Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЙРАККУ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага і ранняга жал. вякоў (сярэдзіна 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.) у кайраккумскіх пясках на правым беразе р. Сырдар’я (Таджыкістан). Паселішчы (пл. каля 3 га) складаліся з прамавугольных жытлаў даўж. да 20 м з каменнымі агнішчамі. Памерлых хавалі ў каменных скрынях у скурчаным становішчы на баку, галавой на 3. Кераміка ляпная, посуд пласкадонны з раздутымі бакамі, зрэдку арнаментаваны. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і металаапрацоўкай, карысталася бронзавымі нажамі, наканечнікамі стрэл. К.к. ўваходзіць у андронаўскую культурную агульнасць (гл. Андронаўская культура).

т. 7, с. 441

КА́ЙРЫ (Uria),

род птушак сям. чысцікавых атр. сеўцападобных. 2 віды: танкадзюбая, або даўгадзюбая (U. aalge), і таўстадзюбая, або караткадзюбая (U. lomvia). Пашыраны на ўзбярэжжах і астравах умераных і палярных мораў Паўн. паўшар’я.

Даўж. цела да 50 см, маса да 1,5 кг. Апярэнне зверху чарнавата-бурае, знізу белае. Гняздуюцца на прыбярэжных скалах вял. калоніямі, утвараюць разам з інш. птушкамі птушыныя базары. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнай марской рыбай і беспазваночнымі. Мяса і яйцы ядомыя. Аб’ект промыслу.

Кайры: 1 — танкадзюбая; 2 — таўстадзюбая.

т. 7, с. 441

КА́ЙСЕРЫ (Kayseri),

горад у Турцыі, у цэнтр. Анатоліі. Адм. ц. іля Кайсеры. 421 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., харч. (мукамольная, цукр., мяса-малочная); буйны баваўняны камбінат, авіязборачны, хім., свінцова-цынкавы з-ды, дрэваапр. прадпрыемствы. Адзін з асн. цэнтраў дыванаткацтва. Шматлікія мячэці, медрэсэ, маўзалеі 12—16 ст. Археал. музей.

т. 7, с. 441

КАЙФЫ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, паблізу р. Хуанхэ, у прав. Хэнань. Адзін са старэйшых гарадоў Кітая, сталіца краіны ў 10—12 ст. 508 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Вытв-сць абсталявання для хім. прам-сці, с.-г. машын, хім. і тэкст. прам-сць. Шматлікія арх. помнікі, у т. л. пагада Тэта (Жалезная пагада) 11 ст.

т. 7, с. 441

КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),

кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.

Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.

Плод какавы.

т. 7, с. 441

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

КАКАДУ́ (Kakatoeinae),

падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.

Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.

Э.​Р.​Самусенка.

Какаду: 1 — жаўтачубы; 2 — чорны.

т. 7, с. 441

КАКАІ́Н,

алкалоід лісцяў трапічных раслін роду эрытраксілум (напр., какаінавы куст). Адносіцца да групы абязбольваючых сродкаў. Высокатаксічны. Выкарыстоўваецца ў парашках і растворах для мясц. абязбольвання. Пры ўжыванні ўзбуджае, потым прыгнечвае нерв. сістэму. Лячэнне К. доўгі час выклікае цягу да яго — какаінізм.

т. 7, с. 441

КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),

кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.

Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Галінка какаінавага куста.

т. 7, с. 442

КАКА́НАВА (Нявена) (н. 12.12.1938, г. Станке-Дзімітроў, Балгарыя),

балгарская актрыса. Нар. арт. Балгарыі (1974). Творчую дзейнасць пачала ў т-ры, у кіно з 1956 (фільм «Дзве перамогі»). Сярод лепшых — ролі гераінь, прасякнутых шчырасцю, парывістых, унутрана значымых. Знялася ў фільмах «Гады кахання» (1957), «Будзь шчаслівая, Ані!» (1961), «Тытунь» (1962, у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Інспектар і ноч» (1963), «Выкрадальнік персікаў» (1964), «Адхіленне» (1967), «Хлопчык адыходзіць» (1972, у сав. пракаце «Вольная птушка»), «Дрэва без каранёў» (1974), «Не зыходзь» (1976), «Тры смяротныя грахі» (1980), «Папярэджанне» (1982), «Выратаванне» (1984) і інш.

т. 7, с. 442