листок», 1914, № 1). Беларусі прысвяціў верш «Літоўскімі палямі».

Літ.:

Малютина А. Янка Купала и Аполлон Коринфский // Неман. 1961. № 1.

т. 8, с. 116

КАРЫ́НФСКІ ЗАЛІ́Ў (Korinthiakos kolpos),

заліў Іанічнага м., аддзяляе п-аў Пелапанес ад асн. ч. Грэцыі. Даўж. 130 км, шыр. каля ўвахода 3 км, макс. — каля 35 км, глыб. да 935 м. Паўн. гарыстыя берагі расчлянёны шматлікімі залівамі і бухтамі. Злучаны Карынфскім каналам з Эгейскім морам.

т. 8, с. 116

КАРЫ́НФСКІ КАНА́Л,

у Грэцыі, цераз Карынфскі перашыек злучае Эгейскае і Іанічнае моры. Даўж. 6,3 км, глыб. 8 м. Пракапаны ў 1881—93. Скарачае шлях ад зах. да ўсх. узбярэжжаў Грэцыі больш як на 200 км. На паўд. беразе — порт Карынф.

т. 8, с. 117

КАРЫ́НФСКІ О́РДЭР,

адзін з трох асн. грэчаскіх арх. ордэраў. Склаўся ў 2-й пал. 5 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі (карынфская калона ў храме Апалона ў Басах на Пелапанесе, каля 430 да н.э.) як больш насычаны дэкорам варыянт іанічнага ордэра. Вызначаецца высокай капітэллю, упрыгожанай стылізаванымі лістамі аканта і завіткамі; мадульёны або больш развітыя кансолі пад увянчальнай плітой карніза замяняюцца дэнтыкуламі або выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з імі. Ад інш. ордэраў адрозніваецца большай лёгкасцю прапорцый, насычанасцю дэкорам. Атрымаў пашырэнне ў архітэктуры элінізму і асабліва Стараж. Рыма. На Беларусі быў пашыраны ў архітэктуры класіцызму з характэрнай для бел. дойлідства гладкай паверхняй ствала калоны. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры 1950-х г.

В.Ф.Валошын.

Карынфскі ордэр.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,

карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.

У.Я.Бардон.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ,

прыродныя мінер. ўтварэнні зямной кары, якія могуць быць эфектыўна выкарыстаны ў сферы матэрыяльнай вытв-сці. Фарміруюцца ў ходзе геал. гісторыі пад уплывам экзагенных і эндагенных працэсаў. Вылучаюць цвёрдыя (вугалі выкапнёвыя, руды, неметал. карысныя выкапні), вадкія (нафта, падземныя воды) і газападобныя (газы прыродныя). Паводле складу і асаблівасцей выкарыстання адрозніваюць гаручыя, метал. і неметал. выкапні. Залягаюць у радовішчах, якія аб’ядноўваюць у раёны, правінцыі і басейны. Гл. таксама Мінеральна-сыравінныя рэсурсы, Запасы карысных выкапняў.

т. 8, с. 117

КАРЫ́СЦЬ (карыслівы намер),

у крымінальным праве адзін з матываў злачынства, які выяўляецца ў імкненні да нажывы, абагачэння праз учыненне злачынства. Адносіцца да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей (напр., у выпадку забойства).

т. 8, с. 117

КАРЫ́ТНАЕ,

вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад г. Асіповічы, 154 км ад Магілёва, 13 км ад чыг. ст. Ясень. 546 ж., 198 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 117