СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),
атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл. Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл. Уліты), ціркушка стэпавая (гл. Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.
Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.
т. 14, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)