Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУ́ХАРАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 18.11.1916, в. Задзетуні Віцебскага р-на),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца манументальнасцю вобразаў, абагульненасцю пластычнай трактоўкі форм, графічнасцю, дэкаратыўнасцю колеру. Стварыў галерэю партрэтаў знакамітых людзей Віцебшчыны: Герояў Сав. Саюза К.С.Заслонава (1946), Е.С.Зяньковай (1958), М.Ф.Сільніцкага (1964), В.З.Харужай (1965), З.М.Партновай (1969), М.П.Шмырова (1972), А.К.Гараўца (1975), І.П.Собалева (1977), А.Ф.Данукалава (1982), нар. артыста СССР Ф.Шмакава (1965), нар. артыстаў Беларусі М.Бялінскай (1952) і Г.Маркінай (1965), партызан, вучоных, перадавікоў вытв-сці, спартсменаў і інш. У тэматычных карцінах увасобіў сімвалічныя вобразы Вял. Айч. вайны: «У засценках гестапа» (1945), «Віцебшчына. Год 1941» (1974), «Маці (Хатынь)» (1978). Шэраг твораў прысвяціў рэвалюцыі 1917. Тэма стараж. гісторыі ў карцінах «Францыск Скарына» (1989), «Княгіня Вольга» (1991).

М.Л.Цыбульскі.

У.Кухараў. Бацька Мінай (Герой Савецкага Саюза М.П.Шмыроў). 1972.

т. 9, с. 62

КУ́ХАРАЎ (Фёдар Якаўлевіч) (18.3.1924, г. Добруш Гомельскай вобл. — 20.5.1946),

удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З пач. акупацыі г. Добруша ням. фашыстамі арганізоўваў збор узбраення для партызан, праводзіў дыверсіі на чыгунцы Гомель—Бранск. З ліп. 1943 у партыз. атрадзе Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна. Са жн. ўзначальваў падрыўную групу, якая пусціла пад адхон 24 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Пасля вызвалення Добруша з кастр. 1943 удзельнічаў у размініраванні тэрыторыі, загінуў ад разрыву снарада.

Ф.Я.Кухараў.

т. 9, с. 63

КУХАРО́НАК (Таццяна Іванаўна) (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1988). Скончыла БДУ (1981). З 1971 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе гіст. эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Адзін з аўтараў кніг «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» і «Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны» (1996) і інш.

Тв.:

Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993.

т. 9, с. 63

КУХА́РЧЫК (Пётр Дзмітрыевіч) (н. 22.3.1945, в. Арда Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. навук (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1972). У 1972—90 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі пры БДУ, адначасова з 1989 у БДУ (з 1990 прарэктар). Прэзідэнт к-та Міжнар. саюза радыёнавук у Беларусі. Навук. працы па радыёоптыцы і галаграфіі. Распрацоўваў і даследаваў галаграфічныя метады ў радыё-, інфрачырвоным, ЗВЧ і аптычным дыяпазонах эл.-магн. хваль. Прапанаваў і рэалізаваў метады пераўтварэння выпрамяненняў інфрачырвонага і ЗВЧ дыяпазонаў у аптычны дыяпазон, выканаў шэраг работ па тэарэт. і эксперым. даследаваннях нетрадыцыйных метадаў фарміравання радыёвідарысаў.

П.М.Бараноўскі.

П.Дз.Кухарчык.

т. 9, с. 63

КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),

археолаг. Д-р гіст. н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед. ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АН СССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр. Усх. Еўропы.

Тв.:

Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Средневековые памятники Полесья. М., 1961;

Зарубинецкая культура. М., 1964;

Могильник Брест—Тришин. М., 1980.

В.С.Вяргей.

т. 9, с. 63

КУХМІ́СТАР,

пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 63

КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,

прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.

Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш. Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.

т. 9, с. 63

КУ́ХТА (Віктар Кліменцьевіч) (н. 11.1.1937, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1974 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні неспрыяльнага дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя на метабалічныя працэсы арганізма.

Тв.:

Механизмы компенсации при митральном стенозе. Мн., 1978 (разам з А.У.Шотам, В.В.Раманенкам);

Острый панкреатит. Мн., 1981 (у сааўт.);

Белки плазмы крови. Мн., 1986 (разам з Э.І.Алецкім, А.М.Стажаравым).

т. 9, с. 63

КУ́ХТА (Усевалад Вітольдавіч) (18.8.1922, г. Калуга, Расія — 1991),

бел. рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1950). У 1951—52 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.Купалы, у 1957—61 — Рэсп. студыі тэлебачання, з 1967 — Новамаскоўскага драм. т-ра. Сярод п’ес у т-ры імя Я.Купалы: «Уцёкі» Дз.Шчаглова (1951), «На досвітку» А.Макаёнка (з К.Саннікавым) і «Прага застаецца маёй» Ю.Буракоўскага (1952). Стваральнік першых тэлевізійных спектакляў на бел. тэлебачанні: «Брат мой, вораг мой» М.Уілсана, «Маленькія трагедыі» А.Пушкіна, «Месяцавая саната» паводле К.Паустоўскага і «Будка № 27» І.Франко (1957), «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа (1958), «Вялікае сэрца» паводле К.Чорнага, «Палата № 6» паводле А.Чэхава (1960). Першы на рас. прафес. сцэне паставіў «Паўлінку» Я.Купалы (1969).

т. 9, с. 63

КУ́ХТЫ М. ДРУКА́РНЯ,

прыватная бел. друкарня ў Вільні ў 1906—17, заснаваная друкаром і выдаўцом М.М.Кухтам. Мела права выдаваць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах. 23.11.1906 у ёй надрукаваны 1-ы нумар бел. газ. «Наша ніва». Друкавала творы Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, Я.Коласа, К.Буйло, Цёткі, у т. л. верш «Скрыпка беларуская», забаронены царскай цэнзурай. Выдавала бел. календары, зборнікі, спеўнікі з нотамі і інш.

т. 9, с. 63