АЭРАМАНО́З,
краснуха карпаў, інфекцыйная вадзянка, веснавая вірэмія карпаў, інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.
т. 2, с. 173
АЭРАМЕХА́НІКА
(ад аэра... + механіка),
раздзел механікі, які вывучае раўнавагу і рух газападобных асяродцзяў і іх мех. ўзаемадзеянне з цвёрдымі целамі; частка гідрааэрамеханікі. Падзяляецца на аэрадынаміку і аэрастатыку.
т. 2, с. 173
АЭРАНО́МІЯ
(ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
т. 2, с. 173
АЭРАПО́НІКА
(ад аэра... + грэч. ponos работа),
паветраная культура, спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.М.Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.
т. 2, с. 173
АЭРАПО́РТ,
прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).
Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.
т. 2, с. 174
АЭРАСА́НІ,
самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
т. 2, с. 174
АЭРАСТА́Т
(ад аэра... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
лятальны апарат, лягчэйшы за паветра. Пад’ёмная сіла аэрастата ствараецца змешчаным у абалонку газам (вадарод, гелій, цёплае паветра і інш.), шчыльнасць якога меншая за шчыльнасць паветра. Адрозніваюць аэрастаты кіроўныя (дырыжаблі, матарызаваныя аэрастаты з рухавікамі і паветранымі вінтамі), некіроўныя (паветраныя шары, радыёзонды, стратастаты і інш.) і прывязныя (для назірання ці загароды). Кіроўныя і некіроўныя аэрастаты выкарыстоўваюць для даследавання атмасферы Зямлі і ў спорце, прывязныя — у метэаралогіі, ваен. справе і інш. Гл. таксама Паветраплаванне.
т. 2, с. 174