ТРЫЯТЛО́Н (ад грэч. tri- у складаных словах — тры + athlon спаборніцтва, барацьба),
комплексныя спартыўныя спаборніцтвы па бесперапынным пераадоленні 3-этапнай дыстанцыі рознымі спосабамі; від спорту. Дыстанцыя доўгага (класічнага) Т. дасягае 225 км (плаванне 4 км, веласіпедная гонка 180 км, марафонскі бег 41,195 42,195 км) і больш, сярэдняга — 153—154 км (3 ці 4 + 120 + 30), кароткага (алімпійскага) Т. — 51,5 км (плаванне 1,5 км у адкрытай вадзе, велагонка або велакрос 40 км і бег 10 км). Часам адна з дысцыплін-этапаў замяняецца на інш. (веславанне на каноэ, горны веласіпед і інш.). У складзе зімовага Т. — бег, веласіпед і лыжная гонка.
Узнік у пач. 1970-х г. у ЗША (г. Сан-Дыега), там жа адбыліся першыя спаборніцтвы (1978). Міжнар. саюз Т. створаны ў 1989 (г. Авіньён, Францыя), аб’ядноўвае 75 краін (2002). У 1989 адбыўся і 1-ы афіц. чэмпіянат свету на алімп. дыстанцыі. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1985. У праграме Алімп. гульняў з 2000. Найб. папулярны ў Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Мексіцы, Н.Зеландыі, Францыі, Японіі.
На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1987 (плаванне 200 м + велагонка 40 км + крос 7,5 км). Федэрацыя Т. створана ў 1994, у Еўрап. саюз Т. прынята ў 1995. Рэсп. чэмпіянаты на алімп. дыстанцыі праводзяцца з 1991. Першыя чэмпіёны Беларусі — А.Зімніцкая (Мінск), А.Саладзянкін (Брэст), 5-разовымі чэмпіёнамі рэспублікі станавіліся Н.Баркун (Мінск) і Дз.Талкачоў (Магілёў), 3-разовым — Я.Зіятдзінаў (Гомель). На чэмпіянатах Еўропы зборныя юнацкія каманды Беларусі займалі 6-я месцы (2000, узрост да 17 гадоў; 2001, узрост да 14 гадоў). Найб. развіты Т. у Мінску, абл. і раённых (Драгічын, Жлобін, Пінск, Рагачоў, Салігорск) цэнтрах.
А.М.Бурлакоў.
т. 16, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)