Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЎТАСТО́П (ад аўта... + англ. stop спыненне),

1) прыстасаванне на лакаматыве і чыг. пуці для аўтам. спынення чыг. поезда. Адрозніваюць аўтастопы механічныя (на чыгунках метрапалітэнаў) і эл.-магнітныя (на магістральных чыгунках). Сістэма аўтастопа на лакаматыве злучана з паветраным тормазам, на чыг. пуці — з пастаяннымі пуцявымі сігналамі. Паводле прынцыпу ўздзеяння на лакаматыўныя тармазныя сістэмы аўтастопы бываюць кропкавыя (індуктыўнарэзанансныя; уздзеянне аўтастопаў на лакаматывы перадаецца ў вызначаных пунктах) і безупынныя (на працягу ўсяго блок-участка).

2) У самадзейным турызме — метад падарожжа па краіне з дапамогай безаплатнага спадарожнага аўтатранспарту.

т. 2, с. 121

АЎТАСТРА́ДА,

тое, што аўтамагістраль.

т. 2, с. 121

АЎТАСЧЭ́ПКА,

1) прыстасаванне для аўтам. счаплення вагонаў і лакаматываў. Адрозніваюць аўтасчэпку жорсткую (у метрапалітэне) і няжорсткую (на чыг. транспарце). Складаецца з механізма счаплення расчэпнага прывода і цэнтравальнай прылады. Пры счэпцы вагонаў аўтасчэпкі цэнтруюцца, малы зуб і замок адной уваходзіць у паз другой, замкі зашчэпліваюцца. Удары і рыўкі памяншае вупражнае прыстасаванне з паглынальнай прыладай. Раз’ядноўваюць аўтасчэпку ўручную.

2) Прыстасаванне для аўтам. злучэння навяснога с.-г. абсталявання або машыны з механізмам навескі трактара. Складаецца з замка, што мацуюць на раме абсталявання ці машыны, рамкі, якую спалучаюць з цягамі навескі трактара.

т. 2, с. 121

АЎТАТАМІ́Я (ад аўта... + грэч. tomē адсячэнне),

самакалечанне, здольнасць некаторых жывёл самаадвольна аддзяляць часткі свайго цела пры рэзкім раздражненні. Звязана з уласцівасцю ўзнаўляць страчаныя часткі цела: у яшчаркі вырастае новы хвост замест адламанага, у рака — клюшні, у актынідыі — шчупальцы. Аўтатамія — ахоўнае прыстасаванне, якое выпрацавана ў працэсе эвалюцыі як спосаб пасіўнай абароны. Часам звязана з размнажэннем: адламаныя прамяні марскіх зорак могуць аднавіцца ў цэлую жывёліну. Уласціва многім прадстаўнікам фауны Беларусі: гідрам (адкідваюць шчупальцы), кольчатым чарвям (канец цела), павукам, матылям, конікам і ракам (канечнасці), яшчаркам порсткай і жывароднай, вераценніцы ломкай, некаторым птушкам (глушцы, цецерукі), здольным пры небяспецы скідаць покрыўнае пер’е і інш.

т. 2, с. 121

АЎТАТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычны трансфарматар, у якога першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку. Найчасцей карыстаюцца аўтатрансфарматарам з плаўным рэгуляваннем выхаднога напружання, дзе нагрузку падключаюць да кантактаў, што рухаюцца па вітках абмоткі. Такія даюць магчымасць пры зменным першасным напружанні захоўваць пастаянным другаснае. Аўтатрансфарматары выкарыстоўваюць ў ланцугах энергасістэм, рэлейнай ахове, у прыстасаваннях аўтаматыкі і радыёэлектронікі для пуску магутных электрарухавікоў і інш.

Аўтатрансфарматары: 1 — павышальны; 2 — паніжальны; а — крыніца току; б — нагрузка.

т. 2, с. 121

АЎТАТРАПІ́ЗМ [ад аўта... + трапізмы(ы)],

здольнасць раслін самаадвольна выраўноўваць восевыя органы ад залішняга выгіну, выкліканага якім-н. вонкавым уздзеяннем. Напрыклад, выраўноўванне сцяблоў злакаў, якія палеглі ад дажджу, ветру, або галін раслін ад снегу.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФНАСЦЬ ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

атрыманне чалавецтвам ежы і энергіі штучным шляхам, без удзелу прадуцэнтаў. Напрыклад, атрыманне раслінападобнай ежы метадамі штучнага фотасінтэзу. Прапанаванае У.​І.​Вярнадскім паняцце аўтатрофнасці чалавецтва (1937) сучасная навука рэкамендуе пашыраць на безадходныя і малаадходныя тэхналогіі, надаўшы яму стратэгічнае прыродаахоўнае адценне: аўтатрофнасць чалавецтва павышае незалежнасць чалавецтва ад прыродных крыніц забеспячэння яго ежай і энергіяй, спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў і гарманізацыі суадносін чалавецтва з прыродай.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФЫ [ад аўта... + ...троф(ы)],

аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121

АЎТАТРЭ́НІНГ (ад аўта... + англ. training трэніроўка),

псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).

т. 2, с. 121

АЎТАТЫ́ПІЯ (ад аўта... + грэч. typos адбітак),

спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.

т. 2, с. 121