ГА́ЛЬКА,
абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.
В.П.Кісель.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)