Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВУА́РЫ

(ад франц. avoir маёмасць, набытак),

1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).

2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.

3) Уклады прыватных асоб і арг-цый у банках.

т. 1, с. 68

авульс

т. 18, кн. 1, с. 329

АВУЛЯ́ЦЫЯ

(ад лац. ovum яйцо),

фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.

т. 1, с. 68

АВУ́ТА,

рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Міёрскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 47 км. Выцякае з воз. Падавута на ПнУ Свянцянскіх град, цячэ па Полацкай нізіне. Даліна шыр. 150—250 м, схілы стромкія. Пойма высокая, шыр. 100—150 м, рэчышча слабазвілістае. Каля 66% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 1, с. 68

АВЯР’Я́НАЎ Валяр’ян Якаўлевіч

(н. 13.8.1919, г. Уладзімір, Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1964), праф. (1968). Ганаровы чл. Міжнар. Акадэміі прыкладной радыёэлектронікі (1994). Засл. рацыяналізатар Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1954 у Мінскім вышэйшым інж. радыётэхн. вучылішчы, з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваў тэорыю і практычнае выкарыстанне разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм.

Тв.:

Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978.

т. 1, с. 68

АВЯР’Я́НАЎ Мікалай Піліпавіч

(1912, в. Негаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.10.1942),

герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Зах., Данскім франтах. 5.10.1942 у баі каля хутара Хаванскі Серафімовіцкага р-на Сталінградскай вобл. першы падабраўся да дзота праціўніка і закідаў яго гранатамі. Пры блакіраванні другога дзота ў рашаючы момант бою закрыў амбразуру сваім целам.

т. 1, с. 68

АВЯР’Я́НАЎ Юрый Іванавіч

(н. 16.6.1952, р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. акцёр. Скончыў Вышэйшае тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім т-ры імя Волкава (1972). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Яму ўласцівы глыбокае адчуванне рэжысёрскай стылістыкі, веданне псіхалогіі сваіх персанажаў, пластычнасць і высокая культура сцэн. мовы. Сярод роляў: Банавантура-Выкрутач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Ак’егет («У ноч зацьмення месяца» М.Карыма), Менахем-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема). Аўтар радыёперадач аб музыцы, рэжысёр радыёспектакляў, у т. л. оперы «Агатка» Я.Д.Голанда і М.Радзівіла.

Б.І.Бур’ян.

т. 1, с. 68

АГА́

(цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

А́ГА

(Bufo marinus),

рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.

Ага.

т. 1, с. 68

АГАБАБЯ́Н Рыгор Гарэгінавіч

(25.6.1911, Гюмры, Арменія — 18.3.1977),

армянскі архітэктар. Засл. дз. маст. Арменіі (1961). У 1950—59 гал. архітэктар Ерэвана. У творчасці абапіраўся на вопыт арм. класічнай архітэктуры, выкарыстоўваў сучасныя канструкцыі. Асн. работы: цэнтр. крыты рынак, Вял. Разданскі мост і аўтавакзал у Ерэване.

т. 1, с. 68