Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛАМІ́НСКІ (Якаў Львовіч) (н. 1.11.1934, г. Нароўля Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1981), праф. (1982). Засл. дз. н. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955), працаваў там з 1960 (з 1978 заг. кафедры агульнай і дзіцячай псіхалогіі). З 1995 гал. рэдактар час. «Псіхалогія». Даследуе праблемы фарміравання псіхал. культуры асобы, развіцця міжасабовых адносін у навуч. калектывах. Распрацоўвае тэарэт. асновы пед. сац. псіхалогіі і сац. псіхалогіі развіцця. Многія яго творы перакладзены на польск., ісп., балг. і інш. мовы.

Тв.:

Психология взаимоотношений в малых группах: (Общие и возрастные особенности). Мн., 1976;

Психология детского коллектива: Система личных взаимоотношений. 2 изд. Мн., 1984;

Человек среди людей. Мн., 1987;

Социальная психология школьного класса. Мн., 1997.

т. 7, с. 449

КАЛАМІ́РЫС ((Kalomoirēs) Маноліс) (26.12.1883, г. Смірна, Грэцыя — 3.4.1962),

грэчаскі кампазітар, педагог. Правадз. чл. Афінскай АН (1945). Вучыўся ў Афінах, Канстанцінопалі, у 1901—06 у Венскай кансерваторыі. У 1906—10 выкладаў у Харкаве. З 1911 у Афінах, у 1919 заснаваў тут Элінскую (да 1926 дырэктар), у 1926 — Нац. (да 1948 дырэктар) кансерваторыі. Заснавальнік навагрэч. муз. школы, сучаснага грэч. опернага мастацтва. Сярод твораў: оперы «Старшы майстар» (1916), «Пярсцёнак маці» (1917), «Усход» (1945), «Мутныя воды» (1950), «Канстанцін Палеалог» (1962); 3 сімфоніі (1920—55), сімф. паэмы; канцэрт для скрыпкі з арк. (1961), камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., песні, музыка для драм. т-ра, апрацоўкі нар. песень і танцаў. Аўтар аўтабіяграфіі «Маё жыццё і маё мастацтва» (1944—45).

т. 7, с. 449

КАЛАМІ́ТАВЫЯ (Calamitales),

парадак выкапнёвых раслін кл. хвашчоў. 2 сям. Вядомыя з ранняга карбону, росквіт у сярэднім карбоне, вымерлі ў пермі ці пач. трыясу. Засялялі нізінныя, часта забалочаныя прасторы.

Расліны ад дробных травяністых да буйных дрэвападобных выш. да 20 м, дыям. сцябла да 1 м, з інтэнсіўным галінаваннем. Сцябло падзялялася вузламі на міжвузеллі. На вузлах парасткаў месціліся кальчакі галін ці лінейнага лісця з адной жылкай. Спараносныя шышкі складаліся з пладушчага і стэрыльнага лісця (спарангіяфораў), якія чаргаваліся. Як і хвашчы, мелі вял. поласць на месцы стрыжня, але адрозніваліся ад іх моцным развіццём другаснай драўніны.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 7, с. 449

«КАЛАМІ́Я»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Выканаўцы ў агульным крузе танцуюць пад розныя жартаўлівыя прыпеўкі, прытупваюць і адбіваюць нагамі «драбняка» і інш. рытмічныя фігуры, суправаджаючы іх рухамі рук, кружацца, потым утвараюць пары. Вядомы з канца 19 ст Зафіксаваны ў Столінскім і інш. паўд. раёнах Беларусі. Быў папулярны і ў інш. мясцовасцях. Блізкі да ўкр. нар. танца «Каламыйка».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 7, с. 449

КАЛАМЫ́ЙКА (ад назвы г. Каламыя, Украіна),

1) жанр укр. нар. паэзіі, кароткая песенька накшталт прыпеўкі. Пашырана пераважна ў зах. абласцях Украіны. Узнікла ў 15 ст., першыя муз. запісы з 17 ст. Страфа К., як правіла, — трохкаленнае 14-складовае двухрадкоўе (гл. Каламыйкавы верш). Найб. поўны зб. «Каламыйкі» (т. 1—3, 1905—07) выдаў У.М.Гнацюк. Трапляецца ў бел. нар. творчасці: «Чые пчолы лятуць ў поле, // А мае ў садочку. // А хто любіць далёкую, // А я сусядочку». На ўзор укр. М.​Багдановіч стварыў бел. К.

2) Укр. нар. масавы танец гуцулаў.

3) Нар. інструментальная п’еса.

Літ.:

Шумада Н. Песенні мініатюри українського народу // Коломийки. Київ, 1969.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 449

КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,

14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар. укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел. нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.​Шаўчэнка, С.​Руданскі, Я.​Купала, М.​Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.​Купалы).

В.​П.​Рагойша.

т. 7, с. 449

КАЛА́Н, камчацкі бабёр,

марская выдра (Enhydra lutris),

млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.

Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.

З.​Р.​Самусенка.

Калан.

т. 7, с. 449

КАЛАНА́ДА (франц. colonnade),

рад або рады калон, аб’яднаных гарыз. перакрыццем ці антаблементам. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынкаў выкарыстоўваюцца ў выглядзе порцікаў і галерэй, якія прылягаюць да будынка, аб’ядноўваюць яго асобныя часткі, звязваюць з навакольным асяроддзем (з прасторай двара або плошчы). Можа быць самаст. збудаваннем. Унутры будынкаў К. абрамляюць залу, выкарыстоўваюцца для расчлянення і адначасова сувязі асобных ч. параднага інтэр’ера. Вядома ў манум. архітэктуры Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Пашырана ў еўрап. архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму.

На Беларусі К. выкарыстоўваліся ў палацавых пабудовах стыляў барока, класіцызму, а таксама гандл. будынках 19 ст. У архітэктуры 20 ст. выкарыстоўвалася як асн. элемент кампазіцыі гал. фасадаў (гал. корпус Нац. АН Беларусі, Дом прафес. саюзаў у Мінску, будынак Бел. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску і інш.). У выглядзе К. аформлены гал. ўваход у Цэнтр. бат. сад Нац. АН Беларусі.

Каланада.

т. 7, с. 449

КАЛАНА́Т (лац. colonatus ад colonus земляроб),

асаблівая форма вытв. адносін паміж буйным землеўладальнікам і непасрэдным вытворцам — калонам у Рым. імперыі. Пры сістэме К. буйная зямельная ўласнасць драбнілася на парцэлы — невял. ўчасткі, якія здаваліся ў арэнду калонам. Напачатку (2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) юрыдычна свабодны і эканамічна самаст. калон, які плаціў арэнду грашамі, мог выкарыстоўваць для апрацоўкі зямлі працу рабоў і выступаў як дробны рабаўладальнік. Пазней (з 2 ст. н.э.) у выніку масавага разарэння дробных і сярэдніх рабаўладальнікаў з-за нізкай прадукцыйнасці рабскай працы і скарачэння крыніц папаўнення рабоў калон трапіў у асабістую і эканам. залежнасць (плаціў арэнду доляй ураджаю) ад апекуна-землеўладальніка. У 4—5 ст. калоны юрыдычна прымацаваны да зямлі; былі папярэднікамі сярэдневяковых прыгонных.

т. 7, с. 450

КАЛАНДЗЁНАК (Анатоль Іосіфавіч) (н. 30.9.1923, в. Мсціж Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. флейтыст, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1953, клас У.​Харытонава). У 1940—53 артыст аркестра Бел. т-ра юнага гледача, Дзярж. нар. аркестра Беларусі, Дзярж. сімф. аркестра Бел. філармоніі. З 1952 выкладчык (у 1953—59 і 1969—71 дырэктар) Мінскага муз. вучылішча імя М.​Глінкі, у 1959—69 дырэктар Бел. філармоніі. У 1971—79 нач. упраўлення ў Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар муз. твораў, у т. л. хору на словы А.​Дзеружынскага, Паэмы для скрыпкі і фп., балады «Курган» для саліста і фп. на словы М.​Алтухова.

Р.​Л.​Лагонда.

т. 7, с. 450