МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),

род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.

Меч-трава́ звычайная.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)