Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРТЫФІКА́Т (франц. certificat ад лац. sertifico сведчу),

дакумент (пасведчанне) аб якасці прадукцыі, праве яго ўладальніка карыстацца або валодаць чым-н., аб наяўнасці пэўных ведаў, уменняў і інш. Напр., дакумент на гатунковасць і якасць насення, крэдытнай установы, страхавога агенцтва, пасведчанне аб заканчэнні спец. курсаў навучання, мед. даведка аб прышчэпліванні і інш.

т. 14, с. 352

СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),

сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.

На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.

М.​П.​Мацвейка, З.​Я.​Ягорава.

т. 14, с. 352

СЕРУЭ́Л,

позназімовы сорт яблыні. Атрыманы ў БелНДІ пладаводства скрыжаваннем сартоў Серынка і Уэлсі. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання па ўсёй тэрыторыі.

Дрэва сярэднярослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні і паніклымі канцамі галін. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, сярэдняўстойлівы да грыбных хвароб, Зімаўстойлівасць недастатковая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка светла-зялёная з цёмна-чырв. размытымі палосамі з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер., захоўваюцца да сак.—красавіка.

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 353

СЕРХЕ́Д,

пласкагор’е на ПдУ Ірана, у складзе Усх.-Іранскіх гор. Даўж. каля 400 км, шыр. да 200 км. Выш. хрыбтоў 2500—3000 м (найб. 4042, вулкан Тэфтан), далін і ўпадзін каля 1500 м. Горныя пустыні і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў, вышэй за 2000 м — горныя стэпы. Багарнае земляробства на спадзістых схілах. Заказнік Безман.

т. 14, с. 353

СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл. Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйная вытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 14, с. 353

СЕРЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА, серыйнасць,

у музыцы — тэхніка муз, кампазіцыі, якая карыстаецца серыяй — пэўным радам гукаў, паўтарэнне якога ўтварае ўсю тканіну твора або яго часткі. Від С.т. — дадэкафонная тэхніка (гл. Дадэкафонія, Серыяльнасць). Шырока выкарыстоўваецца ў творчасці кампазітараў нававенскай школы (А.​Берг, А.​Веберн, А.​Шонберг), А Шнітке, Дз.​Смольскага.

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 14, с. 353

СЕ́РЫКАЎ (Іван Арцёмавіч) (2.7.1919, в. Наркі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1997),

бел. балетмайстар. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1945 саліст Ансамбля бел. нар. песні і танца Бел. філармоніі, балетмайстар Ансамбля песні і танца Бел. ваен. акругі. З 1961 маст. кіраўнік і балетмайстар Віцебскага нар. ансамбля песні і танца «Маладосць» Палаца культуры ўпраўлення быт. абслугоўвання насельніцтва. Ствараў пастаноўкі ў Дзярж. ансамблі танца Беларусі і Дзярж. акад. нар. хоры Беларусі. Творчаму почырку С. ўласціва шырокае выкарыстанне разнастайных харэагр. малюнкаў, захаванне фалькл. танц. вобразаў у пастаноўках на сучасныя тэмы, выкарыстанне нац. нехарэагр. элементаў (бел. гульні, вясельныя абрады). Сярод пастановак танцы: «Бульба», «Лявоніха», «Полечка-Віцябляначка», «Стрыкач», «Малацілачка», «Мы з Віцебска», «Лебядзіначка», «Дубочак», «Лучыначкі», «У сваты», «Маталіха», «Груздаўская полька», «Дударыкі» і інш.

Г.​М.​Водчыц.

т. 14, с. 353

СЕРЫ́Н,

палярная амінакіслата, OHCH2CH(NH2)COOH. Сінтэзуецца ў жывёльных і расл. арганізмах. Уваходзіць у састаў актыўнага цэнтра многіх ферментаў, фосфаліпідаў і інш.

Белае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе, т-ра плаўлення 223—228 °C. Удзельнічае ва ўтварэнні сувязей паміж вугляводнай і бялковай ч. глікапратэідаў. С. неабходны для сінтэзу амінаспірту сфінгазіну, які ўваходзіць у састаў сфінгаліпідаў (разам з фосфаліпідамі складаюць асн. масу ліпідаў мозга). Можа ўтварацца з гліцыну.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 354

СЕРЫ́Р,

найбуйнейшае нафтавае радовішча ў Лівіі. Уваходзіць у Сахара-Лівійскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1961, распрацоўваецца з 1966. Паклады ніжнемелавога ўзросту на глыб. 2,5—2,7 км. Пач. запасы 2826 млн. т. Шчыльн. нафты 0,84 г/см³.

т. 14, с. 354

СЕ́РЫЯ (ад лац. series рад),

1) шэраг аднародных прадметаў, аб’яднаных якой-н. агульнай прыкметай; таксама паслядоўны рад дзеянняў, падзей, з’яў (напр., С. брашур, С. доследаў).

2) Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па адным узоры.

3) Частка вял. кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса.

4) Катэгорыя, разрад каштоўных папер, дакументаў, якія абазначаны літарамі або лічбамі.

т. 14, с. 354