Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Іпалітавіч) (11.3.1863, в. Самастрэлы Ровенскай вобл., Украіна — 24.2.1937),

украінскі батанік. Акад. АН Украіны (1919). Чл.-кар. АН СССР (1928). Скончыў Кіеўскі ун-т (1886), з 1887 працаваў у ім, у 1894—1917 у Пецярб. бат. садзе. З 1922 прэзідэнт АН Украіны. З 1928 дырэктар бат. сада ў г. Адэса (Украіна). Навук. працы па сістэматыцы і геаграфіі кветкавых раслін Украіны, Каўказа, Сярэдняй Азіі, гісторыі і бібліяграфіі батанікі.

т. 9, с. 277

ЛІ́ПСКІ (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т.л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.Клімковіч, муз. В.Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.У.Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

ЛІ́ПСКІ (Юрый Навумавіч) (22.11.1909, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 24.1.1978),

расійскі астраном. Д-р фіз.-матэм. н. (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1945 у Астр. ін-це імя П.К.Штэрнберга. Навук. працы па фізіцы Сонца, Месяца і планет. Пад яго кіраўніцтвам створаны «Атлас адваротнага боку Месяца» (ч. 1—3, 1960—75). Працаваў над выкарыстаннем тэлевізійных сістэм у астраноміі. Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Каталог кратеров Марса и статистика кратеров Марса, Меркурия и Луны. М., 1977 (у сааўт.).

У.С.Ларыёнаў.

т. 9, с. 278

ЛІПУНО́Ў (Аляксандр Якаўлевіч) (25.2. 1906, в. Хвойня Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 21.8.1962),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Свярдлоўскі горны тэхнікум (1937). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1943 на Зах., 3-м і 2-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах. Пам. камандзіра ўзвода разведкі старшына Л. вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы: з 14 студз. па 5 лют. з групай байцоў разведаў сістэму абарончых умацаванняў праціўніка, захапіў 2 «языкоў», выявіў наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых сродкаў. Пасля вайны працаваў геолагам.

А.Я.Ліпуноў.

т. 9, с. 278

ЛІПУ́ЧКА, турыца (Lappula),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, у Аўстраліі, часткова ў Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. вожыкападобная (L. echinata). Трапляецца на засмечаных мясцінах, насыпах, каля жылля. Пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, шаравата-зялёныя. Лісце вузкалінейнае ці ланцэтападобнае, апушанае, як і сцёблы, цвёрдымі валаскамі. Кветкі дробныя, блакітныя, радзей белаватыя, у верхавінкавых завітках. Плод — чатырохарэшак з шыпамі, якія чапляюцца за шэрсць жывёл і вопратку (адсюль назва).

Ліпучка вожыкападобная.

т. 9, с. 278

ЛІ́ПЧЫК (Міхаіл Яўстаф’евіч) (н. 7.5. 1955, г. Глыбокае Віцебскай вобл.),

бел. баяніст. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. кансерваторыю (1982). З 1980 у Дзярж. акад. нар. аркестры Беларусі імя І.Жыновіча, з 1982 у Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1993 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята», з 1995 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі. Яго выкананню характэрны высокая тэхнічнасць, эмацыянальнасць, багацце нюансіроўкі.

т. 9, с. 278