САЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. societas грамадства + ...метрыя),
эмпірычны кірунак у сацыялогіі і сац. псіхалогіі, які вывучае эмацыянальныя міжасобасныя адносіны ў малых сац. групах; сукупнасць метадаў даследавання малых сац. груп. Тэрмін «С.» ўзнік у канцы 19 ст. ў сувязі са спробамі матэм. вымярэння сац. уплываў паміж людзьмі. Тэарэт. абгрунтаванне С. як метаду пазнання і вымярэння сац. з’яў прапанаваў амер. сац. псіхолаг і псіхіятр Я.Л.Марэна. С. даследуе структуру і дынаміку нефармальных адносін паміж індывідамі ў малых сац. групах, фармулюе заканамернасці эмацыянальных адносін у групах і экстрапалюе вывады на грамадства ўвогуле. Метады С. дазваляюць апісаць абагульненую карціну сімпатый і антыпатый у групе (сацыяграма), вызначыць нефармальных лідэраў і «адрынутых», самаацэнку стану асобы ў групе і інш. Атрыманыя шляхам матэм. разлікаў сацыяметрычныя каэфіцыенты адлюстроўваюць ступень згуртаванасці і ўзаемадзеяння індывідаў у групе.
Літ.:
Морено Дж.Л. Социометрия: Эксперимент. метод и наука об обществе: Пер. с англ. М., 1958;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах. Мн., 1976;
Антипина Г.С. Теоретико-методологические проблемы исследования малых социальных групп. Л., 1982.
Г.М.Сакалова.
т. 14, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)