САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ШВЕ́ЦЫІ (СДРПШ; Sveriges Socialdemokratiska Arbetarepartiet),
вядучая паліт. партыя краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1889 у Стакгольме. З 1897 дзейнічала парт. праграма, прынятая на ўзор Эрфурцкай праграмы С.-д. партыі Германіі (на аснове марксізму). Да 1899 дамінавала рэв. група А.Даніельсана, потым вылучылася памяркоўнае крыло на чале з К.Я.Брантынгам (лідэр партыі з 1907; у 1920, 1921—23, 1924—25 прэм’ер-міністр Швецыі). З 1930-х г. ідэалогія — рэфармізм (шведскі сацыялізм), у знешняй палітыцы — нейтралітэт краіны. У 1932—76, 1982—91 і з 1994 кіруючая партыя (у час прэм’ерства Брантынга і ў 1925—26, 1991—94 ва ўрадавай кааліцыі з інш. партыямі). Іншыя прэм’ер-міністры Швецыі ад партыі: Р.Сандлер (1925—26), П.А.Хансан (1932—46), Т.Эрландэр (1946—69), С.У.Пальме (1969—76, 1982—86), І.Г.Карлсан (1986—91, 1994—96), К.Більт (1991—94), Г.Персан (з 1996). Друкаваны орган — газ. «Arbetet» («Рабочы»). Уваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал.
Літ.:
Плевако Н.С. Швеция: реформизм против реформы.: К пробл. «экон. демократии» в 60—80-е гг. М., 1990.
т. 14, с. 211
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ.
сацыял-дэмакратызм, сукупнасць уяўленняў, поглядаў і дзеянняў, скіраваных на пабудову сацыяльна арыентаванага дэмакр. грамадства; плынь у міжнар. рабочым руху. Паводле прынятай у паліталогіі класіфікацыі належыць да левага кірунку (левага паліт. спектра). Для С.-д. характэрны: арыентацыя пераважна або выключна на эвалюц. формы грамадскага развіцця, на паступовае і мірнае пераўтварэнне капіталізму ў сацыялізм шляхам рэформ (гл. Рэфармізм), на супрацоўніцтва класаў грамадства і інш. Папярэднікамі ідэй С.-д. былі Ж.Ж.Л.Блан, П.Ж.Прудон. Негвалтоўныя метады С.-д. (кампраміс, пагадненне і інш.) вядомы з часоў дзейнасці Ф.Ласаля, пасібілістаў і інш. Развіццё ідэй С.-д. ішло ў бок трансфармацыі канцэпцый марксізму і камунізму. Аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ўзніклі Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, Сацыял-дэмакратычная рабочая партыя Швецыі і інш. У пач. 20 ст. засн. Лейбарысцкая партыя Вялікабрытаніі, у Расіі дзейнічалі меншавікі. У 1-ю сусв. вайну многія с.-д. партыі на хвалі патрыятызму падтрымлівалі ваен. палітыку ўрадаў сваіх краін. Сярод тэарэтыкаў С.-д. Э.Бернштэйн, К.Каўцкі, О.Баўэр, Ф.Адлер, Л.Мартаў, Л.Блюм, Э.Вандэрвельдэ і інш. (гл. таксама Апартунізм, Рэвізіянізм). Погляды С.-д. адстойвалі Бернскі інтэрнацыянал, «Інтэрнацыянал 2 1/2, Сацыялістычны рабочы інтэрнацыянал, Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі, а з 1951 — Сацыялістычны інтэрнацыянал. У ходзе эвалюцыі с.-д. руху дамінуючае становішча ў ім занялі цэнтрысты (гл. Цэнтрызм). На працягу 20 ст. с.-д. партыі неаднаразова ўзначальвалі ўладу ў шэрагу краін, асабліва ў скандынаўскіх. На тэр. Беларусі дзейнічалі Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і інш., у 1990-я г. створаны Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сацыялістычная партыя і інш.
Літ.:
Самарская Е.А. Социал-демократия в начале века. М., 1994;
Миронов Д.А., Перцев А.В. Австромарксизм, позитивизм и рабочее движение. Свердловск, 1990;
Салычев С.С. В поисках «третьего пути»: Эволюция идеологии социал-демократии в современ. эпоху. М., 1988.
У.Я.Калаткоў.
т. 14, с. 211
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРА́ТЫЯ КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА І ЛІТВЫ́ (СДКПіЛ; Socjaldemokracja Krdlestwa Polskiego i Litwy),
сацыялістычная рабочая партыя ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве ў 1893—1918. Узнікла пад назвай Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП) у выніку аб’яднання Саюза польскіх рабочых і левых, інтэрнац. элементаў партыі «Пралетарыят» (2-і). У студз. 1900 на з’ездзе ў Мінску СДКП аб’ядналася з Рабочым саюзам Літвы ў адзіную СДКПіЛ. Стваральнікі і кіраўнікі: Б.Весалоўскі, Ф.Дзяржынскі, М.Каспшак, Р.Люксембург, Ю.Мархлеўскі, Я.Тышка, С.Трусевіч, Т.Уластоўскі і інш. Друкаваныя органы: газ. «Sprawa Robotnicza» «Рабочая справа», 1893—96), «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг», 1902—18) і інш.; час. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд», 1900—05), «Z pola walki» («З поля барацьбы», 1905). Асн. мэты — звяржэнне самадзяржаўя і заваяванне паліт. свабод, пабудова сацыялізму. У крас. 1906 уступіла ў РСДРП на правах аўт. арг-цыі. Адстойвала пазіцыі інтэрнацыяналізму ў рабочым руху. У рэвалюцыю 1905—07 адыгрывала кіруючую ролю ў студзеньска-лютаўскіх забастоўках 1905, Лодзінскім паўстанні 1905, падзеях Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905. У 1908 выступіла за захаванне і ўмацаванне нелегальных парт. арг-цый і максімальнае выкарыстанне магчымасцей для легальнай барацьбы. У 1916 СДКПіЛ пераадолела ўнутр. раскол (адбыўся ў 1911—12) на «зажандоўцаў» (прыхільнікаў Гал. праўлення) і «разломаўцаў», якія стварылі сваё Краявое праўленне і супрацоўнічалі з бальшавікамі. Падтрымала Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 групы СДКПіЛ дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Маладзечна і інш. У снеж. 1918 разам з ППС-лявіцай утварыла Камуністычную партыю Польшчы.
Літ.:
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;
Cimek H. Komuniści a Polska (1918—1939). Warszawa, 1989.
т. 14, с. 211
САЦЫЯ́Л-РЭФАРМІ́ЗМ,
тэорыя і практыка рэфармізму ў сацыяліст. і рабочым руху. Гл. ў арт. Апартунізм, Рэфармізм, Рэвізіянізм.
т. 14, с. 216
САЦЫЯ́Л-ШАВІНІ́ЗМ,
нацыяналістычная плынь, носьбіты якой выступаюць у падтрымку шавіністычнай (гл. Шавінізм) палітыкі правячых колаў сваіх краін. Актыўна С.-ш. праявіўся ў час 1-й сусв. вайны, калі большасць лідэраў сацыяліст. і с.-д. партый Інтэрнацыянала 2-га адмовілася ад прынцыпаў салідарнасці і падтрымала палітыку ўрадаў сваіх краін, якія ўдзельнічалі ў імперыяліст. вайне.
т. 14, с. 216
САЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. societas грамадства + ...метрыя),
эмпірычны кірунак у сацыялогіі і сац. псіхалогіі, які вывучае эмацыянальныя міжасобасныя адносіны ў малых сац. групах; сукупнасць метадаў даследавання малых сац. груп. Тэрмін «С.» ўзнік у канцы 19 ст. ў сувязі са спробамі матэм. вымярэння сац. уплываў паміж людзьмі. Тэарэт. абгрунтаванне С. як метаду пазнання і вымярэння сац. з’яў прапанаваў амер. сац. псіхолаг і псіхіятр Я.Л.Марэна. С. даследуе структуру і дынаміку нефармальных адносін паміж індывідамі ў малых сац. групах, фармулюе заканамернасці эмацыянальных адносін у групах і экстрапалюе вывады на грамадства ўвогуле. Метады С. дазваляюць апісаць абагульненую карціну сімпатый і антыпатый у групе (сацыяграма), вызначыць нефармальных лідэраў і «адрынутых», самаацэнку стану асобы ў групе і інш. Атрыманыя шляхам матэм. разлікаў сацыяметрычныя каэфіцыенты адлюстроўваюць ступень згуртаванасці і ўзаемадзеяння індывідаў у групе.
Літ.:
Морено Дж.Л. Социометрия: Эксперимент. метод и наука об обществе: Пер. с англ. М., 1958;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах. Мн., 1976;
Антипина Г.С. Теоретико-методологические проблемы исследования малых социальных групп. Л., 1982.
Г.М.Сакалова.
т. 14, с. 218
САЦ-АРТ,
адна з найб. значных плыней сав. неафіц. мастацтва (андэграўнду). Узнік у 1970-я г. ў творчасці рас. мастакоў В.Комара і А.Меламіда як ідэйная і эстэт. рэакцыя на панаваўшы метад сацыялістычнага рэалізму (парадыйная назва «С.а.» — літаральна «сацыялістычнае мастацтва»). С.-а. імкнуўся да пазбаўлення мастацтва ад ідэалаг. стэрэатыпаў, іранічна выкарыстоўваў і гратэскна (часам эпатажна) перапрацоўваў сімвалы сав. дзяржаўнасці, лозунгі камуніст. агітацыі і інш. Стылістычна не аформіўся ў дакладна вызначаны кірунак, аб’ядноўваў розных па творчай манеры мастакоў (Б.Арлоў, Р.Брускін, А.Касалапаў, Р.Лебедзеў, Дз.Прыгаў, Л.Сокаў і інш.). Прадстаўнік С.-а. на Беларусі — А.Пушкін.
С.У.Пешын.
т. 14, с. 208