СЕФЕ́РЫС (Seferis; сапр. Сеферыядыс; Sepheriadēs) Гіоргас

(19.2.1900, г. Ізмір, Турцыя — 20.9.1971),

грэчаскі пісьменнік, дыпламат; адзін з пачынальнікаў інтэлектуальнай плыні ў сучаснай навагрэч. паэзіі. Вучыўся ў Афінах і Парыжы (1914—25). У 1926—41, 1946—62 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1931. У ранніх зб-ках паэзіі «Паварот» (1931), «Вадаём» (1932), паэме «Легенды» (1935) уплывы неарамантызму; у зб-ках вершаў і паэм «Міфгісторыя» (1935), «Гімнапедыя» (1936), «Сшытак практыкаванняў» (1940), «Карабельныя дзённікі» (т. 1—3, 1940—55), «Кіхлі» (1947), «Кіпр, край майго прароцтва» (1955), «Тры шчырыя паэмы» (1966) і інш. уплывы франц. паэтаў-сімвалістаў і Т.​С.​Эліята, перапляценне інтэрпрэтацый стараж.-грэч. міфаў з роздумам пра цяперашні лёс суайчыннікаў, найперш інтэлектуалаў. Аўтар эсэ, у т. л. «Пра іншаземны верш» (1932), «Дыялог пра паэзію» (1939), «Спробы» (1944), «Мова нашай паэзіі» (1965), дарожных нататак «Тры дні ў манастырах Кападокіі» (1953), рамана «Шэсць начэй на Акропалі» (апубл. 1976), дзённікаў і інш. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Геракл и мы: Современная греч. поэзия. М., 1983;

У кн : Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Сеферыс.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)