БАЛАТНАКВЕ́ТНІК

(Nymphoides),

род кветкавых раслін сям. бабковых. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах абодвух паўшар’яў. Ва ўмераным поясе і на Беларусі трапляецца балатнакветнік шчыталісты (Nymphoides peltata). Вядома адзінае ізаляванае месцазнаходжанне на р. Нёман у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Расце ў стаячай вадзе заток, старыц і сажалак, утварае амаль чыстыя зараснікі. Вельмі рэдкі еўразійскі від. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовая травяністая расліна з паўзучым членістым карэнішчам, даўж. да 1,5 м. Сцёблы доўгія, дасягаюць паверхні вады. Лісце акругла-эліпсоіднае, на доўгіх чаранках, шчыльнае, скурыстае, знізу густа ўкрытае цёмнымі залозістымі плямкамі, плавае на вадзе. Кветкі ярка-жоўтыя, на доўгіх кветаносах, у пазушных парасонападобных пучках. Плод — яйцападобная каробачка. Дэкар., кармавая і харч. (як агародніна) расліна, прыдатная на аквакультуру.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)