ТРЫЯЛЕ́Т (франц. triolet ад італьян. trio трое),

цвёрдая вершаваная форма; васьмірадковая страфа, у якой адзін радок паўтараецца тройчы (1-ы, 4-ы, 7-ы). Пачынаецца і заканчваецца тым жа двухрадкоўем. Мае 2 рыфмы (абааабаб ці аббабааб).

Узнік у 15 ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля. У рус. паэзіі з’явіўся ў пач. 19 ст. (М.​Карамзін), потым амаль стагоддзе не ўжываўся, адрадзіўся ў 20 ст. ў паэзіі К.​Фофанава, К.​Бальмонта, В.​Брусава.

У бел. паэзію Т. увёў М.​Багдановіч («Мне доўгае расстанне з Вамі...», «... Дзераўлянае яечка», «... Калісь глядзеў на сонца я»):

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,

Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:

Калісь глядзеў на сонца я.
Мне сонца асляпіла вочы.

Т. сустракаецца ў творах Х.​Чэрні, Д.​Бічэль-Загнетавай, Р.​Барадуліна і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)