Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ, пятачнае сухажылле,

адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.

т. 2, с. 145

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

АХІ́МСА, ахінса (санскр., літар. ўстрыманне ад насілля, ненасілле),

непрычыненне шкоды жывым істотам у будызме, джайнізме і індуізме, асноватворная дактрына, адзін з вышэйшых зарокаў і правілаў паводзін у гэтых і шэрагу інш. рэлігійных вучэнняў.

т. 2, с. 145

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

АХЛАКРА́ТЫЯ (ад грэч. ochlos натоўп + kratos улада),

1) у старажытнагрэчаскіх вучэннях пра дзяржаву (Платон, Арыстоцель) — панаванне натоўпу; сітуацыя мяцяжоў, пагромаў, вулічных бунтаў, адметных праяўленнем ганебных намераў і дзеянняў.

2) Улада грамадска-паліт. груповак, якія апелююць да папулісцкіх настрояў у найб. прымітыўных варыянтах. Для ахлакратыі характэрны зменлівы паліт. курс, які адлюстроўвае дынамічны настрой «чалавека з народа», незадаволенага сваім статусам і гатовага да неадкладнага вырашэння складаных грамадскіх праблем спрошчаным метадам. Недахоп паліт. кампетэнцыі, цяга да даброт, што прыносіць улада, унутрыпаліт. і знешнепаліт. авантур робяць ахлакратыю адной з небяспечных паліт. з’яў, здольных прывесці грамадства да агульнанар. Катастрофы.

т. 2, с. 145

АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),

рускі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.​Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.​Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.​Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).

М.П.Ахлопкаў.

т. 2, с. 145

АХМАДАБА́Д, Ахмедабад,

горад у Індыі, на р. Сабарматы, штат Гуджарат. Засн. ў 1411. 4775,7 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Адзін з найважнейшых прамысл. і гандл.-фін. цэнтраў Зах. Індыі. Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (баваўняныя пража і тканіны, шарсцяныя тканіны, штучны шоўк). Металаапр., маш.-буд., папяровая, хім., гарбарная, запалкавая, харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць парчы, шоўку, ювелірных і лакавых вырабаў, мастацкае разьбярства. Арх. помнікі 15—17 ст. 3 ун-ты, у т. л. Гуджарацкі. Музей.

т. 2, с. 145

АХМАДНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў канцы 15—17 ст. ў Індыі. Заснавана намеснікам бахманідскага султана ў Джунары Малікам Ахмадам, які ў 1490 абвясціў сябе незалежным кіраўніком з тытулам нізамшаха. Назва дзяржавы ад сваёй сталіцы — г. Ахмаднагар (засн. Ў 1494). У канцы 16 — пач. 17 ст. Ахмаднагар вяла доўгія войны з Вялікімі Маголамі і ў 1636 падпарадкавана Шах-Джаханам.

т. 2, с. 146

АХМАДУ́ЛІНА (Бэла) (Ізабэла) Ахатаўна (н. 10.4.1937, г. Масква),

руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (выключана за подпіс ліста ў абарону Б.​Пастарнака). Друкуецца з 1955. Аўтар зб. вершаў «Струна» (1962), «Урокі музыкі» (1969), «Свечка» (1977), «Сад» (1987; Дзярж. прэмія СССР 1989), «Таямніца» (1983), «Выбранае» (1988); паэм «Мая радаслоўная» (1964), нарысаў, кінасцэнарыяў. Перакладае з груз. і інш. моў: у 1959 выйшаў зб. вершаў груз. паэтэсы Г.​Каландадзе «Ляціце, лісты», у 1977 — кн. арыгінальных перакладаў і вершаў «Сны пра Грузію».

Б.А.Ахмадуліна.

т. 2, с. 146

АХМАДЫ́, Эль-Ахмады,

горад у Кувейце. 27 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1989). Цэнтр нафтаздабыўнога раёна. Вузел нафта- і газаправодаў. З-ды па перапрацоўцы нафты, звадкаванні газу і апрасненні марской вады. Экспарт нафты праз порт Міна-эль-Ахмады (уваходзіць у склад Ахмады) на ўзбярэжжы Персідскага зал.

т. 2, с. 146