Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБЗАРЭ́ЎСКІ (Павел Сямёнавіч) (сапр. Гардон Фавій Залманавіч; 14.8.1909, г. Магілёў — 8.10.1970),

рускі пісьменнік-перакладчык. З 1925 жыў у Ленінградзе. У 1929 пазнаёміўся тут з бел. пісьменнікамі Я.​Купалам, Я.​Коласам, Ц.​Гартным, А.​Гурло, М.​Зарэцкім, Я.​Нёманскім, В.​Сташэўскім. Пераклаў на рус. мову раманы П.​Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» (кн. 1—2, 1956), П.​Галавача «Праз гады» (1960), А.​Чарнышэвіча «Світанне» (1961), А.​Асіпенкі «Вогненны азімут» (1967), вершы Я.​Купалы і яго драму «Раскіданае гняздо» (з У.​Раждзественскім), паасобныя творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, І.​Мележа, П.​Панчанкі, М.​Танка, І.​Шамякіна, А.​Звонака, М.​Калачынскага, А.​Пысіна, Я.​Скрыгана, М.​Ткачова і інш. Аўтар успамінаў «Я.​Купала ў Пецярбургу» (1957).

Тв.:

Говорят мои друзья. Мн., 1971.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 386

КАБЗО́Н (Іосіф Давыдавіч) (н. 11.9.1937, г. Часаў Яр Данецкай вобл., Украіна),

расійскі эстр. спявак, педагог. Нар. арт. Расіі (1980), нар. арт. Украіны (1991), нар. арт. СССР (1987). Скончыў Муз-.пед. ін-т імя Гнесіных (1973; цяпер Рас. акадэмія музыкі), з 1984 выкладае ў акадэміі (праф.). З 1959 саліст Усесаюзнага радыё, з 1962 у Москанцэрце, з 1989 саліст, маст. кіраўнік канцэртнага аб’яднання «Масква». Прапагандыст і першы выканаўца песень А.​Пахмутавай, А.​Астроўскага, А.​Фельцмана, Я.​Фрэнкеля, Э.​Калманоўскага, М.​Тарывердыева і інш. 1-я прэміі на міжнар. фестывалях эстр. песні ў г. Сопат (Польшча, 1964) і «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1968), Міжнар. конкурсу сав. эстр. песні (Будапешт, 1966). Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 7, с. 386

КАБІНЕ́Т МІНІ́СТРАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш. заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытанні дзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш. цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш. цэнтр. органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 387

КАБІНЕ́ЦКІЯ ЗЕ́МЛІ,

зямельныя ўладанні рас. імператараў і ўласнасць рас. імператарскай сям’і ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. Вылучаны ў 1747, заканадаўча аформлены ў 1786. Знаходзіліся пад кіраваннем Кабінета яго імператарскай вялікасці, які ўваходзіў у склад Мін-ва імператарскага двара; не падлягалі продажу. Сканцэнтраваны пераважна ў Сібіры (Алтай, Забайкалле) і ч. Польшчы (маёнткі ў Варшаўскай губ.). У Сібіры К.з. займалі 67,8 млн. га (каля 3,3% усёй зямлі Рас. імперыі). На іх вялася здабыча золата, серабра, свінцу, медзі, дзейнічалі з-ды па выплаўцы жалеза, чыгуну, сталі. Пасля 1861 узмоцнена эксплуатаваліся лясы, зямля здавалася ў арэнду. У 1865—1907 на сібірскія К.з пераселена каля 1 млн. рас. сялян. У 1917 К.з. нацыяналізаваны сав. уладай.

т. 7, с. 387

КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),

індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1965.

т. 7, с. 387

КАБІ́РАВА (Лютфія Рашыджанаўна) (н. 7.12.1932, г. Самарканд, Узбекістан),

таджыкская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—83 салістка Тадж. т-ра оперы і балета (г. Душанбе). Сярод партый у нац. операх — Нісо («Бахціёр і Нісо» С.​Баласаняна), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.​Сайфіддзінава), у класічных — Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Дэздэмона, Аіда («Атэла», «Аіда» Дж.​Вердзі), Бес («Поргі і Бес» Дж.​Гсршвіна), у аперэтах — Сільва («Сільва» І.​Кальмана), Чана («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна).

т. 7, с. 387

КАБІШЧА́НКА,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Лужаснянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 166 к.м2. Выцякае з воз. Болецкае, за 0,6 км на ПдУ ад в. Новы Болецк. У верхнім цячэнні называецца Пальмінка.

т. 7, с. 387

КАБІ́ШЧАР (Барыс Яфімавіч) (сапр. Борух Хаймавіч; 21.7.1906, г. Віцебск — 11.8.1959),

бел. дзеяч цыркавога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Дырэктар цыркаў: Віцебскага (1931—33), Мінскага, Віцебскага, Магілёўскага, Гомельскага, Бабруйскага (1933—41), Омскага, Новасібірскага, Цюменскага, Свярдлоўскага (1941—47), Мінскага (1947—59). У 1937—40 адначасова дырэктар Гар. т-ра ў Віцебску. Зрабіў значны ўклад у развіццё цыркавога мастацтва Беларусі.

т. 7, с. 387

КАБЛАГРА́МА (франц. cablogramme),

тэлеграма, перададзеная па падводным кабелі.

т. 7, с. 387

КАБЛУКО́Ў (Іван Аляксеевіч) (2.9.1857, с. Прусы Маскоўскай вобл. — 5.5.1942),

рускі фізікахімік, заснавальнік электрахіміі няводных раствораў. Ганаровы чл. АН СССР (1932, чл.-кар. 1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880), у якім працаваў у 1884—88 і з 1903. Навук. працы па электрахіміі, тэрмахіміі, хіміі мёду і воску. Устанавіў анамальную электраправоднасць няводных раствораў электралітаў. Увёў уяўленне аб сальватацыі іонаў (1889—91, незалежна ад У.​А.​Кісцякоўскага), што паслужыла асновай для аб’яднання фіз. і хім. тэорый раствораў. Паказаў, што цеплата ўтварэння ізамераў арган. злучэнняў неаднолькавая (1887). Даследаваў фазавыя пераўтварэнні ўзаемных сістэм расплаўленых солей.

Літ.:

Полищук В.Р. Теорема Каблукова. М., 1983.

т. 7, с. 387