ЛІПУ́ЧКА, турыца (Lappula),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, у Аўстраліі, часткова ў Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. вожыкападобная (L. echinata). Трапляецца на засмечаных мясцінах, насыпах, каля жылля. Пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, шаравата-зялёныя. Лісце вузкалінейнае ці ланцэтападобнае, апушанае, як і сцёблы, цвёрдымі валаскамі. Кветкі дробныя, блакітныя, радзей белаватыя, у верхавінкавых завітках. Плод — чатырохарэшак з шыпамі, якія чапляюцца за шэрсць жывёл і вопратку (адсюль назва).

Ліпучка вожыкападобная.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)