Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АЎТАІМУ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ,

захворванні, абумоўленыя рэакцыямі імунітэту, што накіраваны супраць уласных тканак і органаў арганізма. Да аўтаімунных хвароб належаць калагеноз, нефрыт, панкрэатыт, сістэмная склерадэрмія, набытая гемалітычная анемія; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД). Механізм многіх аўтаімунных хвароб вывучаны недастаткова.

т. 2, с. 109

АЎТАІНТАКСІКА́ЦЫЯ (ад аўта... + інтаксікацыя),

самаатручэнне, эндагенная інтаксікацыя, пашкоджанне арганізма ядамі, што ўтварыліся ў арганізме (у адрозненне ад атручэння, калі яны паступаюць звонку). Асн. групы эндагенных таксінаў складаюць рэчывы, якія ўзнікаюць або назапашваюцца ў арганізме ў празмернай колькасці пры цяжкіх захворваннях печані, нырак (дыябет, урэмія), парушэннях абмену рэчываў і дзейнасці залоз унутр. сакрэцыі (тырэатаксікоз), пры шэрагу ўнутр. інфекцый (напр., дыфтэрыі), пры некрозе тканак пад уплывам злаякасных новаўтварэнняў і вял. апёкаў, пры парушэннях цячэння цяжарнасці і інш. Дзеянне эндатаксінаў рэалізуецца непасрэдна ў месцы іх утварэння або праз адмоўны ўплыў на функцыі органаў сардэчна-сасудзістай, нерв., крывяноснай і інш. сістэм. У найб. цяжкіх выпадках для ачышчэння арганізма ад іх выкарыстоўваюць складаныя тэхн. сістэмы (апараты «штучная нырка», «штучнае лёгкае», дыялізатары і інш.).

т. 2, с. 109

АЎТАКА́Р (ад аўта... + англ. car цялежка),

самаходная цялежка з рухавіком унутранага згарання і грузавой платформай. На іх могуць устанаўліваць пад’ёмныя платформы, грузапад’ёмныя краны і інш. Прызначаны для ўнутрызаводскай перавозкі грузаў, механізацыі пагрузачна-разгрузачных работ на чыг. станцыях, складах, у портах і інш.

т. 2, с. 110

АЎТАКАТА́ЛІЗ,

гл. ў арт. Каталіз.

т. 2, с. 110

АЎТАКЕФА́ЛІЯ (ад аўта... + грэч. kephale галава),

аўтакефальная царква, у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 110

АЎТАКЛА́Ў (ад аўта... + лац. clavis ключ),

герметычны апарат для правядзення розных працэсаў пад ціскам (большым за атмасферны) і пры награванні. Выкарыстоўваецца ў хім. прам-сці, гідраметалургіі, вытв-сці буд матэрыялаў, харч. прам-сці, медыцыне.

т. 2, с. 110

АЎТАКРА́Н, аўтамабільны кран,

самаходная пагрузачна-разгрузачная машына, зманціраваная на аўтамаб. шасі. Бываюць поўнапаваротныя і непаваротныя (з абмежаваным вуглом павароту стралы). Для ўстойлівасці мае вынасныя апоры. Прывод кранавага абсталявання электрычны, гідраўлічны або механічны. Працуе ад аўтамаб. або ад спец. рухавіка на паваротнай платформе. З навясным абсталяваннем можа выконваць лёгкія земляныя работы і грузіць сыпкія матэрыялы. Грузападымальнасць 2,5—16 т.

Аўтакран ККТ-50.01 на шасі МЗКТ-6923.

т. 2, с. 110

АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),

сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.

т. 2, с. 110

АЎТАЛІТАГРА́ФІЯ (ад аўта... + літаграфія),

від літаграфіі, пры якой выяву на камень наносіць мастак-аўтар, у адрозненне ад рэпрадукцыйнай літаграфіі, дзе арыгінал перамалёўвае на камень майстар-літограф. У бел. мастацтве аўталітаграфію выкарыстоўваюць з пач. 19 ст. ў літаграфскіх майстэрнях пры Віленскім ун-це. У 1920—30-я г. ў тэхніцы аўталітаграфіі працавалі Я.​Горыд, А.​Малярэвіч, Н.​Сасноўская, Ф.​Фогт. У сучасным бел. мастацтве амаль усе творы ў гэтай тэхніцы выконваюцца пры ўдзеле аўтараў (У.​Басалыга, А.​Паслядовіч, А.​Кашкурэвіч, С.​Герус, В.​Шаранговіч, В.​Александровіч, І.​Немагай, С.​Раманаў).

В.​Ф.​Шматаў.

т. 2, с. 110

АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110