СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),

сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.

На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.

М.​П.​Мацвейка, З.​Я.​Ягорава.

т. 14, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)