Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕ́ЧЫЯР ((Mečiar) Уладзімір) (н. 26.7.1942, г. Зволен, Славакія),

славацкі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Вучыўся ва ун-це імя Я.А.Каменскага ў Браціславе і Вышэйшай камсамольскай школе ў Маскве. За ўдзел у апазіц. выступленнях 1968 выключаны з кампартыі (1970). Працаваў юрыстам на шкляной ф-цы. З ліст. 1989 чл. славацкага грамадз. руху «Грамадскасць супраць гвалту», пасля яго расколу ў 1991 узначаліў «Рух за дэмакр. Славакію». У 1990 міністр унутр. спраў і аховы навакольнага асяроддзя, у 1990—91 прэм’ер-міністр славацкага ўрада. Прыхільнік скасавання федэрацыі з Чэхіяй і незалежнасці Славакіі. У 1992—94 і пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (кастр. 1994) «Руху за дэмакр. Славакію» са снеж. 1994 да вер. 1998 прэм’ер-міністр Славакіі (з 1.1.1993 суверэнная Славацкая Рэспубліка). У сак.вер. 1998 адначасова в.а. прэзідэнта Славакіі.

М.С.Даўгяла.

т. 10, с. 326

МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),

адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.

Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да ​1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.

Меч-рыба.

т. 10, с. 326

МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),

род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.

Меч-трава́ звычайная.

т. 10, с. 326

МЕ́ШАЎКА,

ручай, гл. Машоўка.

т. 10, с. 327

МЕШКАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ,

клас ніжэйшых пазваночных жывёл, гл. Кругларотыя.

т. 10, с. 327

МЕ́ШКА I (Mieszko),

Мечыслаў I (каля 935—25.5.992), першы гістарычна вядомы польскі князь (960—992); стваральнік польскай дзяржавы. З дынастыі Пястаў. Сын Земамысла. Заключыў саюз з Чэхіяй, ажаніўся з чэш. князёўнай Добравай (965) і прыняў хрысціянства ў яго зах. форме (966), даў пачатак будаўніцтву царк. арг-цыі ў Польшчы. Ваяваў з люцічамі за Памор’е (967), у 979 адбіў нападзенне на Польшчу імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Атона II. Пасля смерці Добравы (977) і распаду польска-чэш. саюза каля 990 авалодаў Сілезіяй і Малапольшчай. Пры ім аб’яднаны карэнныя польскія землі (акрамя Кракаўскай). Перад смерцю падзяліў краіну паміж Баляславам I Храбрым (сынам Добравы) і малалетнімі сынамі ад другога шлюбу.

Н.К.Мазоўка.

т. 10, с. 327

МЕ́ШТРАВІЧ ((Meštrović) Іван) (15.8.1883, Врполе — 16.1.1962),

харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.Радэна, ЭА.Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.

Я.Ф.Шунейка.

І.Мештравіч Маці. 1908.

т. 10, с. 327

МЕШХЕ́Д,

горад на ПнУ Ірана, у даліне р. Кешэфруд. Адм. ц. астана Харасан. Засн. ў 9 ст. Каля 1,5 млн. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл-прамысл. цэнтр. Прам-сць: тэкст., дрэваапр., цэм., харчасмакавая (у т.л. цукр. і тытунёвая), гарбарная, металаапрацоўчая. Дыванаткацтва. Ун-т. Свяшчэнны горад мусульман-шыітаў. Культавы ансамбль (12—19 ст.) вакол магілы імама Рэзы, у т.л. 5 медрэсэ, мячэць Гаўхар-шад (15 ст.). Паблізу М. — магіла перс. і тадж. паэта Фірдаўсі, мячэці і маўзалеі 14—17 ст.

т. 10, с. 327

МЕЯРО́ЎСКІ (Анатоль Сямёнавіч) (17.4.1936, Мінск),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-р с.-г. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі, з 1993 у Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (нам. дырэктара). Навук. працы па меліярац. глебазнаўстве, урадлівасці меліяраваных глеб, лугаводстве. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Справочник по мелиоративной географии. Мн., 1981 (разам з В.С.Аношкам);

Система удобрения культурных сенокосов и пастбищ // Применение удобрений в интенсивном земледелии. Мн., 1989.

т. 10, с. 327