Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АШУ́Г, ашык (цюрк. Літар. закаханы),

нар. пясняр-паэт у каўказскіх і суседніх з імі народаў. Акрамя ўласных песень у рэпертуар ашуга ўваходзяць эпічныя сказанні, нар. песні.

т. 2, с. 170

АШУ́Р,

у акадскай міфалогіі вярхоўнае бажаство асірыйскага пантэона. Першапачаткова бог-апякун асірыйскіх цароў і горада Ашур. Эмблема Ашура — крылаты сонечны дыск.

т. 2, с. 170

АШУ́Р, Асур,

старажытнасеміцкі горад. Засн. ў 4-м тыс. да нашай эры на зах. беразе р. Тыгр, за 100 км на Пд ад сучаснага г. Масул (Ірак). У 1-й пал. 18 ст. да нашай эры трапіў пад уладу вавілонскага цара Хамурапі, у 15 ст. да нашай эры — імперыі Мітані. Паклаў пачатак і даў назву дзяржаве Асірыя, у 14—9 ст. да нашай эры быў яе сталіцай. У 614 да нашай эры разбураны мідыйцамі і халдзеямі. На месцы руін Ашура (пагорак Кал’ят-Шаргат) у 1903—14 раскапаны гар. ўмацаванні, 34 храмы (у т. л. бога Ашура і багіні Іштар), некалькі палацаў, знойдзена б-ка клінапісных тэкстаў асірыйскага цара Тыглатпаласара I [1115—1078 да нашай эры] і інш.

Ашур уключаў «Унутраны горад» (рэшткі палацаў, храмаў, культавай вежы — зікурата) і «Новы горад», умацаваныя 2 лініямі абарончых сцен з бастыёнамі і брамамі; храмы Іштар (1-я пал. 3-га тыс. да нашай эры), Ашура, Ану-Адада. Захаваліся рэшткі парфянскіх будынкаў: палаца, «Парфянскага акропаля» з храмамі, цытадэлі, «перыптэра Ашура».

Літ.:

Andrae W. Das wiedererstandene Assur. 2 Aufl. Munchen, 1977.

т. 2, с. 170

АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,

цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).

Ашурбаніпал у святочным адзенні з кап'ём. Алебастравы рэльеф з Ніневіі.

т. 2, с. 170

АШУРНАСІРПА́Л II,

цар Асірыі ў 883—859 да нашай эры. Пакарыўшы з асаблівай жорсткасцю Паўн. Месапатамію, Паўн. Сірыю і Фінікію, умацаваў магутнасць Новаасірыйскай імперыі. Вядомы барэльефы з палаца Ашурнасірпала ў Калаху (цяпер гарадзішча Німруд каля аднайм. горада ў Іраку).

т. 2, с. 170

АШЧА́ДНЫ БА́НК,

крэдытная ўстанова, якая акумулюе зберажэнні і свабодныя грашовыя сродкі насельніцтва, выдае спажывецкі і іпатэчны крэдыты, банкаўскія пазыкі, купляе каштоўныя паперы. Звычайна знаходзіцца пад кантролем дзяржавы ці належыць ёй. У СССР функцыі ашчаднага банка выконвалі ашчадныя касы. У Рэспубліцы Беларусь ашчадны банк з’яўляецца дзярж. камерцыйным банкам (з 1995 акцыянерны ашчадны банк «Беларусбанк»).

т. 2, с. 170

АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.

Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.

Да арт. Ашчупнікі. Жоўты бязвочка.

т. 2, с. 171

Ашчэпкаў Павел Кандратавіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АШЫ́РАЎ (Чары) (н. 10.12.1910, с. Кешы, каля Ашгабата),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1970). Вучыўся ў Ін-це навук. педагогікі. Друкавацца пачаў у 1928. У вершаванай аповесці «Канец крывавага водападзелу» (1948, новы варыянт 1953) адлюстраваў сац. пераўтварэнні ў туркм. ауле ў 1920—30-я г. Паэмы «Крывавае супраціўленне», «Разлука» (абедзве 1939), «У тыле ворага» (1941), «Памылка маладога млынара» (1957), «Сын Ялкаба» (1962), «Джыгіты Гак’яйлы» (1965), раманы «Следапыт» (1970), «Блізняты» (1973—74), «Стары правадыр» (1979) пра мірнае жыццё і дружбу народаў. Пераклаў на туркм. мову паасобныя творы Я.​Купалы.

т. 2, с. 171

АШЭ́ЛЬ (Acheul),

археалагічная культура ніжняга палеаліту ў Еўропе, Афрыцы і Азіі. Назва ад мясцовасці Сент-Ашэль каля г. Ам’ен (Пн Францыі), дзе знойдзены прылады часу рыскага зледзянення. У Еўропе вылучаюцца 3 эпохі Ашэля — стараж.-ашэльская (абэвіль, шэль), каля 900—400 тыс. г. назад, сярэдне- і познаашэльская (каля 400—100 тыс. г. назад). Людзі Ашэля (пітэкантрапы, сінантрапы і інш.) жылі ў пячорах, пад адкрытым небам, карысталіся агнём, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У прац. дзейнасці выкарыстоўвалі ручныя рубілы, масіўныя адшчэпы і інш. каменныя прылады.

Да арт. Ашэль. Рубілы са стаянкі Сент-Ашэль.

т. 2, с. 171