МЕ́ШТРАВІЧ ((Meštrović) Іван) (15.8.1883, Врполе — 16.1.1962),

харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.Радэна, ЭА.Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.

Я.Ф.Шунейка.

І.Мештравіч Маці. 1908.

т. 10, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)