Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),

атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл. Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл. Уліты), ціркушка стэпавая (гл. Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.

Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.

т. 14, с. 357

СЕ́ЎЧАНКА (Антон Нічыпаравіч) (22.2.1903, в. Дзяніскавічы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1978),

бел. фізік, заснавальнік навук. школ па спектраскапіі злучэнняў шасцівалентнага урану і фотафізіцы біялагічна важных пігментаў.

Акад. АН Беларусі (1953), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1953). Герой Сац. Працы (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў БДУ (1932). З 1934 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). З 1953 заг. сектара фізікі і матэматыкі Фіз.-тэхн. ін-та, з 1955 дырэктар Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі. З 1957 рэктар БДУ, з 1972 дырэктар НДІ прыкладных фіз. праблем, цяпер НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. У 1956—73 чл. Прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі уранілавых злучэнняў, люмінесцэнцыі злучэнняў рэдказямельных элементаў, спектраскапіі і фотахіміі парфірынаў і інш. біялагічна важных пігментаў. Выявіў палярызацыю флуарэсцэнцыі уранілавых злучэнняў, расшыфраваў складаную структуру іх спектраў. Устанавіў заканамернасці люмінесцэнцыі комплексаў рэдказямельных элементаў і ўнутрыкомплекснай міграцыі энергіі. Вывучыў спектральна-палярызацыйныя ўласцівасці люмінесцэнцыі парфірынаў і металапарфірынаў у сувязі з сіметрыяй іх малекул, анізатрапію спантаннага і вымушанага выпрамянення раствораў арган. злучэнняў.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968 (разам з Г.​П.​Гурыновічам, К.​М.​Салаўёвым);

Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971 (разам з А М.​Саржэўскім).

Літ.:

А.​Н.​Севченко: Библиогр. указ. Мн., 1983.

А.Н.Сеўчанка.

т. 14, с. 357

СЕФЕВІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава на Сярэднім Усходзе ў 1502—1736 на чале з дынастыяй Сефевідаў, якая дала пачатак сучаснай іранскай дзяржаве. Створана ў выніку паўстання азерб. плямён, якія ў 1499 узначаліў шэйх суфійскага брацтва Сефевіе Ісмаіл. Паўстанцы нанеслі паражэнне дзяржаве Ак-Каюнлу, што размяшчалася на тэр. Зах. Ірана і Ірака, і ў 1502 Ісмаіл абвешчаны шахам (гл. Ісмаіл I). Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў шыізм. Апорай першых Сефевідаў былі цюркскія азерб. плямёны кызылбашаў («чырвонагаловыя»), а цэнтр. вобласцю — Азербайджан, дзе знаходзілася сталіца С.дз. — напачатку Тэбрыз, з 1548 — Казвін. Пасля смерці Тахмаспа I [1524—76] міжусобіцы прывялі да фактычнага распаду С.дз. Яе аб’яднаў Абас I Вялікі [1587—1629]. Ён разбіў туркаў і ўзбекаў, вярнуў страчаныя тэрыторыі (Харасан, Азербайджан), заваяваў Ірак. Пры ім адбылася персізацыя дзяржавы, сталіца перанесена ў Ісфахан. У выніку адм., ваен. і інш. рэформ С.дз. ўмацавалася, што спрыяла яе эканам. і культ. росквіту на працягу амаль усяго 17 ст. Але хуткі рост насельніцтва прывёў у канцы 17 ст. да збяднення нар. мас. Пры шаху Султане Хусейне [1694—1722] сац.-эканам. крызіс паглыбіла паўстанне афганцаў, якія ў 1722 захапілі Ісхафан, а туркі — Азербайджан. Барацьбу супраць афганцаў і туркаў узначаліў палкаводзец Надзір-шах, які ў 1736 адхіліў ад улады апошняга сефевідскага шаха Абаса III [1732—1736].

Літ.:

Эфендиев О.А. Азербайджанское государство Сефевидов в XVI в. Баку, 1981;

Павлова И.К. Хроника времен Сефевидов: Сочинение Мухаммад-Масума Исфахани «Хуласат ас-сийар». М., 1993.

т. 14, с. 357

СЕФЕВІ́ДЫ,

дынастыя правіцеляў дзяржавы на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 1502—1736. Паходзілі з азерб. шэйхаў суфійскага брацтва (тарыката) Сефевіе (13—15 ст.), потым шахаў Сефевідаў дзяржавы (1502—1736), стваральнікаў сучаснай іранскай дзяржавы. Шахі С.: Ісмаіл I [1502—24], Тахмасп I [1524—76], Ісмаіл II [1576—77], Мухамед Худабендэ [1578—87], Абас I Вялікі [1587—1629], Сефі I [1629—42], Абас II [1642—66], Сулейман [1666—94], Султан Хусейн [1694—1722], Тахмасп II [1722—32], Абас III [1732—36].

т. 14, с. 358

СЕФЕВІ́Е, Сефевія,

суфійскае брацтва (тарыкат), якое заснаваў у канцы 13 ст. Сефі ад-дзін Ісхак (1252—1334). У 15 ст. кіраўнікі С. ператварыліся ў правіцеляў (шэйхаў) г. Ардэбіль (Іранскі Азербайджан). У 1499 шэйх Ісмаіл (гл. Ісмаіл I) пад лозунгамі шыізму пачаў барацьбу супраць правіцеляў-сунітаў з дзяржавы Ак-Каюнлу, якая скончылася яго перамогай і стварэннем Сефевідаў дзяржавы.

т. 14, с. 358

СЕФЕ́РЫС (Seferis; сапр. Сеферыядыс; Sepheriadēs) Гіоргас

(19.2.1900, г. Ізмір, Турцыя — 20.9.1971),

грэчаскі пісьменнік, дыпламат; адзін з пачынальнікаў інтэлектуальнай плыні ў сучаснай навагрэч. паэзіі. Вучыўся ў Афінах і Парыжы (1914—25). У 1926—41, 1946—62 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1931. У ранніх зб-ках паэзіі «Паварот» (1931), «Вадаём» (1932), паэме «Легенды» (1935) уплывы неарамантызму; у зб-ках вершаў і паэм «Міфгісторыя» (1935), «Гімнапедыя» (1936), «Сшытак практыкаванняў» (1940), «Карабельныя дзённікі» (т. 1—3, 1940—55), «Кіхлі» (1947), «Кіпр, край майго прароцтва» (1955), «Тры шчырыя паэмы» (1966) і інш. уплывы франц. паэтаў-сімвалістаў і Т.​С.​Эліята, перапляценне інтэрпрэтацый стараж.-грэч. міфаў з роздумам пра цяперашні лёс суайчыннікаў, найперш інтэлектуалаў. Аўтар эсэ, у т. л. «Пра іншаземны верш» (1932), «Дыялог пра паэзію» (1939), «Спробы» (1944), «Мова нашай паэзіі» (1965), дарожных нататак «Тры дні ў манастырах Кападокіі» (1953), рамана «Шэсць начэй на Акропалі» (апубл. 1976), дзённікаў і інш. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Геракл и мы: Современная греч. поэзия. М., 1983;

У кн : Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Сеферыс.

т. 14, с. 358

СЕФІДРУ́Д,

рака ў Іране, назва ніжняга цячэння р. Кызылузен.

т. 14, с. 358

СЕ́ХМЕТ, Сахмет («магутная»),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня вайны і пякучага сонца. Яе ўяўлялі жанчынай з галавой ільвіцы (свяшчэнная жывёла С.). Цэнтр культу — г. Мемфіс. Паводле міфаў, С. — дачка Ра (яго грознае вока), жонка Птаха (бог г. Мемфіс), маці Нефертума (бог расліннасці). Яна знішчае ворагаў Ра і Асірыса, а ў міфе аб пакаранні богам Ра чалавечага роду за грахі вынішчае людзей. Разам з тым лічылася багіняй-лекаркай і апякункай урачоў.

т. 14, с. 358

СЕЦЭСІЁН (ням. Sezession ад лац. secessio аддзяленне),

1) назва стылю мадэрн у Аўстрыі і краінах, якія ўваходзілі ў Аўстра-Венгерскую імперыю.

2) Аб’яднанні мастакоў, архітэктараў і дызайнераў у Мюнхене, Берліне (з 1892), Вене (з 1897), якія супрацьпастаўлялі сваё мастацтва акадэмізму. У С. уваходзілі О.​Вагнер, Г.​Клімт, І.​Гофман, К.​Мозер, Э.​Орлік і інш.

т. 14, с. 358

СЕ́ЦЯЛЯ ((Setälä) Эміль Нестар) (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),

фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.

т. 14, с. 358