Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎСЯ́НІКІ

(Ephemeroptera),

атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).

Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.

т. 2, с. 106

АЎСЯ́НІЦА,

мурожніца (Festuca), род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і халодных паясах Зямлі, у субтропіках і горных сістэмах тропікаў. На Беларусі 12 дзікарослых і 8 інтрадукаваных відаў. Дзікарослыя — аўсяніца авечая (Festuca ovina), валіская (Festuca valesiaca), высокая (Festuca altissima), гіганцкая (Festuca gigantea), дзюнная (Festuca sabulosa), лугавая (Festuca pratensis), несапраўдная авечая (Festuca pseudovina), палеская (Festuca polesica), Рэгеля (Festuca regeliana), танкалістая (Festuca tenuifolia), чырвоная (Festuca rubra), шурпаталістая (Festuca trachyphylla); інтрадукаваныя — аўсяніца альпійская (Festuca alpina), аметыставая (Festuca amethystina), баразнаватая (Festuca sulcata), блакітная (Festuca pallens), прысадзістая (Festuca supina), разналістая (Festuca heterophylla), стракатая (Festuca varia), трысняговая (Festuca arundinacea). Па ўсёй тэрыторыі ў сухіх хвойніках, на сухадольных лугах, палянах, узлесках, травяных схілах і каля дарог трапляюцца аўсяніца авечая, лугавая, чырвоная, шурпаталістая; у цяністых лясах расце аўсяніца гіганцкая; пераважна на Пд на сухіх лугах, у разрэджаных лясах, на пясчаных грывах у поймах рэк трапляецца аўсяніца несапраўдная авечая, на пясчаных агаленнях і дзюнах — аўсяніца палеская, на саланцаватых лугах — аўсяніца Рэгеля. Рэдкія віды аўсяніцы — валіская, высокая, дзюнная і танкалістая — занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны, утвараюць шчыльныя дзярніны або маюць паўзучыя падземныя парасткі. Сцяблы прамастойныя, выш. 10—150 см, з замкнёнымі ці расшчэпленымі похвамі, ланцэтападобнымі вушкамі або без іх, з пераважна кароткімі язычкамі. Лісце лінейнае, пляскатае, складзенае ўдоўж ці згорнутае ў вузкія трубачкі, звычайна шурпатае або валасістае, рэдка голае і гладкае. Суквецці — слабараскідзістыя, сціснутыя і гронкападобныя шматкаласковыя мяцёлкі. Каласкі 2—15-кветныя. Ніжняя кветкавая лускавінка звычайна з кароткім асцюком. Плод — зярняўка. Амаль усе віды аўсяніцы — кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца для пашы, газонаў і інш. Выведзены шматлікія сарты розных відаў аўсяніцы. Некат. віды замацавальнікі рухомых пяскоў і пясчаных схілаў, дэкар. Расліны.

т. 2, с. 106

АЎСЯ́НКА,

вярхоўка (Leucaspius delineatus), рыба атр. карпападобных. Пашырана ў басейнах Чорнага, Каспійскага мораў. У рэках паўд. ч. Балтыйскага м., на Беларусі ў рэках басейнаў Дняпра, Прыпяці, Нёмана, Зах. Дзвіны, Зах. Буга, у поймавых старыцах і азёрах Палесся. Чародная, жыве ў паверхневых слаях вады.

Даўж. 4—5, часам да 9 см. Палавая спеласць на 2-м годзе жыцця. Нераст парцыённы, пачынаецца ў 2-й пал. мая—чэрвені. Корміцца зоапланктонам, насякомымі, ікрой рыб. Жыве да 4 гадоў. Выкарыстоўваецца як прынада пры лоўлі драпежных відаў рыб.

т. 2, с. 106

АЎСЯ́НКА,

рака ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці і Расіі (Пскоўская вобл.), правы прыток р. Усвяча (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 90 км, у межах Беларусі каля 87 км. Пл. вадазбору 598 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Сіціна Гарадоцкага р-на, цячэ праз 7 азёраў (у тым ліку Нёгра, Вышадскае, Мядзесна, Цёста), вярхоўе і сярэдняе цячэнне ў межах Гарадоцкага узв., нізоўе на Суражскай нізіне. Асн. прытокі: Асеча (справа), Іардынка і Салонаўка (злева). Упадае ва Усвячу каля в. Любань Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл.

Даліна да в. Смолаўка скрынка- або трапецападобная, шыр. 300—400 м, ніжэй па цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя або сярэдне стромкія, выш. 4—8 м, месцамі да 20 м. Пойма двухбаковая, нярэдка забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, шыр. ракі ў межань 4—6 м, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі часцей спадзістыя, месцамі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с, на веснавы перыяд прыпадае 68% гадавога сцёку. У рацэ трапляецца вадзяны арэх — ахоўны рэліктавы від у флоры Беларусі (месца яго росту ніжэй за воз. Ведрынскае аб’яўлена помнікам прыроды).

т. 2, с. 107

АЎСЯ́НКА,

вёска ў Беларусі, у Горацкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Галубіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдЗ ад г. Горкі, 64 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 822 ж., 243 двары (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 107

АЎСЯ́НКІ

(Emberiza),

род птушак атр. вераб’інападобных. 39 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі гняздуюцца 4 віды: прасянка (Emberiza calandra), аўсянка садовая (Emberiza hortulana), аўсянка звычайная (Emberiza citrinella), аўсянка чаротавая (Emberiza schoeniclus). Прасянка і аўсянка садовая занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 22 см, маса да 64 г. Апярэнне бураватае і карычняватае. Дзюба кароткая, канічная, верхняя палавіна якой няшчыльна прылягае да ніжняй. Жывуць на лугах, у хмызняках, чаротавых зарасніках і ў лесе. Гнёзды адкрытыя, на зямлі або на высокіх кустах. Нясуць 2—6 яец. За год 1—2 патомствы. Кормяцца насякомымі і насеннем.

т. 2, с. 107

АЎСЯ́НКІН Вадзім Аўдзеевіч

(8.4.1939, г. Палтава, Украіна — 15.6.1968),

бел. спартсмен (самалётны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1967). Чэмпіён свету ў камандным і асабістым заліках (1964, Більбао, Іспанія) і сярэбраны прызёр у асабістым заліку (1966, Масква). Чэмпіён СССР (1963) па вышэйшым пілатажы, абсалютны чэмпіён СССР і Усесаюзнай спартакіяды па тэхн. відах спорту (1965). Загінуў у час паказальнага парнага палёту.

т. 2, с. 107

Аўсяннікаў Міхаіл Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 338

АЎСЯ́НЫ КІСЕ́ЛЬ,

старадаўняя бел. мучная страва. Варылі з аўсянай мукі грубага памолу, часам з вотруб’я. Муку залівалі вадой і ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай выціскалі на рэшаце (сітку) і цэд варылі. Пасля разлівалі ў посуд і ставілі ў халоднае месца, каб кісель застыў. Елі з алеем, малаком, маслам, сытою. На посную куццю аўсяны кісель быў адной з абрадавых страў. Сыры цэд давалі дзецям ад глістоў. Вадкі аўсяны кісель наз. журам.

т. 2, с. 108

АЎТА...

(ад грэч. autos сам),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае: 1) словам «свой», «уласны» ці аснове «сама...»; 2) слову «аўтаматычны»; 3) словам «аўтамабільны», «аўтамабіль»; 4) словам «самаходны», «самарушны», напрыклад, аўтабіяграфія, аўтаблакіроўка, аўтадрызіна.

т. 2, с. 108