ГА́ЛЬКА,
абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.
В.П.Кісель.
т. 4, с. 478
ГАЛЬМІРО́ЛІЗ
(ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),
падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.
т. 4, с. 478
ГАЛЬПЕ́РЫН Яфім Абрамавіч
(каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ. «Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
М.Б.Ласінскі, М.А.Сакалова.
т. 4, с. 478
ГАЛЬПЕ́РЫНА Юдзіф Самойлаўна
(18.3.1914, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 12.4.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—40), у абл. драм. т-рах Пінскім (1940—41, 1945—54) і Магілёўскім (1954—84). Выканаўца характарных роляў. Акрэсленасць і дакладнасць псіхал. распрацоўкі вобраза спалучаліся з яркім знешнім малюнкам. Сярод роляў: Агата, Паланея («Паўлінка», «Прымакі» Я.Купалы), Насця («Несцерка» В.Вольскага), Бабуля Ціханаўна («Даруй мне» К.Губарэвіча), Лявоніха («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Негіна, Аксюша («Таленты і паклоннікі», «Лес» А.Астроўскага), Нэнсі («Замак Броўдзі» паводле А.Кроніна), Клара Цэханасьян («Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата).
т. 4, с. 478
ГАЛЬПЯРО́ВІЧ Навум Якаўлевіч
(н. 14.1.1948, г. Полацк),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1967—70). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1979). Працаваў у Наваполацку на радыёвяшчанні (1977—80). З 1981 — уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё Беларусі па Віцебскай вобл. Друкуецца з 1967. Адзін з аўтараў калектыўнага зб. «Сцяжына» (1983). Выдаў кн. паэзіі «Брама» (1990) і «Востраў душы» (1995), у якіх боль і трывога за людзей свайго пакалення, спроба сродкамі лір. паэзіі адгукнуцца на клопаты нашага часу.
І.Д.Сіпакоў.
т. 4, с. 478
ГАЛЬФСТРЫ́М
(Gulf Stream),
сістэма цёплых цячэнняў у паўн. ч. Атлантычнага ак. Цягнецца на 10 тыс. км ад п-ва Фларыда да Вял. Ньюфаўндлендскай банкі (уласна Гальфстрым) і далей да а-воў Шпіцберген і Новая Зямля (Паўночна-Атлантычнае цячэнне). Фарміруецца ў паўн. ч. Фларыдскага праліва як сцёкавае цячэнне Мексіканскага зал., рухаецца на Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Амерыкі, жывіцца водамі Паўн. Пасатнага і Гвіянскага цячэнняў. На Пд (у Фларыдскім прал.) Гальфстрым мае шыр. 75 км, таўшчыню патоку 700—800 м, скорасць да 10 км/гадз, т-ра вады на паверхні ад 24 да 28 °C, расход вады каля 25 млн. м³/с (у 20 разоў перавышае расход усіх рэк зямнога шара). У акіяне Гальфстрым злучаецца з Антыльскім цячэннем і на 38° паўн. ш. яго расход дасягае 82 млн. м³/с. Каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі шыр. 200 км, т-ра вады на паверхні ад 10 да 20 °C; скорасць да 4 км/гадз, каля берагоў Еўропы — 0,4—0,7 км/гадз. Сярэднегадавая салёнасць 36—36,4‰, макс. — 36,5‰ на глыб. 200 м. Да паўд. ускраіны Вял. Ньюфаўндлендскай банкі да Гальфстрыма падыходзіць з Пн халоднае Лабрадорскае цячэнне, на мяжы з якім адбываецца перамешванне і апусканне паверхневых вод. У сістэму Гальфстрыма ўваходзяць адгалінаванні Паўн.-Атлантычнага цячэння — Нарвежскае цячэнне, Ірмінгера цячэнне і Нардкапскае цячэнне. Гальфстрым аказвае значны ацяпляльны ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Атлантычнага ак. і Паўн.-Ледавіты ак., а таксама на клімат Еўропы. Гальфстрым выяўлены ў 1513 ісп. экспедыцыяй пад камандаваннем Х.Понсе дэ Леона. У 1770-я г. Бенджамін Франклін нанёс напрамкі руху цячэння на геагр. карты. З 1966 Акіянаграфічнае ўпраўленне ВМС ЗША выдае штомесячную зводку па Гальфстрыму, у якой апісваецца яго стан у Паўн. Атлантыцы і фіз. якасці.
Літ.:
Толмазгин Д.М. Океан в движении. Л., 1976;
Дрейк Ч. и др. Океан сам по себе и для нас: Пер. с англ. М., 1982.
К.К.Кудло.
т. 4, с. 478
ГАЛЬЦЫ́,
два роды рыб: Salvelinus і Noemacheilus. Гальцы Salvelinus — род прахадных і прэснаводных рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Каля 10 відаў. Пашыраны на ўзбярэжжы Еўразіі і Паўн. Амерыкі, у Ладажскім, Анежскім і альпійскіх азёрах, бас. воз. Байкал. Найб. вядомыя: галец арктычны (S. alpinus), паліі, кунджа (S. leucomaenis). 1 зах.-еўрап. від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 88 см, маса да 15 кг. Ад ласосяў адрозніваюцца адсутнасцю зубоў на ручцы сашніка і цёмных плям на целе (за выключэннем амер. віду). Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.
Галец Noemacheilus — род рыб сям. ўюновых атр. карпападобных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе, Азіі, Афрыцы (1 від). Жывуць у невял. рэках, ручаях, у падземных водах, на выш. больш за 4000 м. На Беларусі трапляецца ва ўсіх рэках і ручаях галец звычайны (N. barbatulus). Нар. назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і інш.
Даўж. да 25 см, маса да 100 г. Цела голае (адсюль назва) або ўкрытае дробнай луской. Афарбоўка бурая, карычнявата-шэрая з больш цёмнымі плямамі. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой, водарасцямі.
т. 5, с. 5
ГАЛЬЦЫ,
пашыраная ў Сібіры назва горных вяршынь, якія паднімаюцца вышэй мяжы лесу і найчасцей пазбаўлены расліннасці. Звычайна маюць сплошчаную (платопадобную) форму. Гальцы, у адрозненне ад бялкоў, у цёплы перыяд года вызваляюцца ад снегу.
т. 5, с. 5
ГАЛЬША́НКА,
адна з назваў рэчкі Альшанка.
т. 5, с. 5
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Э.С.Корзун.
т. 5, с. 5