БА́ЛАТАН
(Balaton),
возера ў Венгрыі, на Сярэднедунайскай раўніне, каля паўд.-ўсх. падножжа гор Бакань на выш. 105 м. Пл. 598 км². Даўж. з ПдЗ на ПнУ 78 км. Глыб. да 11 м. Берагі пераважна нізкія, часткова забалочаныя, уздоўж паўн. ўзбярэжжа месцамі высокія. У Балатан упадае шмат кароткіх рэк, сцёк з возера праз канал ў р. Шыо (бас. Дуная). Суднаходства. Рыбалоўства. Балатан і яго наваколле — курортны раён міжнар. значэння. Па берагах гарады Шыяфок, Кестхей; ландшафтны заказнік Ціхань, рэзерват Кішбалатан.
т. 2, с. 240
БА́ЛАТАНФЮРЭД
(Balatonfüred),
бальнеакліматычны курорт у Венгрыі. На ПдЗ ад Будапешта, у зоне воз. Балатан. Развіваецца з 18 ст. Лечаць сардэчна-сасудзістыя хваробы, парушэнні абмену рэчываў. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крыніцы мінер. водаў на пітное лячэнне, гразелячэнне. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы. Шмат арх. помнікаў, помнікі прыроды. Цэнтр воднага спорту і турызму.
т. 2, с. 240
БАЛАТНАКВЕ́ТНІК
(Nymphoides),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.
т. 2, с. 240
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
т. 2, с. 240
БАЛАЦЯ́НІКІ
(Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
т. 2, с. 240
БАЛАЧА́НКА,
рака ў Беларусі, у Чэрвеньскім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Свіслач (бас. Дняпра). Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 418 км². Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Кобзевічы Чэрвеньскага р-на, цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Рэчышча на працягу 28 км каналізаванае, у ніжнім цячэнні месцамі звілістае. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Сістэм.
т. 2, с. 240
БАЛАШО́Ў Дзмітрый Міхайлавіч
(н. 7.11.1927, С.-Пецярбург),
рускі пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1950). Даследаваў жанр балады, паўн. рус. фальклор («Гісторыя развіцця жанру рускай балады», 1966, і інш.). Аповесць «Спадар Вялікі Ноўгарад» (1967), раман «Марфа-пасадніца» (1972) прысвечаны гісторыі Вольнага Ноўгарада. Аўтар шматтомнай гіст. эпапеі «Гасудары маскоўскія»: «Малодшы сын» (1975), «Вялікі стол» (1979), «Цяжар улады» (1981), «Сімяон Ганарлівы» (1983), «Вецер часу» (1987), «Адрачэнне» (ч. 1—2, 1988—89) пра фарміраванне рус. нацыі з яе асновамі (сям’я, абшчына, праваслаўе, адзінаўладдзе). Гэта спроба асэнсаваць гісторыю станаўлення Расіі паводле пасіянарнай тэорыі этнагенезу. У аснове эпапеі факталагічная дакладнасць і строгі храналагічны прынцып адлюстравання падзей.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1991—93.
т. 2, с. 240
БАЛАШЫ́ХА,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобл., на р. Пяхорка (прыток р. Масква). 135,2 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамаб. краны і інш.), хім. (гумава-тэхн. вырабы), лёгкая (тэкст.) прам-сць. 3 ВНУ (у т. л. Міжнар. ін-т эканомікі і права). Краязнаўчы музей.
т. 2, с. 240