Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АГАМІРЗЯ́Н Рубен Сяргеевіч

(20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),

рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.М.Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.Ф.Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.К.Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.

т. 1, с. 70

АГАМІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́

(стараж.-ірл. ogam, ogum),

літарнае пісьмо кельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.

т. 1, с. 70

АГА́МЫ

(Agamidae),

сямейства яшчарак атр. лускаватых. 35 родаў, больш за 300 відаў. Найб. вядомыя круглагалоўкі (Phrynosephalus), драконы (Draco), яшчаркі плашчаносныя (chlamydosaurus), калоты (Calotes). Водзяцца пераважна ў стэпавых і пустынных зонах Афрыкі (акрамя Мадагаскара), Паўд.-Усх. Еўропы, Азіі, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Жывуць на зямлі, скалах або дрэвах.

Даўж. да 45 см. Галава і шыя ўкрытыя дробнымі рагавымі шчыткамі, у некат. уздоўж спіны грэбень. Хвост звычайна доўгі, няломкі. Могуць мяняць афарбоўку цела. Кормяцца насякомымі, зрэдку раслінамі. Кладуць яйцы, некат. жывародныя.

Агамы: 1 — руінная; 2 — камянёвая.

т. 1, с. 70

АГАНБЕГЯ́Н Абел Гезевіч

(н. 8.10.1932, Тбілісі),

вучоны-эканаміст. Акад. АН СССР (1982, чл.-кар. 1964), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі эканам. ін-т (1955). У 1961—80 у ін-це эканомікі і арганізацыі прамысл. вытв-сці Сібірскага аддз. АН СССР (з 1967 дырэктар). З 1987—89 акад.-сакратар Аддз. эканомікі АН СССР, з 1989 рэктар Акадэміі нар. гаспадаркі пры СМ Расіі. Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы кіравання, прадукцыйнасці працы, заработнай платы і ўзроўню жыцця.

Тв.:

Вопросы теории монопольной цены. На примере США. М., 1961;

Управление и эффективность. М., 1981.

т. 1, с. 70

АГАНЕСЯ́Н Эдгар Сяргеевіч

(н. 14.1.1930, Ерэван),

армянскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1986). Вучань Р.Егіязарана і А.Хачатурана. У 1962—68 дырэктар Арм. т-ра оперы і балета. З 1986 праф. і рэктар Ерэванскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія Арменіі 1967, Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Опера «Падарожжа ў Арзрум» паводле А.С.Пушкіна (1987), балеты «Мармар» (1957), «Блакітны накцюрн» (1964), «Вечны ідал» (1966), «Антуні» (1969), опера-балет «Давід Сасунскі» (1976);

вак.-сімф. творы;

3 сімфоніі, «Канцэрг-Барока» для сімф. арк. (1983);

фп. квінтэт, струнныя квартэты;

санаты;

хар. цыклы;

апрацоўкі арм. нар. песень, танцаў і інш.

т. 1, с. 70

АГАНІ́СТЫКІ

(ад грэч. agōnistikos здольныя да барацьбы),

цыркумцэліёны, дэмакратычная хрысц. секта калонаў і рабоў у рым. Афрыцы 4—5 ст., левае крыло данатыстаў. Пратэставалі супраць сац. няроўнасці, паднявольнай працы, асуджалі афіц. царкву, прапаведавалі аскетызм, пакутніцтва. Узначальвалі паўстанні калонаў і рабоў у Нумідыі каля 340 і ў пач. 5 ст.

т. 1, с. 70

АГА́НЬЯ

(Agaña),

галоўны горад і порт на в-ве Гуам (уладанне ЗША), у зах. частцы Ціхага ак. 1,1 тыс. ж. (1990). Паблізу аэрапорт і ваен. базы ЗША.

т. 1, с. 70

АГА́Р,

чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.

Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.

Агар.

т. 1, с. 70

АГАРА́

(грэч. agora),

у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр. гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.

Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.

т. 1, с. 70

АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

гідратэхнічныя збудаванні для засцярогі партовай акваторыі ад хваляў, плыняў, наносаў і лёду. Бываюць унутраныя (прадухіляюць утварэнне хваляў у акваторыі порта) і знешнія. Да агараджальных збудаванняў адносяцца молы і хваляломы (на морах, вадасховішчах, азёрах), лёдаахоўныя дамбы і ледарэзы (на рэках). Паміж берагам і агараджальнымі збудаваннямі або паміж суседнімі агараджальнымі збудаваннямі пакідаюць праход для суднаў. З боку мора (вадаёма) кожнае агараджальнае збудаванне мае пашыраную частку абцякальнай формы, якая будуецца звычайна на глыбіні не меншай за падводную вышыню разліковай хвалі. Пры праектаванні агараджальных збудаванняў улічваюць канфігурацыю берага і дна, напрамак вятроў, плыняў і наносаў.

т. 1, с. 71