Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АФРЫКА́НСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЙ УЛА́СНАСЦІ (African Intelectual Property Organization). Створана ў 1962 як Афрыканскае ведамства прамысл. уласнасці. Уваходзяць 12 краін. Штаб-кватэра ў г. Яўндэ (Камерун). Мэта дзейнасці — спрыяць ахове літ. і мастацкіх твораў, прызнанню культ. і сац. каштоўнасці мастацкай і літ. уласнасці; дапамагаць у стварэнні нац. асацыяцый аўтараў.

т. 2, с. 141

АФРЫКА́НСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Афрыканскі кратон,

Афрыкана-Аравійская платформа, старажытная дакембрыйская платформа Гандванскай групы, якая займае амаль увесь Афрыканскі мацярык (за выключэннем Атласкіх і Капскіх гор), Аравійскі п-аў (без гор Амана) і в-аў Мадагаскар з Сейшэльскімі а-вамі. Крышталічны фундамент складзены з блокаў глыбока метамарфізаваных парод ранняга дакембрыю, якія акаймаваны познадакембрыйскімі складкавымі паясамі. На значнай тэрыторыі пароды фундамента выходзяць на паверхню ў шчытах і масівах. Платформавы чахол залягае ў сінеклізах, якія запоўнены пародамі позняга пратэразою і палеазою, аўлакагенах і перыакіянскіх прагінах (запоўнены пародамі мезазою і кайназою). Максімальная магутнасць платформавага чахла (8—10 км) назіраецца на перыферыі афрыканскай платформы (у сінеклізах Кару і Усх.-Лівійскай, аўлакагене Бенуа, перыакіянскіх прагінах). Кансалідацыя фундамента афрыканскай платформы завяршылася ў познім пратэразоі — раннім палеазоі. На працягу палеазою — ранняга мезазою платформа ўваходзіла ў склад суперкантынента Гандвана. Сучасныя рысы набыла ў мелавым перыядзе пасля расколу Гандваны. У выніку інтэнсіўнага падняцця, асабліва на У, у міяцэне ўзнікла Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма і рыфты Чырвонага м. і Адэнскага заліва, што суправаджалася вулканізмам. Афрыканская платформа мае буйныя радовішчы золата, алмазаў, плаціны, хрому, нікелю, урану, рэдказямельных элементаў, поліметалаў і інш.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 141

АФРЫКА́НСКА-АНТАРКТЫ́ЧНАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў паўд. ч. Атлантычнага і Індыйскага ак., паміж мацерыковым схілам Антарктыды, Афрыканска-Антарктычным хр. і хр. Кергелен. Даўж. 6200 км, шыр. 1500 км, пераважная глыб. 4000—5000 м, найб. 6787 м (на З). Грунт — чырвоныя глыбакаводныя гліны і дыятомавы глей.

т. 2, с. 141

АФРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

комплексныя спарт. спаборніцтвы краін Афрыкі. Праводзяцца з 1965 Вышэйшым саветам спорту Афрыкі (уваходзяць каля 50 краін кантынента, 1987) пад апекай Міжнар. алімпійскага к-та. У праграме спаборніцтвы па баскетболе, барацьбе, боксе, валейболе, веласпорце, гандболе, дзюдо, лёгкай атлетыцы, плаванні, футболе і інш.

т. 2, с. 142

АФРЫКА́НСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Bank; АБР). Створаны ў 1963 пры садзейнічанні Эканам. камісіі ААН для Афрыкі. Уваходзяць 50 краін. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — спрыяць эканам. і сац. прагрэсу краін-удзельніц праз фінансаванне праграм рэгіянальнага развіцця, заахвочванне дзярж. і прыватных інвестыцый, аказанне тэхн. Дапамогі.

т. 2, с. 142

АФРЫКА́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАНГРЭ́С

(African National Congress; АНК),

палітычная арг-цыя афрыканскага насельніцтва Паўд.-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1912 з мэтай ліквідацыі рэжыму апартэіду і ўсіх праяў расізму, дэмакр. перабудовы грамадства. У 1961—90 на нелегальным становішчы. У крас. 1994 АНК перамог на парламенцкіх выбарах, а яго лідэр (з 1991) Н.Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР.

т. 2, с. 142

Афрыканскі саюз

т. 18, кн. 1, с. 339

АФРЫКА́НСКІ ФОНД РАЗВІЦЦЯ́ (African Development Fond; АФР). Створаны ў 1972. Уваходзяць 20 краін, у тым ліку Вялікабрытанія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, ФРГ. Месца знаходжання — Абіджан (Кот-д’Івуар). Мэта дзейнасці — мабілізаваць дадатковыя сродкі і рэсурсы для эканам. і сац. развіцця краін Афрыкі і крэдытавання іх на льготных умовах.

т. 2, с. 142

АФРЫКА́ТЫ,

гл. ў арт. Зычныя гукі.

т. 2, с. 142

АФСЕ́ТНЫ ДРУК,

афсет (англ. offset), спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).

Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл. Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.

т. 2, с. 142