Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АФТАЛЬЁН (Aftalion) Альбер

(21.10.1874, г. Русе, Балгарыя — снеж. 1956),

французскі вучоны-эканаміст, праф. Лільскага ун-та. Гал. яго праца — «Перыядычныя крызісы перавытворчасці» (1909), у якой паказаў залежнасць цыклічнай дынамікі выпуску элементаў асн. капіталу ад вытв-сці прадметаў спажывання, узроўню цэн, заработнай платы, працэнта прыбытку, беспрацоўя і інш. Абгрунтаваў прынцып акселерацыі ў эканоміцы (гл. Акселератар). Прычыну эканам. крызісаў бачыў у псіхалагічнай прыродзе чалавека і выкарыстанні машыннай тэхнікі. Прыхільнік прыватнай уласнасці, распрацаваў план яе заканадаўчага рэфармавання.

т. 2, с. 142

АФТАЛЬМАЛО́ГІЯ

(ад грэч. ophthalmos вока + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае анатомію і фізіялогію органа зроку, хваробы вачэй, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Першыя звесткі пра хваробы вачэй ёсць у стараж.-егіп. пісьмовых помніках, у працах Гіпакрата, індыйскіх і кітайскіх медыкаў. Як самаст. навука афтальмалогія пачала фарміравацца ў 17 ст. з развіццём оптыкі. Яе развіццю спрыяла вынаходства ням. вучоным Г.Гельмгольцам вочнага люстэрка (афтальмаскопа, 1851). Да сярэдзіны 19 ст. належаць і даследаванні ў галіне фізіял. оптыкі, стварэнне вучэнняў пра рэфракцыю і акамадацыю вока. У Расіі першая кафедра вочных хвароб заснавана ў 1818, вочныя лячэбніцы ў Пецярбургу і Маскве — у 1824—26. Уклад у афтальмалогію зрабілі рас. вучоныя А.У.Іваноў, А.А.Крукаў, А.М.Маклакоў, Л.Г.Белярмінаў, М.І.Авербах, В.П.Адзінцоў, У.П.Філатаў (першы ў свеце распрацаваў хірург. метад перасадкі рагавіцы). У наш час у практыку ўвайшлі лазерная хірургія, вочныя аперацыі пад мікраскопам (укаранёны М.Л.Красновым, А.П.Несцеравым і інш., распрацоўваюцца ў Міжгаліновым навук.-тэхн. комплексе «Мікрахірургія вока» пад кіраўніцтвам С.М.Фёдарава). Сярод работ замежных афтальмолагаў найбольш вядомы працы па пытаннях патагенезу, клініцы і лячэнні глаўкомы (С.Дзьюк-Элдэр, Вялікабрытанія; Б.Бекер, ЗША; Р.Эцьен, Францыя), праблемах захворванняў сятчаткі вока (М.Газ, ЗША), выкарыстанні крыяхірургіі ў афтальмалогіі (Т.Крвавіч, Польшча).

На Беларусі даследаванні па афтальмалогіі пачаліся з 2-й пал. 19 ст. Сучасны этап развіцця афтальмалогіі звязаны з працамі Т.В.Бірыч і яе вучняў: Т.А.Бірыч, Г.Р.Васільева, Д.В.Кантар і інш. (распрацоўкі ў галіне крыяхірургіі вочных захворванняў, глаўкомы, апёкаў вачэй і інш.). Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ экспертызы працы інвалідаў, на кафедрах вочных хвароб мед. ін-таў. Распрацоўваюцца пытанні лячэння і прафілактыкі траўмаў органа зроку, дыягностыкі і лячэння вочных хвароб (М.С.Завадская, М.М.Залатарова, А.У.Васілевіч, І.І.Катлярова, К.І.Клюцавая, І.В.Морхат, У.Т.Парамей, К.І.Чвялёва, Л.К.Яхніцкая). Асн. сучасныя кірункі даследаванняў: распрацоўка і ўкараненне мікрахірург. тэхнікі лячэння хвароб і траўмаў органа зроку, лазерная хірургія, дыягностыка і лячэнне вірусных захворванняў вачэй, пытанні прафілактыкі і лячэння блізарукасці, уздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку.

Літ.:

Бирич Т.В. Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984;

Золотарева М.М. Избранные разделы клинической офтальмологии. Мн., 1973;

Клюцевая Е.И. Хирургическое лечение прогрессирующей близорукости. Мн., 1984.

Л.К.Яхніцкая.

т. 2, с. 142

АФТАНА́ЗЫ (Aftanazy) Раман

(н. 2.4.1914, г.п. Моршын Львоўскай вобл., Украіна),

польскі гісторык культуры. Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1946). У 1944—81 працаваў у Бібліятэцы Нац. цэнтра імя Асалінскіх у Львове і Вроцлаве. Даследуе гісторыю магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў на б. усх. землях Рэчы Паспалітай (Беларусь, Украіна, Літва, Латвія), архітэктуру маёнткаў, паркавае мастацтва, гісторыю маст. збораў і бібліятэк, генеалогію ўладальнікаў сядзібаў. Увёў у навук. ўжытак шматлікія дакументы з дзярж. і прыватных архіваў, багатыя іканаграфічныя матэрыялы.

Тв.:

Materiały do dziejόw rezydencji. T. 1—11. Warszawa, 1986—93;

Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. T. 1—6. 2 wyd. Wrocław etc., 1991—95.

т. 2, с. 142

А́ФТЫ

(грэч. apthai),

невялікія ўчасткі паверхневага некрозу на слізістых абалонках рота (радзей на слізістых носа, вока, палавых органаў). Узнікненню спрыяюць хваробы органаў стрававання, алергія і інш. Афты маюць круглую або авальную форму, дыяметрам ад 2 да 5—7 мм, пакрытыя жоўта-белым налётам. Пашкоджаныя ўчасткі балючыя. Лячэнне накіравана на асн. захворванне. Мясцова — апрацоўка слізістай абалонкі абязбольваючымі, процівіруснымі сродкамі (алей шыпшыны, абляпіхі, караталін).

т. 2, с. 143

АФ-ШОР

(англ. off shore літар. ўдалечыні ад берага, г. зн. не на тэрыторыі краіны),

від кампаніі, якая створана або зарэгістравана на тэр. замежнай, гал. чынам невялікай дзяржавы і карыстаецца падатковымі льготамі, тое, што падатковая гавань.

т. 2, с. 143

АХА́,

горад у Расіі, цэнтр раёна Сахалінскай вобл., у паўн.-ўсх. частцы в-ва Сахалін. Вядомы з 1880. 35,6 тыс. ж. (1994). Звязаны чыг. лініяй з портам Маскальво. Цэнтр нафтавай і газавай прам-сці Сахаліна. Металаапр., дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. Матэрыялаў.

т. 2, с. 143

А́ХА (Aho; сапр. Бруфельт; Brofeldt) Юхані

(11.9.1861, г. Лапінлахты, Фінляндыя — 8.8.1921),

фінскі пісьменнік, журналіст. Аўтар рэаліст. аповесцяў «На заезным двары», «Чалавек з кірмашу», «Чыгунка» (усе 1884), «Адзінокі» (1890), «Раздушаны светам» (1894) і інш., зб. навел «Стружкі» (т. 1—8, 1891—1921). Падзеі стараж. гісторыі фінскага народа ў рамане «Пану» (1897) апісаны ў духу т.зв. нац. рамантызму. У творах апошніх гадоў пераважае абстрактны псіхалагізм (раманы «Юха», 1911; «Сумленне», 1914, і інш.). У 1918—19 напісаў кн.-дзённік «Паасобныя разважанні за тыдні паўстання».

Тв.:

Рус. пер. — Совесть: Роман, повести, рассказы. Л., 1969.

т. 2, с. 143

АХАВА́НЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі, якія маюць збудаванні для вырошчвання агароднінных, дэкар. і пладовых культур, іх расады і саджанцаў (цяпліцы, парнікі, уцеплены грунт). У іх ствараецца спрыяльны для раслін мікраклімат, магчыма штучнае абаграванне. Цяпліцы эксплуатуюць увесь год, парнікі — з ранняй вясны да позняй восені. Для стварэння ўцепленага грунту выкарыстоўваюць прыродную ахову (узгоркі, паўд. схілы, дрэвавыя насаджэнні і інш.), плёначныя ўкрыцці, біял. абаграванне і інш. сродкі аслаблення замаразкаў. Ахаваны грунт дае магчымасць атрымліваць ураджай агародніны на 7—25 сут раней, чым у полі.

т. 2, с. 143

АХА́ГАР

(Ahaggar),

Хогар, пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

АХАЛАДЖЭ́ННЕ,

працэс адвядзення цеплаты ад рэчыва ці аб’екта з мэтай паніжэння яго тэмпературы. Адрозніваюць ахаладжэнне ўмеранае (вышэй за 120 К) і крыягеннае (ніжэй за 120 К). Для ўмеранага выкарыстоўваюць сумесі цвёрдых ці вадкіх рэчываў: ваду, лёд, іх сумесі з солямі, напрыклад з хлорыстымі натрыем і амоніем; прыстасаванні (напр., халадзільнікі) з вадкімі холадаагентамі (пераважна аміяк, прапан-прапіленавыя сумесі, хладоны). Крыягеннае ахаладжэнне адбываецца пры выпарэнні звадкаваных газаў (паветра, азот, вадарод, гелій) з дапамогай халадзільных установак.

т. 2, с. 143