ТРЫЯЛЕ́ (Triolet) Эльза (12.9.1896, Масква — 16.6.1970),
французская пісьменніца. Жонка Л.Арагона. Па адукацыі архітэктар. З 1919 жыла ў Парыжы. Першыя кнігі на рус. мове — «На Таіці» (1925), на франц. — раман «Добры вечар, Тэрэза!» (1938). Найб. вядомы цыкл раманаў Т. — «Нейлонавае стагоддзе» («Ружы ў крэдыт», «Месяц-парк», абодва 1959; «Душа», 1963), у якіх праблемы шчасця і прызвання чалавека, рамантыкі і будзённасці, быцця і побыту, штучнасці і натуральнасці ў чалавечым існаванні. Аўтар зб-каў апавяд. на тэмы фашызму і вайны «Авіньёнскія палюбоўнікі» (падп. выд. 1943), «Івета» (1944), «За сапсаванае сукно штраф 200 франкаў» (1945). У раманах «Конь белы» (1943), «Ніхто мяне не любіць» (1946), «Узброеныя здані» (1947), «Інспектар руін» (1948), «Конь чырвоны» (1953), «Спатканне чужаземцаў» (1956), «Помнік» (1957), «Салавей змаўкае на світанні» (1970), дылогіі «Вялікае ніколі» (1965) і «Паслухайце, паглядзіце» (1968) тэмы неафаш. тэндэнцый у пасляваен. Францыі, небяспекі атамнай вайны, прызначэння мастака і мастацтва, адносін людзей розных нацыянальнасцей. Для яе твораў характэрны алегорыя, уяўна-фантаст. пачатак, парушэнне прасторава-часавых сувязей, прытчавасць. Аўтар кніг успамінаў, перакладаў рус. і франц. паэтаў, сцэнарыя фільма «Нармандыя—Нёман» (1959, з К.М.Сіманавым і Ш.Спаакам). На бел. мову асобныя творы Т. пераклаў Л.Казыра.
Тв.:
Бел. пер. — Івета // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Незваные гости. Рязань, 1960;
Нейлоновый век. М., 1960;
Анна-Мария. М., 1963;
Душа. М., 1967;
Розы в кредит. Луна-парк. СПб., 1994.
Літ.:
Евнина Е.М. Современный французский роман, 1940—1960. М, 1962;
Исбах А.А. Эльза Триоле // Писатели Франции. М., 1964.
Е.А.Лявонава.
т. 16, с. 12