Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛАКСІЛІ́Н,

гл. ў арт. Нітраты цэлюлозы.

т. 7, с. 448

КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),

трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.

т. 7, с. 448

КАЛА́М ((Calame) Аляксандр) (28.5.1810, г. Веве, Швейцарыя — 17.3.1864),

швейцарскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Жэневе. Зазнаў уплыў Т.Русо, К.Каро, Я. ван Ройсдала. Пісаў велічныя горныя пейзажы з выразнымі светлавымі і перспектыўнымі эфектамі, пейзажы вясковай Швейцарыі («Горнае возера ў Швейцарыі», «Пейзаж з дубамі», 1859, і інш.).

т. 7, с. 448

КАЛА́МБА (Kalambo Falis),

вадаспад ва Усх. Афрыцы, на мяжы Замбіі і Танзаніі, на р. Каламба (упадае ў воз. Танганьіка на Пд). Выш. 427 м. Турызм.

т. 7, с. 448

КАЛА́МБА ФОЛС (Kalambo Falis),

старажытная стаянка на паўд. узбярэжжы воз. Танганьіка ў Замбіі, каля вадаспада Каламба (адсюль назва). Найб. стараж. слаі адносяцца да эпохі позняга ашэлю Знойдзены рэшткі камейна-драўлянай канструкцыі — ветравой заслоны, вял. колькасць. абпаленага дрэва, у т. л. драўляныя прылады (дубіны, нажы, палкі-апалкі); вял. набор каменных прылад: рубілы, буйныя скрэблы і інш.; упершыню выяўлены фрагменты расліннай ежы (фрукты). Выяўлены таксама слаі культур санго, уілтан і больш позніх земляробчых народаў, верагодна, сям’і банту.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 448

КАЛАМБУ́Р (франц. calembour),

гульня слоў, стылістычны зварот у вершы, мове, жарце, пабудаваны на камічным абыгрыванні аднолькавых ці блізкіх па гучанні слоў або словазлучэнняў пры іх розным значэнні. Звычайна ўтвараюцца пры дапамозе амонімаў, амафонаў, паронімаў. Напр., К. з верша Р.​Барадуліна «Тры прыступкі»:

У суседзяў стрэхі саламелі
Мелі хлеб тут і да сала мелі,
Тут багата чулася Літва.
Ды пчалою сэрца Саламеі
Рвалася з зацішнага лятва.

т. 7, с. 448

КАЛАМЕ́ЛЬ,

гл. ў арт. Ртуці хларыды.

т. 7, с. 448

КАЛАМІ́ЕЦ (Наталля Дзмітрыеўна) (н. 4.12.1953, г. Балей Чыцінскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і гігіены. Д-р мед. н. (1988), праф. (1997). Акад. Рас. Акадэміі прыродазнаўчых навук (1998). Скончыла 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1977). З 1981 у Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, з 1994 нам. дырэктара Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па экспертнай ацэнцы якасці і бяспекі прадуктаў харчавання. Навук. працы па кантролі за бяспекай харч. дабавак (кансервантаў, фарбавальнікаў і інш.), дыягностыцы і прафілактыцы вірусных інфекцый.

Тв.: Амиотрофический лейкоспонтиоз. Мн., 1990 (у сааўт.); СПИД и оппортунистические вирусные нейроинфекции. Свердловск, 1998 (у сааўт.).

т. 7, с. 448

КАЛАМІ́ЙЦАВА (Таццяна Міхайлаўна) (2.8.1914, С.-Пецярбург — 28.3.1994),

бел. дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1936). У 1937—39 дырыжор-асістэнт Дзярж. сімф. аркестра СССР. У 1944—46 і 1952—93 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1946—52 — сімф. аркестра Бел. філармоніі. Творчасць К.-дырыжора адметная высокім прафесіяналізмам, тэмпераментам і артыстызмам, спалучэннем яснай закончанай формы з найтанчэйшай нюансіроўкай, глыбока прадуманай канцэпцыяй з эмацыянальнай раскаванасцю. Муз. кіраўнік пастановак опер і балетаў бел. кампазітараў: «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова, «Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера (1958), «Алеся» Я Цікоцкага (1967), «Альпійская балада» (1967), «Выбранніца» (1969) і «Тыль Уленшпігель» (1974) Я.​Глебава; класічных і сучасных твораў рус. і замежных аўтараў — «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1944), «Арлекінада» Р.​Дрыга (1945), «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Жызэль» А.​Адана (1953), «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера (1955), «Пікавая дама» (1960, 1972), «Шчаўкунок» (1956) і «Лебядзінае возера» (1967) П.​Чайкоўскага, «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Кето і Катэ» В.​Далідзе (1962), «Заручыны ў манастыры» (1962) і «Папялушка» (1965) С.​Пракоф’ева, «Арэстэя» С.​Танеева (першая паст. на сав. сцэне) і «Рафаэль* А.​Арэнскага (абедзве 1963), «Трубадур» Дж.​Вердзі (1964), «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці (1965), «Багема» Дж.​Пучыні (1968), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1973), «Лаэнгрын» Р.​Вагнера (1977), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1983) і інш.

Літ.:

Нісневіч І. Таццяна Каламійцава // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Глушакоў І. Бачыць музыку // Мастацтва Беларусі. 1984. № 8.

Г.​Р.​Куляшова.

Т.М.Каламійцава.

т. 7, с. 448

КАЛАМІ́Н, гемімарфіт,

мінерал класа астраўных сілікатаў, водны гідраксілсілікат цынку, Zn4[Si2O7][OH]2xH2O. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя або прызматычныя. Агрэгаты валакністыя, радыяльна-прамянёвыя, зярністыя і інш. Колер белы, жоўты, карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 4—5. Крохкі. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення свінцова-цынкавых радовішчаў. Руда цынку.

Каламін.

т. 7, с. 449