Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, аліфатычныя злучэнні,

арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл. Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.

т. 2, с. 163

АЦЫЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення ў малекулу арганічных рэчываў ацыльнай групы (RCO). У залежнасці ад тыпу ацыльнай групы адрозніваюць ацэтыліраванне (ацыл воцатнай кіслаты), бензаіліраванне (ацыл бензойнай кіслаты), фарміліраванне (астатак мурашынай кіслаты HCO) і інш. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысл. сінтэзе для «захоўвання» рэакцыйназдольных гідраксільных і амінных груп, таксама ў вытв-сці лекаў.

т. 2, с. 163

Ацькоў Алег Юр’евіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АЦЭ́НКА ЗЯМЕ́ЛЬ,

устанаўленне параўнальнай вытворчай здольнасці зямель па асн. прыродных фактарах іх урадлівасці (гл. Баніціроўка), а таксама па паказчыках эканам. эфектыўнасці іх выкарыстання, адноснай прыбытковасці; адзін з этапаў зямельна-кадастравых работ. Ацэнцы падлягаюць ворная зямля, шматгадовыя насаджэнні, сенажаці і пашы. У працэсе ацэнкі зямель распрацоўваюцца ацэначныя шкалы па групах глебаў з блізкімі вытв. ўласцівасцямі. На іх аснове разлічваюцца паказчыкі ацэнкі па гаспадарках і адм. адзінках. Ва ўмовах рыначнай эканомікі ацэнка зямель праводзіцца пераважна з мэтай дыферэнцыяцыі зямельных падаткаў; мае вырашальны ўплыў на цану зямлі і арэндную плату. Падлягае перыядычнаму ўдакладненню і абнаўленню.

т. 2, с. 163

АЦЭТАВО́ЦАТНЫ ЭФІ́Р,

арганічнае злучэнне, этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты. Мал. м. 118,14. Існуе ў выглядзе сумесі двух таўтамерных формаў: кетоннай CH3C(O)CH2COOC2H5 і енольнай CH2C(OH)=CHCOOC2H5. Вадкасць, tкіп 180,8 °C, растваральны ў вадзе, спірце, эфіры. Вельмі рэакцыйназдольны. Раздражняе скуру. Атрымліваюць дзеяннем алкагаляту натрыю на этылацэтат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лекаў (амідапірыну, акрыхіну і інш.), вітаміну B, азафарбавальнікаў, для араматызацыі харч. прадуктаў.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ЛІ,

арганічныя злучэнні, вытворныя гідратаваных альдэгідаў, RCH (OR​1)2. Бясколерныя вадкасці з прыемным пахам, растваральныя ў арган. растваральніках, нерастваральныя ў вадзе. Устойлівыя да шчолачаў, у прысутнасці кіслот гідралізуюцца да альдэгідаў. Уступаюць у рэакцыі далучэння і замяшчэння. Атрымліваюць ацэталізацыяй — узаемадзеяннем альдэгідаў са спіртам ці ортаэфірамі. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, пестыцыды (напр., ацэталь акралеіну), духмяныя рэчывы ў парфумерыі, пластыфікатары. У невял. колькасці ёсць у моцных вытрыманых вінах, паляпшаюць іх букет.

т. 2, с. 163

АЦЭТАЛЬДЭГІ́Д,

альдэгід воцатнай кіслаты, CH3CHO. Мал. м. 44,05. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 20,2 °C, шчыльн. 0,78∙10​3 кг/м³, змешваецца з вадой і арган. растваральнікамі. У прысутнасці мінер. кіслот утварае цыклічны трымер—паральдэгід і тэтрамер—метальдэгід. Атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтылену ці прапілену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці воцатнай кіслаты, воцатнага ангідрыду, этылацэтату, хларалю, поліацэталяў і інш.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ТНЫЯ ВАЛО́КНЫ,

штучныя валокны, якія атрымліваюць з ацэтатаў цэлюлозы. Адрозніваюць трыацэтатнае валакно (з трыацэтату цэлюлозы) і валакно з часткова амыленага (другаснага) ацэтату цэлюлозы. Ацэтатныя валокны фармуюць з раствораў ацэтатаў цэлюлозы ў сумесі метыленхларыду і спірту ці ў ацэтоне (звычайна сухім метадам) і атрымліваюць філаментныя ніткі (ацэтатны шоўк). Штапельнае ацэтатнае валакно фармуюць сухім і мокрым спосабамі (гл. ў арт. Валокны хімічныя). Эластычныя, мяккія, прапускаюць УФ выпрамяненне, афарбоўваюцца спец. фарбавальнікамі, аднак маюць малую трываласць, нізкую тэрма- і зносаўстойлівасць, электрызуюцца. Выкарыстоўваюць для вырабу вопраткі, сукенак, жаночай бялізны, тканін на падкладкі; штапельнае ацэтатнае валакно замяняе бавоўну ў тканінах і трыкатажы.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ТЫ,

вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.

т. 2, с. 163

АЦЭТА́ТЫ ЦЭЛЮЛО́ЗЫ, ацэтылцэлюлоза,

вытворныя цэлюлозы (воцатнакіслыя эфіры) формулы [C6H7O2(OH)3-x (OCOCH3)x] n; тэрмапластычныя палімеры. Мал. м. 25—115 тыс., 52—61,5% звязанай воцатнай кіслаты, т-ра размякчэння 190—210 °C, шчыльн. (1,29—1,33)∙10​3 кг/м³, нерастваральныя ў вадзе, спірце. Ацэтат цэлюлозы, які мае 60—61,5% воцатнай кіслаты (трыацэтат), у тэхніцы наз. першасным, пры яго частковым гідролізе ўтвараецца другасны ацэтат цэлюлозы з колькасцю воцатнай кіслаты 52—58%. Ацэтаты цэлюлозы няўстойлівыя да разбаўленых кіслот і шчолачаў, маюць добрыя валокна- і плёнкаўтваральныя ўласцівасці. Трыацэтат атрымліваюць апрацоўкай бавоўнавай ці драўніннай цэлюлозы воцатным ангідрыдам, другасны — амыленнем трыацэтату водным растворам воцатнай кіслаты. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ацэтатнага валакна, электраізаляцыйных плёнак і кінаплёнак, пластмасаў (напр., этролы).

т. 2, с. 163