Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫШЧАЦІ́ННІК (Trisetum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых (злакавых). Каля 60 відаў. Пашыраны ў нетрапічных паясах. На Беларусі 1 від — Т. сібірскі (T. sibiricum). Трапляецца па вільготных лугах, у лясах, хмызняках.

Т. сібірскі — шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна выш. 15—150 см. Сцябло прамастойнае, голае. Лісце лінейнае, па жылках шурпатае. Каласкі — 2—3-кветныя, суквецце — мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавая, дэкар. расліна.

т. 16, с. 12

ТРЫЯ́ДА [ад грэч. trias (triados) тройца, траістасць],

спосаб філас. канструявання, які зыходзіць з траістасці, трохступеньчатасці развіцця. Паняцце Т. ўведзена ў філасофію Платонам і шырока распаўсюдзілася ў платанізме і неаплатанізме. Прокл разглядаў Т. як 3 праекцыі свету ў межах розуму: знаходжанне — выступленне — вяртанне; трэці член Т., на яго думку, аб’ядноўвае крайнасці першых двух і ўяўляе сабой «сярэдзіну» паміж імі. Неаплатанісцкая мадэль Т. пакладзена ў аснову хрысц. вучэння пра Святую Тройцу, але ў значна адрозным выглядзе: іпастасі хрысц. Т. ўяўляюць сабой сутнасці, што знаходзяцца на агульным анталагічным узроўні: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог — Дух Святы, а не безаблічныя, як у неаплатанізме. Прынцып Т. па-свойму тлумачыўся ў ням. класічнай філасофіі. Г.​Гегель разглядаў Т. як універсальную схему ўсялякага развіцця, што ўключае 3 ступені: тэзіс (палажэнне), антытэзіс (проціпалажэнне) і сінтэз (злучэнне); лічыў, што кожная наступная ступень адмаўляе папярэднюю, а апошняя (сінтэз) не толькі адмаўляе, але і злучае ў сабе асаблівасці папярэдніх ступеней развіцця. Гл. таксама Адмаўленне адмаўлення.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 12

ТРЫЯЛЕ́ (Triolet) Эльза (12.9.1896, Масква — 16.6.1970),

французская пісьменніца. Жонка Л.Арагона. Па адукацыі архітэктар. З 1919 жыла ў Парыжы. Першыя кнігі на рус. мове — «На Таіці» (1925), на франц. — раман «Добры вечар, Тэрэза!» (1938). Найб. вядомы цыкл раманаў Т. — «Нейлонавае стагоддзе» («Ружы ў крэдыт», «Месяц-парк», абодва 1959; «Душа», 1963), у якіх праблемы шчасця і прызвання чалавека, рамантыкі і будзённасці, быцця і побыту, штучнасці і натуральнасці ў чалавечым існаванні. Аўтар зб-каў апавяд. на тэмы фашызму і вайны «Авіньёнскія палюбоўнікі» (падп. выд. 1943), «Івета» (1944), «За сапсаванае сукно штраф 200 франкаў» (1945). У раманах «Конь белы» (1943), «Ніхто мяне не любіць» (1946), «Узброеныя здані» (1947), «Інспектар руін» (1948), «Конь чырвоны» (1953), «Спатканне чужаземцаў» (1956), «Помнік» (1957), «Салавей змаўкае на світанні» (1970), дылогіі «Вялікае ніколі» (1965) і «Паслухайце, паглядзіце» (1968) тэмы неафаш. тэндэнцый у пасляваен. Францыі, небяспекі атамнай вайны, прызначэння мастака і мастацтва, адносін людзей розных нацыянальнасцей. Для яе твораў характэрны алегорыя, уяўна-фантаст. пачатак, парушэнне прасторава-часавых сувязей, прытчавасць. Аўтар кніг успамінаў, перакладаў рус. і франц. паэтаў, сцэнарыя фільма «Нармандыя—Нёман» (1959, з К.​М.​Сіманавым і Ш.​Спаакам). На бел. мову асобныя творы Т. пераклаў Л.​Казыра.

Тв.:

Бел. пер. — Івета // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Незваные гости. Рязань, 1960;

Нейлоновый век. М., 1960;

Анна-Мария. М., 1963;

Душа. М., 1967;

Розы в кредит. Луна-парк. СПб., 1994.

Літ.:

Евнина Е.М. Современный французский роман, 1940—1960. М, 1962;

Исбах А.А. Эльза Триоле // Писатели Франции. М., 1964.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 12

ТРЫЯЛЕ́Т (франц. triolet ад італьян. trio трое),

цвёрдая вершаваная форма; васьмірадковая страфа, у якой адзін радок паўтараецца тройчы (1-ы, 4-ы, 7-ы). Пачынаецца і заканчваецца тым жа двухрадкоўем. Мае 2 рыфмы (абааабаб ці аббабааб).

Узнік у 15 ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля. У рус. паэзіі з’явіўся ў пач. 19 ст. (М.​Карамзін), потым амаль стагоддзе не ўжываўся, адрадзіўся ў 20 ст. ў паэзіі К.​Фофанава, К.​Бальмонта, В.​Брусава.

У бел. паэзію Т. увёў М.​Багдановіч («Мне доўгае расстанне з Вамі...», «... Дзераўлянае яечка», «... Калісь глядзеў на сонца я»):

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.

Т. сустракаецца ў творах Х.​Чэрні, Д.​Бічэль-Загнетавай, Р.​Барадуліна і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 12

ТРЫЯЛЕ́ТЫ,

група археал. помнікаў ад позняга палеаліту да ранняга сярэдневякоўя на Цалкінскім плато ў Грузіі. Адкрыты ў 1936—40 і 1947. Найбагацейшыя пахаванні ў вял. курганах эпохі сярэдняй бронзы (пач. 2-га тыс. да н.э.). Рэшткі нябожчыка змяшчалі ў цэнтры кургана, часам на калясніцы. Уздоўж сцен ставілі вял. гліняныя пасудзіны з наразным і размаляваным арнаментам; шмат высокамаст. вырабаў з каштоўных металаў, у т. л. сярэбраны і залаты кубкі. Помнікі трыялецкай культуры пашыраны ва Усх. Грузіі, часткова на тэр. Арменіі.

т. 16, с. 12

ТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. triangulum трохвугольнік),

адзін з метадаў вызначэння каардынат апорных геад. пунктаў на мясцовасці; асн. метад стварэння апорнай геадэзічнай сеткі. Робіцца шляхам пабудовы сеткі сумежных трохвугольнікаў, у якіх вымяраюцца вуглы і адна зыходная (базісная) старана (даўжыні іншых старон вылічваюцца).

Дзярж. Т. падзяляецца на 4 класы. Сетка Т. 1-га класа (трохвугольнікі з даўж. стараны 20—25 км) утварае палігоны з перыметрам 800—1000 км, якія размяшчаюцца ўздоўж мерыдыянаў і паралелей. Прастору ўнутры палігона 1-га класа разбіваюць сеткай 2-га класа з даўж. стараны трохвугольніка 10—20 км. На канцах кожнай базіснай стараны ў Т. 1-га і 2-га класаў выконваюць астр. вызначэнні каардынат і азімута. На базе радоў і сетак Т. 1-га і 2-га класаў вызначаюцца пункты Т. 3-га і 4-га класаў (іх гушчыня залежыць ад маштабу тапаграфічнай здымкі). Пункты Т. (трыганаметрычны пункт) замацоўваюцца на мясцовасці геадэзічнымі знакамі, сігналамі геадэзічнымі. Т. выкарыстоўваецца для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, даследавання гарыз. рухаў зямной кары, абгрунтавання тапаграфічных здымак і інш. Замест Т. выкарыстоўваюць таксама метад паліганаметрыі.

П.​П.​Явід.

т. 16, с. 12

ТРЫЯНО́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1920.

Падпісаны 4 чэрв. ў Вял. Трыянонскім палацы Версаля (каля Парыжа) паміж краінамі, што перамаглі ў 1-й сусв. вайне, і Венгрыяй (б. саюзніца Германіі); частка версальска-вашынгтонскай сістэмы мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Паводле дагавора тэр. Венгрыі скарацілася ў 3 разы (Трансільванія і ўсх. частка Баната далучаны да Румыніі, Харватыя, Бачка і зах. частка Баната — да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Славакія і Закарпацкая Украіна — да Чэхаславакіі, прав. Бургенланд — да Аўстрыі), а насельніцтва — у 2,5 раза. У Венгрыі скасоўвалася ўсеагульная воінская павіннасць, колькасць яе арміі скарачалася да 35 тыс. чал. Прадугледжвалася выплата Венгрыяй рэпарацый. Набыў сілу 26.7.1921; страціў сілу ў выніку Венскіх арбітражаў 1938 і 1940.

т. 16, с. 12

ТРЫЯ́РЫІ (лац. triarii ад tres тры),

воіны цяжкай пяхоты ў войску Стараж. Рыма ў 5—2 ст. да н.э. Спачатку фарміраваліся з 1-га маёмнага класа; мелі поўнае засцерагальнае ўзбраенне (шчыты, шлемы, понажы), доўгія коп’і і мячы. У баявых парадках легіёнаў складалі 3-ю лінію (адсюль назва) за гастатамі і прынцыпамі. З 3 ст. да н.э. Т. — пераважна воіны 40—45 гадоў, узброеныя мячамі і пілумамі (кароткія кідальныя коп’і); у бой уступалі ў вырашальны момант для ўзмацнення сілы ўдару першых ліній або для стрымання атак варожых войск.

т. 16, с. 13

ТРЫЯ́САВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), трыяс (ад грэч. trias тройца, траістасць),

першая (ніжняя) сістэма мезазойскай эратэмы (эры). Адпавядае ранняму перыяду мезазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду), папярэднічае юрскай сістэме (перыяду). Пачалася каля 250 млн. г. назад, доўжылася каля 50 млн. г. Адклады Т.с.(п.) упершыню вылучаны ням. геолагам А. фон Альберці ў 1834 у Альпах. Падзяляецца на 3 аддзелы і 7 ярусаў (індскі і алянёцкі — ніжні аддзел; анізійскі і ладзінскі — сярэдні аддзел; карнійскі, нарыйскі і рэцкі — верхні аддзел). У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме трыясавых адкладаў Беларусі вылучаны таксама світы і падсвіты.

У трыясавы перыяд пашырылася пл. сушы мацерыкоў Лаўразіі ў Паўн. і Гандваны ў Паўд. паўшар’ях, на якіх пераважалі кантынентальныя ўмовы асадканамнажэння з утварэннем адкладаў: стракатакаляровых пясчана-гліністых (Усх.-Еўрапейская платформа), гіпсаносных (Сярэдняя Еўропа), саляносных (Паўн. Афрыка), вугляносных (Аўстралія, Паўд. Амерыка). Вулканічныя ўтварэнні былі пашыраны на Урале, у Казахстане, Сярэдняй Азіі, на Сібірскай платформе (трапавая фармацыя). Марскія вадаёмы з карбанатным асадканамнажэннем існавалі пераважна ў геасінклінальных абласцях; акіян Тэціс (Міжземнаморскі геасінклінальны пояс), басейны Паўн. Амерыкі (Кардыльеры), Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыкі. З адкладамі трыясу звязаны радовішчы нафты і газу, каменнага і бурага вугалю, гіпсу, каменнай солі, баксітаў, кааліну, медзістых пясчанікаў, уранавых руд і інш. Клімат у раннім і сярэднім трыясе быў пераважна гарачы, сухі, у познім трыясе — вільготны. Арганічны свет характарызуецца росквітам жывёльнага свету сушы, асабліва паўзуноў (дыназаўры), земнаводных (стэгацэфалы), насякомых (жукі. стараж. прамакрылыя); у канцы перыяду — касцістых рыб і прымітыўных млекакормячых (яйцародныя і сумчатыя). У прэснаводных вадаёмах былі членістаногія (астракоды, філаподы), у марскіх басейнах — разнастайныя малюскі, асабліва галаваногія (цэратыты). У расл. свеце на ўсіх кантынентах былі пашыраны дзеразападобныя. у канцы перыяду — голанасенныя (бенетытавыя, цыкадавыя, гінкгавыя і інш.), у морах — рыфаўтваральныя водарасці, у прэснаводных вадаёмах — харавыя.

На тэр. Беларусі адклады Т.с.(п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне. У Прыпяцкім прагіне яны (магутнасцю 300—500 м, месцамі больш за 1000 м) прадстаўлены ніжняй пясчанай і верхняй гліністай тоўшчамі. У ніжняй тоўшчы вылучаны выступовіцкая (пяскі, гліны, кангламераты) і каранёўская (пяскі, пясчанікі з аалітамі) світы ніжняга аддзела. Верхняя тоўшча падзяляецца (знізу ўверх) на мазырскую (алеўраліты, гліны, мергелі) світу ніжняга аддзела, калінкавіцкую (гліны, пяскі) і нараўлянскую (стракатакаляровыя гліны з праслоямі пясчаніку і алеўраліту, месцамі вапняку) світы сярэдняга аддзела; валаўскую (каалінізаваныя гліны і пяскі) світу верхняга аддзела. У Брэсцкай упадзіне трыясавыя адклады (магутнасцю 40—50 м) прадстаўлены воўчынскай (цагельна-чырвоныя гліны) і новагалянскай (гліны, пяскі, пясчанікі) світамі ніжняга аддзела.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Геология Беларуси. Мн., 2001.

С.​А.​Кручак.

т. 16, с. 13

ТРЫЯТЛО́Н (ад грэч. tri- у складаных словах — тры + athlon спаборніцтва, барацьба),

комплексныя спартыўныя спаборніцтвы па бесперапынным пераадоленні 3-этапнай дыстанцыі рознымі спосабамі; від спорту. Дыстанцыя доўгага (класічнага) Т. дасягае 225 км (плаванне 4 км, веласіпедная гонка 180 км, марафонскі бег 41,195 42,195 км) і больш, сярэдняга — 153—154 км (3 ці 4 + 120 + 30), кароткага (алімпійскага) Т. — 51,5 км (плаванне 1,5 км у адкрытай вадзе, велагонка або велакрос 40 км і бег 10 км). Часам адна з дысцыплін-этапаў замяняецца на інш. (веславанне на каноэ, горны веласіпед і інш.). У складзе зімовага Т. — бег, веласіпед і лыжная гонка.

Узнік у пач. 1970-х г. у ЗША (г. Сан-Дыега), там жа адбыліся першыя спаборніцтвы (1978). Міжнар. саюз Т. створаны ў 1989 (г. Авіньён, Францыя), аб’ядноўвае 75 краін (2002). У 1989 адбыўся і 1-ы афіц. чэмпіянат свету на алімп. дыстанцыі. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1985. У праграме Алімп. гульняў з 2000. Найб. папулярны ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Мексіцы, Н.​Зеландыі, Францыі, Японіі.

На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1987 (плаванне 200 м + велагонка 40 км + крос 7,5 км). Федэрацыя Т. створана ў 1994, у Еўрап. саюз Т. прынята ў 1995. Рэсп. чэмпіянаты на алімп. дыстанцыі праводзяцца з 1991. Першыя чэмпіёны Беларусі — А.​Зімніцкая (Мінск), А.​Саладзянкін (Брэст), 5-разовымі чэмпіёнамі рэспублікі станавіліся Н.​Баркун (Мінск) і Дз.​Талкачоў (Магілёў), 3-разовым — Я.​Зіятдзінаў (Гомель). На чэмпіянатах Еўропы зборныя юнацкія каманды Беларусі займалі 6-я месцы (2000, узрост да 17 гадоў; 2001, узрост да 14 гадоў). Найб. развіты Т. у Мінску, абл. і раённых (Драгічын, Жлобін, Пінск, Рагачоў, Салігорск) цэнтрах.

А.​М.​Бурлакоў.

т. 16, с. 13