Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАРЦІ́НА ў тэатры,

закончаная частка акта ў драме, оперы, балеце. Аддзяляюцца адна ад адной кароткім перапынкам, у час якога апускаецца заслона, гледачы застаюцца на месцах, а на сцэне адбываецца змена дэкарацый.

У некат. сцэнічных творах К. з’яўляецца асн. адзінкай падзелу дзеяння.

т. 8, с. 109

КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

мастацкі музей, у якім сабраны выключна (ці пераважна) творы жывапісу. К.г. наз. таксама раздзелы жывапісу ў вял. музеях (напр., у Эрмітажы, Луўры і інш.), залы для збору карцін у палацах, некат. прыватныя зборы. У стараж. часы К.г. наз. пінакатэкамі. Першыя К.г. і «музеі-кабінеты» ўзніклі ў Еўропе ў 16 ст. Сярод найбуйнейшых — Баварскія дзяржаўныя зборы карцін, Дрэздэнская карцінная галерэя, Нацыянальная галерэя ў Лондане, галерэі Піці і Уфіцы ў Фларэнцыі, а таксама Траццякоўская галерэя ў Маскве, Карцінная галерэя Арменіі.

На Беларусі першы «музей-кабінет» быў створаны М.Радзівілам Чорным у Нясвіжскім палацы ў 16 ст. К.г. партрэтнага жывапісу існавала ў 17—18 ст. у Ружанскім палацы Сапегаў. Частка яе, а таксама новыя творы леглі ў аснову К.г. Г.Сапегі-Ябланоўскай у маёнтку Сямяцічы на Гродзеншчыне, дзе ў 2-й пал. 18 ст. быў заснаваны т. зв. «Кабінет натуральнай гісторыі». У 1787 быў адкрыты музей з К.г. пры Полацкім калегіуме езуітаў. Назву К.г. меў да 1957 Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Дзейнічаюць Гурынская карцінная галерэя. Полацкая карцінная галерэя і інш.

т. 8, с. 110

КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я АРМЕ́НІІ, Дзяржаўная карцінная галерэя Арменіі. Засн. ў Ерэване ў 1921 як аддзел Дзярж. музея Арменіі, з 1931 аддзел Культурна-гіст. музея Арменіі, з 1935 Музей выяўл. мастацтва, з 1948 сучасная назва. У калекцыі каля 16 тыс. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога арм., рус., зах.-еўрап. і ўсх. мастацтва. У аддзеле арм. мастацтва творы І.Айвазоўскага, С.Агаджаняна, Э.Шаіна, М.Сар’яна, С.Сцепаняна, А.Саркісяна, М.Асламазян, Э.Ісабекяна, А.рдарана і інш.; у аддзеле рус. мастацтва работы К.Брулова, І.Рэпіна, В.Сярова, К.Сомава, А.Бенуа, С.Канёнкава. К.Пятрова-Водкіна, В.Кандзінскага, М.Шагала і інш.; у аддзеле зах.-еўрап. мастацтва карціны П.П.Рубенса, Ф.Друэ, Ж.А.Фраганара, Г.Курбэ і інш.

Літ.:

Государственная картинная галерея Армении. Ереван, 1965.

т. 8, с. 110

КАРЦЫНАЛО́ГІЯ (ад грэч. karkinos рак + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.

Н.М.Хмялёва.

т. 8, с. 110

КАРЦЬЕ́ ((Cartier) Жак) (1491, Сент-Мало, Францыя — 1557),

французскі мараплавец. У 1534 здзейсніў 3 плаванні ў Паўн. Амерыку; зрабіў здымку і даследаваў в-аў Ньюфаўндленд, узбярэжжа Лабрадора, пралівы Бель-Іль і Кабата, зал. Св. Лаўрэнція і р. Св. Лаўрэнція, а-вы Антыкосты і Прынца Эдуарда.

т. 8, с. 110

КАРЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., каля р. Уша. Цэнтр сельсавета і калект. с.-г. прадпрыемства. За 6 км на ПдЗ ад г. Нясвіж, 118 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Гарадзея. 278 ж., 129 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 8, с. 110

КАРЦЭ́Я,

возера ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, за 11 км на У ад г.п. Шаркаўшчына. Пл. 0,25 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі 2,5 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м, месцамі разараныя. Выцякаюць ручаі ў рэкі Паловіца і Стуканаўка.

т. 8, с. 110

КАРЧАВА́ЛЬНІК,

навясное абсталяванне да гусенічнага трактара для карчавання пнёў, хмызняку і камянёў або прычапная машына для суцэльнага карчавання пнёў і схаванай драўніны, пагрузкі іх у трансп. сродкі ці ўкладкі ў валок. Можа выкарыстоўвацца і для рыхлення шчыльных грунтоў (гл. Карчавальныя машыны). Таксама ёсць К. сцёблаў бавоўніку — машына для выдалення сцёблаў пасля ўборкі бавоўны-сырцу. Адрозніваюць К.-валкаўкладчыкі (збіраюць сцёблы ў суцэльны валок або ў невял. копы) і К.-здрабняльнікі (здрабняюць сцёблы і раскідваюць іх па полі або загружаюць у трансп. сродкі).

Схема работы карчавальніка: 1 — пры суцэльным карчаванні хмызняку і драбналесся; 2 — пры ўборцы камянёў.

т. 8, с. 110

КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.

Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.

І.І.Леановіч.

Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).

т. 8, с. 110

КАРЧА́ГА,

ганчарны выраб, вял. гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў. На Беларусі вядомы вузкагорлыя і шыракагорлыя К. Вузкагорлыя былі пашыраны ў 10—1-й пал. 13 ст. ў час гандлю з візант. гарадамі паўн. і зах. ўзбярэжжа Чорнага м. і выкарыстоўваліся для дастаўкі вадкіх прадуктаў (алею, віна і інш.). Формай былі падобныя на ант. амфары (якія таксама наз. К.) з пукатым тулавам, 2 вертыкальна выгнутымі ручкамі, вострым, закругленым або амаль плоскім дном. Рэшткі К. знойдзены пры раскопках амаль ва ўсіх бел. гарадах. Аздабляліся лінейным арнаментам; часта на К. трапляюцца літары і словы. Шыракагорлыя паліваныя К. былі пашыраны з 14—16 ст. Мелі масіўнае пукатае тулава з плоскім дном з 2 дугападобнымі ручкамі. У іх трымалі соленыя грыбы, агуркі, зерне і інш. У наш час К. выйшлі з ужытку.

С.А.Мілючэнкаў.

Карчага 12 ст.

т. 8, с. 111